Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянаў ЗША аштрафавалі на беларуска-ўкраінскай мяжы


Любоў Лунёва, Менск Беларускі суд аштрафаваў затрыманых памежнікамі двух грамадзянаў ЗША і аднаго Беларусі за парушэньне правілаў перасячэньня мяжы. Беларускую дзяўчыну, якая ня мела пашпарта і хавалася ў іхным купэ, каб зьехаць у суседнюю Ўкраіну, будуць судзіць 26 чэрвеня.

Кіраўнік прэсавай службы камітэту памежных войскаў Васіль Кіптэнка паведаміў “Свабодзе”, што інцыдэнт з грамадзянамі ЗША на беларуска-ўкраінскай мяжы адбыўся ўначы з 22 на 23 чэрвеня. Двое грамадзянаў ЗША, якія раней былі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, разам са сваім знаёмым ехалі ў цягніку Менск — Кіеў, каб з кіеўскага аэрапорту вылецець у ЗША. Дарогай яны ўжывалі алькагольныя напоі. У Гомелі на вакзале кампанія нападпітку набыла яшчэ гарэлкі. Апроч таго, яны запрасілі да сябе ў купэ дзяўчыну. Нягледзячы на тое, што тая ня мела пры сабе пашпарта, мужчыны паабяцалі ёй, што дапамогуць перасячы мяжу. Гаворыць Васіль Кіптэнка:

(Кіптэнка: ) “У Церухе памежнікі іх п’яных затрымалі. Яны намагаліся даць хабар, каб перавезьці гэтую дзяўчыну. Гора гэтай дзяўчыны ў тым, што яна пагадзілася ехаць з гэтымі “хлопчыкамі”, якія, ня ведаю, куды б яе завезьлі… Яны яшчэ й хавалася за коўдрамі на верхняй паліцы купэ”.

Як вынік, за парушэньне правілаў перасячэньня мяжы ў пункце пропуску мужчыны заплацілі штраф 9 базавых велічыняў. Дзяўчыну будуць судзіць 26 чэрвеня. Ёй пагражае значна большы штраф.

(Кіптэнка: ) “Дзяўчыне за спробу парушэньня дзяржаўнай мяжы трэба ў панядзелак прыйсьці ў суд. Па-мойму, ёй будзе нешта ад 0,8 базавай да 300 базавых велічыняў. Гэта ўжо — як судзьдзя”.

Пасьля таго, як грамадзяне ЗША атрымалі даведку аб тым, што заплацілі грошы, іх адпусьцілі, і яны наступным цягніком паехалі ва Ўкраіну. Памежнікі лічаць, што інцыдэнт ня мае палітычнага складніку, а прычынай затрыманьня іншаземцаў сталі іхныя легкадумныя паводзіны ў нецьвярозым стане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG