Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Серада


Уладзімер Арлоў, Менск 15.5.1879, в. Задзьвеі (цяпер Баранавіцкі раён) — пасьля 19.11.1943, ?

Чытаючы бібліяграфію ягоных твораў, чалавек не абазнаны прыйдзе да высновы, што Янка Серада — спэцыяліст у даволі вузкай сфэры. Мяркуйце самі: “Як трэба каваць коні”, “Вадапой жывёлы ў хляве і на пашы”, “Першая дапамога захварэўшай жывёле і птушцы...” Між тым, нягледзячы на добрую практыку і навуковыя здабыткі, найпершым клопатам гэтага выпускніка Варшаўскага вэтэрынарнага інстытуту быў лёс яго краіны.

Яшчэ да Першай сусьветнай вайны Серада ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, а вярнуўшыся з фронту, адразу чынна далучыўся да нацыянальна-вызвольнага руху. Бясспрэчным прызнаньнем Янкавых заслугаў у гэтай дзейнасьці і ацэнкаю ягоных чалавечых якасьцяў, сталася абраньне Серады ў сьнежні 1917-га старшынём прэзыдыюму Першага Ўсебеларускага зьезду. Пасьля яго разгону бальшавікамі старшыня з паплечнікамі здолеў сабраць частку дэлегатаў і прызначыць Раду зьезду “найвышэйшаю ўстановаю краю”, даручыўшы ёй “усю паўнату ўлады на Беларусі”. Гэтую Раду, пераўтвораную 18 сакавіка 1918 году ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, таксама ўзначальваў Янка Серада. Праз тыдзень Рада БНР прыняла гістарычную Трэцюю Ўстаўную грамату, якая вяртала Беларусь на палітычную мапу сьвету.

За савецкім часам Серада ня зьехаў з БССР, што не абяцала перакананаму незалежніку сьветлай будучыні. У 1929-м ён мусіў пакінуць сьціплую пасаду дацэнта Беларускай сельгасакадэміі. У наступным годзе ў яго дзьверы пастукалі супрацоўнікі ОГПУ. Першая 5-гадовая высылка па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” была толькі пачаткам яго блуканьняў па пакутах. У 1941-м Янка Серада выслухаў новы прысуд: 10 гадоў зьняволеньня ў канцлягерах. Далейшы яго шлях ахутаны таямніцаю. Пры канцы 1943 году Сераду чамусьці датэрмінова вызваляюць зь лягеру ў Краснаярскім краі, і ён бясьсьледна зьнікае...

Хацелася б верыць, што ў тыя дні жыцьцё першага старшыні Рады БНР не абарвалася. На жаль, больш верагоднай выглядае адваротная вэрсія.
XS
SM
MD
LG