Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: агляд тыдня


Алег Грузьдзіловіч, Менск У якіх умовах перажываюць незвычайную сьпякоту арыштаваныя актывісты “Партнэрства”? Чаму абнавілі абвінавачваньне ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу? Як лідэр сацыял-дамэкратаў Мікалай Статкевіч змагаецца з незаконнай ізаляцыяй яго на “хіміі”? Навіны пра палітычных вязьняў Беларусі перадае наш карэспандэнт.

Вывучэньне ў судзе справы актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” працягнулі да 16 ліпеня. Арыштаваныя ўспрымаюць гэта як дадатковае выпрабаваньне, паколькі апошнім часам у Менску стаіць вельмі сьпякотнае надвор’е. Як яго перажываюць вязьні?

Яўгеніі Астрэйцы дазволілі перадаць у камэру ізалятара КДБ, дзе трымаюць яе сына Мікалая, вэнтылятар. Жанчына мяркуе, што ўжо гэта ёсьць паказчыкам умоваў у ізалятары, пабудаваным яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Днямі яна сустракалася з сынам. Кажа, што Мікалай схуднеў і выгляд мае нездаровы.

(Яўгенія Астрэйка: ) “Бачыць сваё дзіця за кратамі, гэта немагчыма. Пасьля першага спатканьня ў мяне быў такі стрэс! Гэта такое выпрабаваньне! Але будзем спадзявацца, што Мікалай хутка будзе з намі, што ўсе нашы дзеці вернуцца да дому”.

Маці Эніры Браніцкай Віялета Нядзялка 23 чэрвеня атрымала ў судзі дазвол на спатканьне з дачкой, якая знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага. Паводле яе зьвестак, у камэры разам зь яе дачкой сем жанчын, і ўсе яны паляць. З гэтым Эніра спрабуе неяк змагацца і ўжо дамаглася пэўных вынікаў.

(Віялета Нядзялка: ) “Яна фізычную зарадку робіць на вуліцы падчас прагулкі, і нават некаторыя пачалі разам зь ёй рабіць зарадку. А яшчэ яна на 20 хвілін просіць жанчын не паліць, пакуль у камэры робіць свае практыкаваньні”.

Нагадаю, актывістаў “Партнэрства” Мікалая Астрэйку, Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку абвінавацілі ў дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі, што цяпер караецца зьняволеньнем. Між тым, ”Партнэрства” зьбіралася ўсяго толькі наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі.

У мінулы панядзелак прадпрымальніку з Ваўкавыску Мікалаю Аўтуховічу прад’явілі на судзе новае абвінавачваньне. Раней яго абвінавачвалі ў няўплаце падаткаў, і вось дадалі да гэтага службовыя злоўжываньні ды незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. У выніку цяпер Аўтуховічу пагражае ажно 7 гадоў турмы. У назіральнікаў за працэсам зьявілася вэрсія, паводле якой гэта ёсьць помстай прадпрымальніку за ягоную прынцыповасьць. Нагадаю, Мікалай Аўтуховіч двойчы трымаў галадоўку, у тым ліку сухую галадоўку падчас працэсу . Адвакат Галіна Іванова кажа:

(Іванова: ) “ Мы будзем бараніць яго ад усіх абвінавачваньняў. Мы з тым не пагаджаліся, і з новымі таксама. І Мікалай вінаватым сябе не прызнае”.

А якія навіны ў палітвязьняў, што адбываюць пакараньне “хіміяй”? Мікалая Статкевіча гэтак і не адпусьцілі з Баранавічаў на адпачынак, які яму дазволены законам. Палітык кажа, што яму дагэтуль пагражае чарговая ізаляцыя ў камэндатуры на час прыезду ў Баранавічы Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнтаў краінаў СНД. Нагадаю, у Баранавічах праходзяць буйныя манэўры, на якія мусіць прыехаць кіраўнік Беларусі з высокімі гасьцямі. Мікалай Статкевіч паведаміў мясцовым міліцыянтам, што ён зробіць, калі яго зноў ізалююць у камэндатуры.

(Статкевіч: ) “Папярэдзіў, што калі мяне ізалююць, я абвяшчу палітычную галадоўку з наступнай фармулёўкай: “На знак пратэсту супроць імпэрскай палітыкі Крамля, які падаўляе правы грамадзян Беларусі рукамі марыянэтачнага рэжыму”.
XS
SM
MD
LG