Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – агляд беларускага сеціва 23 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск

Інфармацыйны партал “Тэлеграф” зьмясьціў інфармацыю пра двух падлеткаў, якія стварылі адзіную футбольную мову. Задума маладых амэрыканца і брытанца мусіць дапамагчы футбалістам, напрыклад, Ганы і Ўкраіны выказаць заўвагу ня толькі з дапамогай знакаў. Для прыкладу, слова “кайзэр” – азначае лідэра клюбу, а “гарыпотэр” – гулец. “баджо” – нерэалізаваны пэнальці, а гол, забіты з парушэньнем правілаў, але залічаны арбітрам, хлопцы прапануюць называць словам “марадона”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валянцін Сімірскі выступае за тое, каб інтэрнэт-форумы не падлягалі рэгістрацыі. Такая інфармацыя месьціцца на сайце “Беларуска-Швайцарскага Банку”. Справа ў тым, што парлямантары скончылі распрацоўку зьменаў у закон “Аб друку”, якія найперш датычаць статусу інтэрнэту ў Беларусі. Дэпутат Сімірскі мяркуе, што форумы “ёсьць сродкам камунікацыі маладых людзей. Калі ўлічваць важнасьць дзяржаўнай моладзевай палітыкі, ставіць форумы ў жорсткія рамкі закону немэтазгодна”.

На сайце “Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў” можна прачытаць інтэрвію з Монікай Банькоўскай-Цюліг. Славістка са Швайцарыі дзеліцца сваім поглядамі на беларускую мову “Гэта для мяне “нешта больш асабістае”, што тлумачыцца не аб’ектыўна-філялягічнымі, а суб’ектыўна-эмацыйнымі крытэрыямі. Беларуская для мяне са знаёмых мне моваў і самая мілагучная, і самая мілая. Чуць яе і слухаць – гэта не толькі эстэтычная асалода, але і душэўны камфорт. Ад яе прамянее натуральнасьцю, шчырасьцю, чалавечнасьцю”.

“Ўнутрэні ўраг!” (internal_enemy.at.tut.by) – так назваў свой віртуальны крэатыў ананімны аўтар, які рэпрэзэнтуе сябе выявай маленькага цмока. “Я сам очань прастой чалавек, как ўсе другія прастыя людзі ў нашай прастой рыспубліке”, – у такой стылістыцы напісаныя ўсе тэксты старонкі. У разьдзеле “Маі бісьсмертныя праізьвядзенія” можна знайсьці твор, які пачынаецца словамі: “Скарына павольна броў па Неўскаму, абыходзячы брудныя лужыны ды сумёты…”

Тым, хто любіць Купальле, раю зазірнуць на старонку этна-гурту “Guda”. Тут можна пазнаёміцца з анонсам “Купальскага фэсту”, заплянаванага на 25 чэрвеня ў менскім Палацы мастацтва, а таксама паслухаць старадаўнія сьпевы беларусаў.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі нумар 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG