Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьныя сумкі


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою ва ўспамінах і аўтарскім правапісе Вінцэся Мудрова.

Кожнага разу, сустракаючы на вуліцы гаманкіх першаклясьнікаў, з прытоенай зайздрасьцю гляжу на іхныя рознакаляровыя заплечнікі. І кожнага разу з прытоеным жахам уяўляю: што б было, калі б я свойчас прыйшоў у школу з такім вось чырвоным ранцам, які за плячамі ву-унь у таго чарнявага вісуса. Аднаклясьнікі мяне б папросту задзяўблі, магчыма, нават да сьмерці. Ды яно й ня дзіва: хлопцу за часамі майго маленства не да твару было цягаць “бабскі” заплечнік.

Я пайшоў у школу “касьмічным” 1961 годам. Якраз тады назіраўся актыўны працэс мадэрнізацыі патрыярхальнай сьвядомасьці і гэта адбілася нават на школьнай форме. Замест сталінскіх фуражак і вайсковага крою формы шкаляры (ня ўсе, а толькі тыя, хто меў заможных бацькоў) упершыню апранулі сінія гарнітурчыкі, стрыжаныя галовы ўкаранавалі блінамі-барэтамі (моду на іх спарадзілі кубінскія “барбудас”), а замест ранцаў сталі насіць партфэлі. Гэта, аднак, ня тычылася хлопцаў-старшаклясьнікаў. Па тадышняй завядзёнцы, яны цягалі на плячы афіцэрскія пляншэты альбо кірзавыя сумкі, якія называлі “брыгадзірскімі”.

Кірзу цягалі доўга, да сярэдзіны шасьцідзясятых, калі на зьмену савецкай нехлямяжу прыйшоў заходні элегант у выглядзе тэчак са скурзаму. Насілі іх таксама элегантным чынам: узяўшы за ражок. Трымаць самлелымі пальцамі напакаваную падручнікамі тэчку было цяжкавата, таму трымалі яшчэ за куртаты канец “маланкі”, на якую яна засьцежвалася. У выніку праз пару месяцаў “маланка” адрывалася. Тэчкі адпаведным чынам упрыгожвалі: ляпілі на іх пераводныя карцінкі з гэдээраўскімі дэвоткамі. Карцінкі прывозілі з братняй краіны жаўнеры, што там служылі. Пераводкі былі дарэшты цнатлівымі: ні табе гарбузяных грудзей, ні ільсьняных сьцёгнаў… проста ўсьмешлівыя бляндынкі ў трыкатажных джэмпэрах.

Я і мае сябры – Валер Шлыкаў ды Анатоль Рыбікаў – апошнія два гады хадзілі ў школу з гаспадарчымі сумкамі. Мы іх таксама адпаведным чынам упрыгожылі. Нарабілі дзірак, напісалі чырвонай фарбай замежнае слова “Beat”. Насілі сумкі на плячы, і гэта было даволі зручна. Да таго ж, калі нас не пускалі з-за даўгіх валасоў на заняткі, мы залазілі ў школу па пажарнай лесьвіцы. З той жа тэчкай лезьці па лесьвіцы не выпадала. Не ў зубах жа яе трымаць!

Тэчкі, дарэчы, неўзабаве выйшлі з моды. У пачатку сямідзясятых іх замянілі так званыя сакваяжы – навачасныя школьныя сумкі.

Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фотаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.
XS
SM
MD
LG