Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікі “Беларуськалію” пачалі атрымліваць меншыя заробкі


Севярын Квяткоўскі, Салігорск Заробкі меншаюць, бо работнікаў пераводзяць на дзьве траціны тарыфу — а гэта ў тры разы меней за ранейшыя грошы. Таксама некаторых выпраўляюць у няплянавыя адпачынкі. Цяпер здабыча калійнай руды адбываецца ў трох з чатырох руднікоў, але прадукцыя не выходзіць за межы прадпрыемства — яе ніхто не купляе. Як ставяцца работнікі “Беларуськалію” і іншыя салігорцы да сытуацыі й што думаюць пра будучыню?

Адміністрацыйны будынак аб’яднаньня “Беларуськалій” — самы высокі ў Салігорску. Адсюль відаць ня толькі ўвесь горад, але і ўсе руднікі, якія даюць сродкі для існаваньня Салігорску. У стотысячным горадзе кожны шосты працуе ў сыстэме “Белкалію”, а кожны другі мужчына — шахтар альбо рабочы фабрыкі перапрацоўкі. Першыя адчулі эканамічныя праблемы горадаўтваральнага прадпрыемства мясцовыя бізнэсоўцы:

(Аляксандар: ) “Я прадаю кампутары. Натуральна, наўпрост сытуацыя адбілася. Продажы рэзка зьнізіліся ад канца сакавіка-пачатку красавіка. Прыблізна ў тры-чатыры разы”.

Сьледам пачаліся праблемы ў настаўнікаў і мэдыкаў: ім затрымалі авансы. Самі шахтары ставяцца да сытуацыі вакол “Белкалію” з трывогай. Першы сыгнал — многіх пачалі пераводзіць на тарыф і дзьве траціны тарыфу. У сярэднім шахтар у забоі атрымлівае два мільёны зь лішкам. У гэтую немалую для Беларусі суму ўваходзіць мноства даплатаў: за шкоднасьць, за рызыку, за начныя зьмены і гэтак далей. А ўласны тарыф меншы ў тры разы. Хто працуе на паверхні — зарабляе менш, але таксама добра па беларускіх мерках. Адзін з шахтараў патлумачыў, што праблема ня толькі ў зьмяншэньні заробку, але ў тым, што многія работнікі ўзялі пад заробкі вялікія банкаўскія крэдыты:

(Віктар: ) “Кожны другі ўзяў крэдыт. На кватэры. Многа будавалася — цяпер прыпынілі. Вось праблема маладых сем’яў”.

Шахтары распавядаюць, што многім прапануюць ісьці ў адпачынак па-за графікам.

(Віктар: ) “І другое, у нас размовы сярод рабочых, што гэты год ужо страчаны. Няма кантрактаў, і, хутчэй за ўсё, іх не заключаць. Можа, што з наступнага году… А калі пакуль “Белкалій” неяк выкручваецца, то да канца году ў людзей скончацца плянавыя адпачынкі, і тады, мабыць, прыйдзецца ісьці за свой кошт. Пэрспэктывы нейкія змрочныя”.

Зрэшты, ёсьць работнікі, якія глядзяць у будучыню аптымістычна. Мая суразмоўца працуе ў аддзеле пагрузкі:

(Ірына: ) “Усё наладзіцца. Мяркую, што цягам паўгоду дакладна. Так доўга цягнуцца ня можа. Тым больш, што Міжнародная калійная кампанія, якая зьяўлялася пасярэднікам, гатовая нас прыняць назад. Можа, калі ўлады нічога не дамогуцца празь Беларускую калійную кампанію, вернуцца да ранейшай сытуацыі”.

Амаль усе мае суразмоўцы мяркуюць, што праблемы “Белкалію” выкліканыя рашэньнем выйсьці зь Міжнароднай калійнай кампаніі й стварыць Беларускую калійную кампанію. За пасярэдніцтва МКК брала зь “Белкалію” 100 мільёнаў даляраў. Але партнэры МКК, у тым ліку Кітай ды іншыя азіяцкія краіны, не пайшлі на супрацоўніцтва з БКК. Такой вэрсіі падзеяў прытрымліваецца і рабочы ў забоі, і майстар перапрацоўчай фабрыкі, і пэнсіянэр на лаве ля свайго дому. Аб праблемах “Белкалію” ў Салігорску мае ўласную думку амаль кожны. І ўсе чакаюць крокаў кіраўніцтва.
XS
SM
MD
LG