Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вырашае лёс Беларускага Хэльсынскага камітэту


Радыё Свабода У Вярхоўным Судзе пачалі разглядаць справу аб прыпыненьні дзейнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэту. Міністэрства юстыцыі зноў мае шэраг прэтэнзіяў да праваабаронцаў, якія сваёй віны не прызнаюць.

23 чэрвеня ў Вярхоўным Судзе Беларусі пачаўся працэс супраць Беларускага Хэльсынскага камітэту. Працэс ініцыяваны Міністэрствам юстыцыі, якое палічыла, што вядучая праваабарончая арганізацыя краіны парушыла шэраг патрабаваньняў закону: не сплаціла падаткаў, а таксама ня выправіла шэраг недакладнасьцяў на сваім сайце. За гэта чыноўнікі Мін’юсту просяць суд прыпыніць дзейнасьць БХК да 1 верасьня.

У Беларускім Хэльсынскім камітэце сваёй віны не прызнаюць. На працэсе праваабаронцы патлумачылі, што пытаньне аб тым, ці мусяць яны плаціць падаткі з замежнай дапамогі, яшчэ канчаткова ня вырашыў Вышэйшы гаспадарчы суд. Што да выпраўленьня недакладнасьцяў на сайце арганізацыі, то, паводле выканаўчага дырэктара БХК Алега Гулака, праблема тут больш фінансавая. “Рахунак арганізацыі ўжо болей за год арыштаваны, маёмасьць апісаная, і выправіць зьвесткі, якія разьмешчаныя ў інтэрнэце, мы фізычна не маглі”, — тлумачыў Алег Гулак. Праваабаронца не выключае, што існуе замова зьверху — закрыць арганізацыю праз чарговую судовую справу.

(Гулак: ) “Мы прыходзім да такой высновы, што гэта мэтанакіраваная дзейнасьць, мэта якой, як мінімум — стварыць перашкоды ў нашай дзейнасьці, а максымум — гэта закрыцьцё арганізацыі”.

Нагадаем, праблемы ў БХК пачаліся два гады таму, калі падатковая інспэкцыя вырашыла, што праваабаронцы ня выплацілі падаткаў з замежных грантаў. Разам з штрафнымі санкцыямі запазычанасьць БХК перад бюджэтам, паводле чыноўнікаў, склала каля 80 тысяч даляраў. Гэтыя прэтэнзіі спачатку не пацьвердзіў Вышэйшы гаспадарчы суд, але потым рашэньне перагледзеў прэзыдыюм гэтага ж суду. Цяпер у праваабаронцаў засталася толькі адна магчымасьць — адмяніць рашэньне праз скаргу да старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду. Але гэтая скарга яшчэ не разгледжаная.

Працэс паводле пазову Мін’юсту вядзе судзьдзя Мікалай Бабкоў. Сёньня ў судзе выступілі абодва бакі, а таксама вывучаліся дакумэнты справы.
XS
SM
MD
LG