Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: прадмова А.Лукашука


Радыё Свабода У аўторак 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Прадмову да кнігі напісаў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Безразважнасьць і рашучасьць

За тры дні да прэзыдэнцкіх выбараў, у пятніцу 17 сакавіка, мне пазванілі зь Лёндану, зь міжнароднай рэдакцыі тэлекампаніі Сі-Эн-Эн з просьбай — раніцай 20 сакавіка ў жывым этэры пракамэнтаваць вынікі. Назаўтра я адлятаў з Прагі ў Менск, і мяне папрасілі прыслаць тэзісы, што прыкладна буду гаварыць.

У той самы дзень я паслаў кароткі электронны допіс у Лёндан, які пачынаўся так: «Паводле афіцыйных вынікаў, Аляксандар Лукашэнка атрымаў 82% галасоў...» Калегі, верагодна, ацанілі прагноз, і на наступным тыдні я быў у этэры Сі-Эн-Эн з тузін разоў — але мы амаль не гаварылі пра галасаваньне.

Вынікі не былі нечаканасьцю. Абвешчаная лічба не магла быць меншай за папярэднюю. Нечаканасьцю стала Плошча. Плошча, а не прэзыдэнцкія выбары, дамінавала на экранах усясьветных тэлеканалаў, на першых палосах вядучых эўрапейскіх і амэрыканскіх газэтаў, у радыёэтэры й інтэрнэце.

«Тэрыторыя свабоды», «Бітва за Беларусь», «Плошча дэмакратыі», «Тысячы пратэстуюць», «Краіна ў краіне» — дзясяткі падобных загалоўкаў, рэпартажаў, інтэрвію й фота зь Менску сьведчылі пра іншы выбар.

«Апоўначы яны занялі частку Беларусі, каля 50 квадратных ярдаў. Гэта была краіна ў краіне. Яны танчылі на яе халодных камянях. Яны раздавалі гарбату. Яны казалі, што не здадуцца. Калі трэба, казалі яны, мы будзем стаяць гады». Карэспандэнт «Нью-Ёрк Таймз», які перадаў гэтыя радкі ў рэдакцыю ў апошні дзень перад разгромам лягеру, пісаў: «Пакуль рана казаць, гэта безразважнасьць ці рашучасьць». Праўда, потым ён дадаваў: «Пра іх рашучасьць сьведчыць тое, што амаль усе на Плошчы ня толькі даюць сваё імя для публікацыі, але настойваюць, каб яго запісалі, ведаючы, што ўлады пабачаць іх».

Тыя імёны, твары на фотаздымках, галасы з Плошчы, якія бесьперапынна зьяўляліся ў этэры й інтэрнэце «Свабоды», трэба дапоўніць сотнямі затрыманых, арыштаваных людзей, якія апынуліся за кратамі турмаў па ўсёй Беларусі й не змаглі прыехаць у Менск. Адмяняліся аўтобусныя маршруты, не прадавалі квіткі на цягнікі, прыватныя машыны спынялі на выезьдзе на сталічныя трасы.

Улады прыраўнялі мірны пратэст да тэрарызму, настаўнікі палохалі дзяцей і бацькоў, студэнтаў папярэдзілі пра выключэньні, замежнікам адмаўлялі ў візах ці касавалі іх на мяжы. Афіцыйныя мэдыі гэтай вясны некалі будуць вывучаць, як цяпер вывучаюць савецкую прэсу 1930-х гадоў.

Першы намёт на зьледзянелым бруку паўстаў у панядзелак, 20 сакавіка, у 19:30; у чацьвер, 24 сакавіка, у 3:25 аўтазакі з абаронцамі накіраваліся да турмы. Чатыры ночы й тры дні, 80 гадзінаў, амаль 5000 хвілінаў свабоды.

Увесь гэты час разам зь дзясяткамі журналістаў на Плошчы былі карэспандэнты «Свабоды». А таксама — нашыя слухачы, іхны голас гучыць у гэтай кнізе.

Плошча стала галоўнай падзеяй вясны-2006. Пакуль рана казаць пра ўсе вынікі. Але Плошча застанецца вясной для тых, хто быў на ёй — і хто яе бачыў.

Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG