Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: водгукі В.Акудовіча, С.Калякіна


Радыё Свабода У аўторак 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХ1 стагоддзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006” Са зьместам кнігі, якая існуе пакуль ў электронным выглядзе, пазнаёміліся некаторыя чытачы, удзельнікі падзеяў.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:

“Гэтую кніжку рэальна чакаюць ня проста чытачы, а тыя, хто яе рабіў сваёй прысутнасьцю на плошчы”

“Я шчыра віншую тых, хто рабіў і зрабіў гэтую кніжку. А найперш таго, хто прыдумаў, што гэтую кнігу трэба зрабіць. Магчыма, пакуль што яшчэ ня ўсе ўсьведамляюць каштоўнасьць гэтай працы. Але я вельмі хацеў бы яе пабачыць у друкаваным варыянце. Перакананы, што ў друкаваным варыянце яе хацелі б пабачыць і мець у сябе тыя тысячы і тысячы людзей, якія цягам гэтых дзён прыходзілі на плошчу ці сачылі за ёй, ці там былі іх дзеці, унукі.

Усе гэтыя людзі хацелі б мець гэтую кніжку, каб потым паказваць сваім унукам ці праўнукам, калі падзеі забудуцца – якім прыгожымі яны калісьці былі!

Паказваць з гонарам пра сябе – як тых, хто таксама рабіў гісторыю. Гэтую кніжку рэальна чакаюць ня проста чытачы, а тыя, хто яе рабіў сваёй прысутнасьцю на плошчы. Тыя, хто сядзеў за гэтую кніжку ў турмах, каго выганялі за гэтую кніжку з інстытутаў, з працы. Уяўляеце, які падарунак вы зрабілі ўжо электронным варыянтам, а тым больш зробіце гэтай кніжкай кожнаму зь іх – тым, хто прынёс ахвяру на плошчы СВАБОДЫ”.

Сяргей Калякін, былы кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча, лідэр ПКБ:

“Тыя падзеі далі веру ў тое, што дэмакратычныя зьмены на Беларусі магчымыя”

“Па-першае, гэта вельмі цікавая кніжка, якая патрэбна грамадзтву. Бо ў ёй самі ўдзельнікі й сьведкі тых падзей распавядаюць аб тым, як гэта ўсё было. Бо сёньня ёсьць шмат мітаў, якія распаўсюджваюцца як з боку ўлады, гэтак і з боку апазыцыі і з боку тых, хто не прымаў удзелу ў гэтым.

Па-другое, прайшло 100 дзён, і пакуль што рана казаць аб тым, што значаць падзеі вясны 2006 года ў лёсе Беларусі. Адно магу сказаць, што гэта былі падзеі, якія будуць узьдзейнічаць на далейшы лёс Беларусі, бо яны зьмянілі грамадзкі стан у Беларусі. Яны дазволілі тысячам людзей пераадолець страх і далі веру ў тое, што дэмакратычныя зьмены на Беларусі магчымыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG