Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: водгукі К.Шацікавай і С.Харэўскага


Радыё Свабода 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Са зьместам кнігі, якая існуе пакуль ў электронным выглядзе, папярэдне пазнаёміліся некаторыя чытачы, удзельнікі падзеяў.

Крысьціна Шацікава, удзельніца намётавага лягеру: “Кніга выклікала ў мяне настальгію па тых пачуцьцях, якія віравалі тады на Кастрычніцкай плошчы.

Што да значэньня Плошчы, яе ўплыву на тое, што адбываецца цяпер, на наша жыцьцё ў цэлым, то я й тады мела і цяпер маю думку, што гэта быў той крок, які мог прывесьці нашую краіну да нейкіх пераменаў. Да гэтага такіх шанцаў не было.

Што да ўрокаў тых падзей, то іх вельмі шмат. Было канешне шмат памылак, але не за кошт таго, што там штосьці не так было арганізавана, а таму што гэта ўвогуле была самаарганізацыя і людзі на месцы вучыліся. І цяпер нейкія маленькія і можа не маленькія памылкі мы аналізуем для сябе, для нашых сяброўскіх кампаній. Гэта дае нам шанец у далейшым быць разам і зрабіць усё, каб зьмяніць існуючы лад у нашай краіне”.

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца: “Я сам быў непасрэдным удзельнікам тых падзеяў. Я сам гатаваў і насіў ежу для тых, хто там заставаўся нанач, для тых, хто змагаўся за наш гонар, ратуючы ў вачах і Беларусі, і ўсяго сьвету гонар нашай нацыі пасьля ўсяго, што адбылося. Чалавечая памяць мае ўласьцівасьць вельмі хутка забываць кепскае, зрэшты, і добрае таксама. І ўжо сёньня гэтая гісторыя абрастае чуткамі, плёткамі, скажаецца сэнс таго, што насамрэч было: скажаецца тая атмасфэра, тое пачуцьцё салідарнасьці, якое тады існавала на плошчы.

Я там бачыў самых розных людзей. Некаторыя туды прыходзілі проста дзеля цікавасьці, некаторыя – каб выканаць свае духоўныя абавязкі. Я быў зьдзіўлены, калі пабачыў там ксяндзоў з катэдральнага касьцёла. Памяць пра гэтыя падзеі мусіць быць зафіксаваная як мага хутчэй і менавіта ў шматгалосьсі плошчы, у тым фармаце, які прапануюць журналісты Радыё Свабода, – у выглядзе жывых рэпартажаў наўпрост з гушчару драматычных падзеяў.

Са свайго досьведу, калі я рыхтаваў кніжку пра “Менскую вясну-96”, ведаю, наколькі гэтая цяжкая праца, бо у той момант, калі падзеі адбываюцца, ніхто не бярэ да галавы, наколькі яны важныя ў гістарычным сэнсе. А вось жа калегі з Радыё Свабода адчулі важнасьць гэтага моманту і адказнасьць перад нашчадкамі”.

Гл.таксама: Сто дзён пасьля плошчы: анонс
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG