Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анжэла Дэвіс


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою ва ўспамінах і аўтарскім правапісе Вінцэся Мудрова.

13 кастрычніка 1970 году сьвет абляцела вестка: у ЗША, па абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з тэрарыстычнай арганізацыяй, арыштаваная выкладчыца філязофіі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Анджэла Дэвіс. Анджэле было 26 гадоў. Яна была сябрам камуністычнай партыі і актывісткай мурынскага руху.

У Савецкім Саюзе тою парой набіраў моцы дысыдэнцкі рух. Некаторых актыўных дысыдэнтаў пасадзілі. На Захадзе з гэтай нагоды пачаліся пратэсты, і ў савецкіх кіраўнікоў была пільная патрэба арганізаваць стрэчную кампанію пад слоганам “А ў іх мурынаў б’юць!” Таму арышт выкладчыцы філязофіі прыдаўся як ніколі дарэчы. Фактура для такой кампаніі была ідэальнай: у вязьніцу кінулі камуністку, мурынку, палымянага барацьбіта супраць расавай сэгрэгацыі. Нарэшце, проста прыгажуню, з кучмой кучарава-дрымучых валасоў на галаве.

Анджэлу Дэвіс пасадзілі па “мокрай” справе, і суд павінен быў вызначыць: ці вінаватая яна ў зьдзейсьненым злачынстве. Між тым савецкая прапаганда адразу ж абвясьціла яе ахвярай паліцэйскага рэжыму. Па Беларусі пракацілася хваля мітынгаў пратэсту.

Прайшоў такі мітынг і ў нашай школе. Пэўнага дня нас, вучняў, сшыхтавалі на школьным калідоры і арганізатар пазакляснай працы (з-за доўгай шыі ён атрымаў мянушку Гусак), стаў зычным голасам апавядаць пра злачынствы вашынгтонскай адміністрацыі. У выкрывальніцкім запале ён называў ахвяру расавай сэгрэгацыі ня Дэвіс, а Дэвас. Мяне з той прычыны разьбіраў нястрымны сьмех. Ды яшчэ сябар, які стаяў за сьпінай, тыцкаў пальцамі пад драбы. Калі прамоўца, прыўзьняўшыся на дыбачкі, выгукнуў: “Свабоду Анджэле Дэвас!” – я, ратуючыся ад козыту, зарагатаў, і мяне выгналі зь мітынгу. Некалькі аднаклясьнікаў сышлі за кампанію. Сьледам, падумаўшы, што мітынг скончыўся, пайшлі і астатнія, але іх спыніў Гусакоў вокліч: “Стойце, куды вы?!”

Пасьля акцыі салідарнасьці мяне выклікаў дырэктар школы і задаў пытаньне наўпрост: “Ты што, сапраўды падтрымліваеш амэрыканскіх цемрашалаў і таму сарваў важнае палітычнае мерапрыемства?” Мяне і ў дырэктарскім кабінэце разьбіраў сьмех. А тым часам у савецкай краіне па турмах і лягерах сядзелі сотні такіх анжэлаў, і іхны лёс нікога не цікавіў.

Палымяную змагарку выпусьцілі зь вязьніцы ў лютым 1972 году пад грашовы заклад. А яшчэ праз тры месяцы апраўдалі. На яе адразу ж забыліся, і толькі калі якая кабета рабіла завіўку ў дробныя кудзеркі, і валасы стаўбурыліся на галаве, сяброўкі – хто з зайздрасьцю, а хто з гіроніяй -- прамаўлялі: “Ну, ты сёньня як Анджэла Дэвіс”.
XS
SM
MD
LG