Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніцы як мэнтальны сымбаль Беларусі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Эфір 22 чэрвеня 2006 году. Удзельнічае этнаархеоляг Людміла Дучыц.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Беларусь багатая ня толькі азёрамі й рэкамі, але й шматлікімі дзівоснымі крыніцамі. Многія зь іх лічацца лекавымі. Гаючыя якасьці крынічнай вады людзі заўважылі яшчэ ў глыбокай старажытнасьці. Крыніцы ўвайшлі ў фальклёр і паэзію. У 1921 годзе ў вершы “Крыніца” Натальля Арсеньнева пісала:

“За ракамі, за гарамі, За хваёвымі барамі Ёсьць празрыстая крыніца. Усе атруты, усе пакуты З сэрца людзкага, бы путы, Зьніме дзіўная вадзіца.”

Дык што ўяўляюць сабой беларускія крыніцы? Як ставяцца беларусы да іх?”

(Людміла Дучыц: ) “Беларусь надзвычай багатая на крыніцы. Менавіта яны даюць пачатак усім прыродным вадаёмам. Кожная крыніца – гэта ня толькі асобная экасыстэма, але й пэўны навакольны духоўны асяродак, які мае сваю гісторыю й свой сакральны сьвет. Каля некаторых крыніцаў існавалі паганскія капішчы. Людзі прыходзілі маліцца сваім багам і прыносілі ахвераваньні – воўну, лён, кветкі. Пасьля прыняцьця хрысьціянства побач ставілі крыжы, узводзілі капліцы з абразамі й скульптурамі сьвятых”.

(Ракіцкі: ) “А ў часы панаваньня бальшавікоў культавыя крыніцы спрабавалі зьнішчаць. Іх засыпалі зямлёй, залівалі саляркай, спальвалі крыжы й капліцы каля іх. Але крыніцы, у адрозьненьне ад храмаў, ня зьнішчыш. Яны ўсё роўна прабіваліся з-пад зямлі”.

(Дучыц: ) “Больш за тое, калі ў вёсках павынішчалі храмы, дык людзі сталі зьбірацца на спрадвечных сакральных мясьцінах, у тым ліку і ля крыніцаў ў лясах і нават на балотах. Там маліліся, хрысьцілі дзяцей, вянчалі маладых. Традыцыя пакланеньня крыніцам дайшла да нашага часу. У апошняе дзесяцігодзьдзе іх сталі больш даглядаць і шанаваць. Сёньня да іх носяць грошы, кветкі, хлеб, на крыжах завязваюць ручнікі. Каля некаторых крыніцаў адрадзіліся фэсты на пэўныя рэлігійныя сьвяты. Так, на Тройцу людзі зьбіраюцца да крыніцы ў Любонічах Кіраўскага раёну, у Брадах Пружанскага раёну, Горне на Лагойшчыне, Заазер’і Акцябрскага раёну. На Ільлю адбываецца фэст у Стайках на Вушаччыне, на Макавей – на Сінім Ключы каля Слаўгараду".

(Ракіцкі: ) “Дадам яшчэ, што і на маёй радзіме, у вёсцы Чарневічы Глыбоцкага раёну, 7 ліпеня, на Сьвятога Яна, адбываецца фэст ля цудадзейнай крыніцы. А ўвогуле – колькі сакралізаваных крыніцаў у Беларусі?”

(Дучыц: ) “Каля тысячы. Усе яны маюць адметныя назвы й свае паданьні, якія дайшлі аж да нашага часу”.

(Ракіцкі: ) “Што гэта за назвы, адкуль яны паходзяць?”

(Дучыц: ) “Розныя назвы. Прыкладам, Царкавішча, Жывая Вада, Студзянец, Зімнік, Белая Крыніца. Паходжаньне гэтых і ім падобных назваў зразумелае. Шэраг крыніцаў мае назвы, зьвязаная з рэлігійным календаром – Ільлянка, Юр’еўская, Пятніцкая”.

(Ракіцкі: ) “А ці сустракаюцца назвы, зьвязаныя з гісторыяй краіны, гістарычнымі асобамі?”

(Дучыц: ) “Так. Прыкладам, адна з крыніцаў на Быхаўшчыне называецца Вітаў Калодзеж. Каля Себежу – Вітаў Ключ. Недалёка ад Наваградку Каралеўскі Ручай зьвязваюць са Стэфанам Баторыем. Кажуць, што крыніцу, якая называецца Каралеўскі Калодзеж, нібыта капаў таксама Стэфан Баторы. А недалёка ад Пінску адну крыніцу называюць Крыніцай каралевы Боны”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі, што крыніцы авеяныя паданьнямі. Што гэта за паданьні, калі яны ўзьніклі?”

(Дучыц: ) “У асноўным, паданьні вельмі архаічныя. Можна вылучыць найбольш пашыраныя сюжэты. Прыкладам, на гэтым месцы правалілася царква і ўтварылася крыніца. Або – сьляпыя старац ці князь прамылі вочы вадой з крыніцы і сталі відушчымі. Часам ля крыніцы на дрэве, камені ці нават на самой вадзе зьявіўся абраз Божай Маці ці якога-небудзь сьвятога, і на гэтым месцы людзі пабудавалі капліцу. Напрыклад, у летапісе Пустынскага манастыру каля Амсьціслава згадваецца, што калісьці князь Лугвеній-Сымон асьлеп. Ён маліўся, і перад ім аб’явіўся старац, які сказаў, што князю трэба ісьці ў пустынь і памыцца вадой з крыніцы. Знайшоўся вельмі стары чалавек і правёў сьляпца да крыніцы. Князь прамыў вочы, і сьлепата зьнікла. Адбыўся і яшчэ адзін цуд: сярод галінак ліпы над крыніцай зьявіўся абраз Багародзіцы. А ў вёсцы Горне на Лагойшчыне пра ўзьнікненьне крыніцы кажуць так. Неяк ішла Сьвятая Панна. Пакінула сьлядок, і зь яго забіла фантанам вада. Потым ішоў сьляпы старац. Ступіў у сьлядок і зрабіўся відушчым. З таго часу і ходзяць людзі пакланяцца крыніцы”.

(Ракіцкі: ) “ Паслухаем і легенду пра крыніцу Сіні Ключ на Слаўгарадчыне:

“Калісьці ў гэтай мясцовасьці жыў князь, і была ў яго дачка. Яна пакахала вясковага хлопца. Князь даведаўся пра гэта, загадаў прывесьці да яго хлопца і сказаў яму, што той больш ня ўбачыць дзяўчыну. Пасьля гэтага хлопца ўжо ніхто не сустракаў. Дзяўчына ўвесь час плакала. Аднойчы пайшла з дому і не вярнулася. Празь нейкі час людзі знайшлі недалёка крыніцу. Вада была гаючай”.

Усе гэтыя паданьні пра зьяўленьне крыніцаў. А ці ёсьць легенды пра іх зьнікненьне? Я вось чуў такі расповед, што крыніца зьнікла, бо яе ведзьма накрыла вялікім каменем”.

(Дучыц: ) “Сапраўды, у прыродзе здараецца і так, што крынічкі перасыхаюць, а значыць, зьнікаюць. У той жа час недзе прабіваюцца новыя. Што тычыцца зьнікненьня крыніцаў, дык такога кшталту паданьні акурат і паказваюць на існаваньне сакральных крыніцаў яшчэ ў глыбокай старажытнасьці. У Верхаўлянах Бераставіцкага раёну нібыта ў крыніцы ўтапіўся сын ведзьмы. За гэта яна заткнула крыніцу мяшком з воўнай. У Покрашаве на Случчыне, кажуць людзі, ведзьма заваліла крыніцу каменем, бо там утапілася ейная дачка”.

(Ракіцкі: ) “Вельмі часта беларусы расказваюць, што калі нейкі чалавек спрабаваў зьнішчыць крыніцу, дык яго чакала хуткая сьмерць або вялікае няшчасьце. Зьнішчыць крыніцу – значыць, быць пакараным?”

(Дучыц: ) “Увогуле, паводле народных вераваньняў, так. Вось жа ў вёсцы Карытнае Асіповіцкага раёну людзі кажуць, што ў трактарыста, які некалі на загад камуністаў спрабаваў засыпаць крыніцу на балоце, хутка памерла жонка, а затым адзін за адным і сямёра ягоных дзяцей”.

(Ракіцкі: ) “З крыніцамі, напэўна, зьвязаныя і павер’і, ня толькі паданьні?”

(Дучыц: ) “Самае пашыранае зь іх – пра тое, што крынічная вада найбольшай лекавай сілай валодае ў свой дзень. На адных крыніцах гэта – Вялікдзень. На іншых – Тройца і гэтак далей. Пра асобныя крыніцы захаваліся вельмі архаічныя павер’і. Да прыкладу, у Арэшкавічах Пухавіцкага раёну найбольшыя лекавыя якасьці крынічная вада мела да ўзыходу сонца. А каля Чавусаў на Магілёўшчыне лекавыя якасьці вада мела толькі тады, калі яе чэрпалі коўшыкам, і толькі адзін раз. Несьці ваду трэба было не аглядваючыся назад, нягледзячы нават на крыкі”.

(Ракіцкі: ) “Вы ўжо казалі, што каля крыніцаў адбываюцца набажэнствы і фэсты. Ёсьць у гэтых абрадах нейкая тыпалёгія?”

(Дучыц: ) “Ёсьць. Прыкладам, захаваліся апісаньні пакланеньня Палыкавіцкай крыніцы каля Магілёву на пачатку 20-га стагодзьдзя. Цяпер тут адноўленыя царква і капліца. У дзесятую і адзінаццатую пятніцы пасьля Вялікадня там зьбіраліся каля 10 тысячаў пілігрымаў. Вадзе ахвяравалі манэты, завушніцы, пярсьцёнкі, пацеркі. Ладзіўся вялікі кірмаш. Людзі куплялі воты – васковыя фігуркі авечак, кароў, коней, частак чалавечага цела – і таксама ахвяравалі крыніцы. У Менску ж яшчэ на пачатку 20-га стагодзьдзя ў Губэрнатарскім садзе каля Ўсьціньнінай Гары была крыніца, і да яе вернікі прыходзілі хрэсным ходам у жніўні, на Макавей. У Дарасіне Любаньскага раёну на Макавей тры разы па сонцу абыходзяць крыніцу. У вёсцы Каптаруны Пастаўскага і ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёну ў засуху ходзяць да крыніцаў і камянёў прасіць дажджу. Нядаўна на Случчыне каля крыніцы сярод хмызьняку і балота ад мясцовых жыхароў удалося пачуць такую малітву:

“Крыніца, ты – Тацяна, Вада твая – Ульляна, Памажы мне з усіх чатырох старон… Дапамажы мне на доўгія лета, І дапамажы ўсёй нашай Беларусі.”

На Падняпроўі на зрубе адной зь лясных крыніцаў ёсьць надпіс: “Жыве Беларусь!”

(Ракіцкі: ) “Значыць, людзі вераць у будучыню, у моц крыніцаў, сваёй зямлі, сваёй гісторыі. Але… У часе вандроўкі па Мёршчыне мясцовыя людзі мяне павезьлі да адной з такіх крыніцаў. Яна была пад дашкам, на зрубе напісана, што як помнік прыроды ахоўваецца дзяржавай. Але, калі мы адчынілі дзьверцы, дык ўбачылі там шмат жабаў… Як вы, адмысловец, бачыце будучыню беларускіх крыніцаў?”

(Дучыц: ) “Цяпер можна пабачыць, як па ўсёй Беларусі адраджаюцца крыніцы. І адраджаюць іх людзі. Крыніца – адзін са спрадвечных мэнтальных, народных сымбаляў Беларусі. Людзі вераць у крыніцу, надзяляюць яе цудадзейнай сілай. Таму і невыпадковы надпіс на лясной крыніцы: “Жыве Беларусь!”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG