Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкі суд спыніў справу актывіста Антона Ясіновіча


Радыё Свабода Полацкі гарадзкі суд спыніў справу Антона Ясіновіча, якога абвінавачвалі ў хуліганстве. Грамадзкага актывіста затрымалі 21 чэрвеня ў Полацку і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Нагодай для затрыманьня, паводле міліцэйскага рапарту, стаў распаўсюд грамадзянінам Ясіновічам “агітацыйных матэрыялаў супраць дзейнага дзяржаўнага ладу”, а таксама лаянка на адрас работнікаў праваахоўных органаў.

Непасрэдна затрымліваў Ясіновіча старшы лейтэнант, інспэктар ДАІ Алег Жук. А загад на затрыманьне даў супрацоўнік спэцслужбаў, які назваў прыкметы зламысьніка. Алег Жук засьведчыў у судзе, што мусіў гнацца за грамадзянінам Ясіновічам паўкілямэтра, пры гэтым апошні пераскочыў праз двухмэтровы плот, а пры затрыманьні супраціўляўся і нецэнзурна лаяўся. Аднак другі міліцыянт, які затрымліваў спадара Ясіновіча, заявіў, што нічога гэтага ня бачыў.

Высьветлілася таксама, што рапарт аб затрыманьні старшы лейтэнант Алег Жук пісаў пад дыктоўку работніка спэцслужбаў. Агітацыйнымі антыдзяржаўнымі матэрыяламі ў рапарце названыя налепкі са слоганам “За краіну, за народ, за цябе!”, якія таго дня нехта расклеіў у горадзе.

Заслухаўшы бакі, судзьдзя Полацкага гарадзкога суду Натальля Абрамава спыніла справу па абвінавачаньні Антона Ясіновіча ў хуліганстве з-за адсутнасьці складу правапарушэньня. Справу па абвінавачаньні грамадзкага актывіста ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак будзе разглядаць адміністрацыйная камісія. Абаронцам на судзе выступіў сябар БХК, адвакат Павал Левінаў.
XS
SM
MD
LG