Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь выстаўляе пасты на мяжы з Расеяй?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 16 чэрвеня). Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “У беларуска-расейскіх дачыненьнях зьявілася новая праблема. Паводле новых патрабаваньняў, грузы з падакцызнымі таварамі павінны правозіцца транзытам праз тэрыторыю Беларусі пад аховаю. Дзеля рэалізацыі гэтага патрабаваньня на мяжы з Расеяй зьявіліся пасты з прадстаўнікоў мытні й дэпартамэнту аховы Міністэрства ўнутраных справаў. За гэтую паслугу замежныя грузаперавозчыкі павінны плаціць 1 даляр за кілямэтар. Транзыт ад расейскай да літоўскай мяжы будзе каштаваць расейскім перавозчыкам каля 500 даляраў. Зразумела, гэта іх зусім ня ўзрадавала.

Транзыт праз тэрыторыю Беларусі й раней быў праблемным. Беларуская мытня сканфіскоўвала шмат грузаў, што выклікала пратэсты з боку афіцыйных асобаў, напрыклад амбасадараў замежных краінаў, у тым ліку Расеі. І вось — новая праблема. Ці зьвязанае гэтае рашэньне беларускіх уладаў зь цяперашнім агульным напружаньнем у беларуска-расейскіх дачыненьнях? Ці можна лічыць гэта адказам Менску на газавы шантаж Масквы?”

(Валер Дашкевіч: ) “Гэтая практыка суправаджэньня грузавых калёнаў з падакцызнымі таварамі пад аховай міліцыі за плату існуе ня першы год. Яна пачалася тры-чатыры гады таму, калі ўзьнік скандал зь літоўскімі перавозчыкамі, якія, нібыта, ехалі транзытам, але раптам тавар зьнікаў на тэрыторыі Беларусі. Што тычыцца апошніх падзеяў з расейскімі грузаперавозчыкамі, то тут існуюць два бакі. Найперш, гэта эканамічны бок. У законе аб бюджэце ў даходнай частцы ёсьць тры пазыцыі. Даход ад рэалізацыі тавараў і транспартных сродкаў, сканфіскаваных мытняй, павінен скласьці 62 мільярды рублёў. Эканамічныя санкцыі, якія ўводзіць мытня, павінны даць бюджэту яшчэ 7,5 мільярда рублёў, і штрафныя санкцыі — яшчэ 2,6 мільярда рублёў. Агульная сума — прыкладна 72 мільярды рублёў.

Ужо сярэдзіна году — магчыма, ёсьць праблемы з выкананьнем гэтых плянавых паказчыкаў. Таму, верагодна, мытня справакавала расейскіх перавозчыкаў гарэлкі ў Калінінградзкую вобласьць. Было затрымана шэсьць фураў. Гэта мела вялікі рэзананс. Цяпер палітычны бок. Гэтыя падзеі могуць мець невялікае дачыненьне да таго напружаньня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, зьвязанага з газавымі перамовамі. Беларусь заўсёды адказвала на расейскі ціск дробнымі ўкусамі”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Натуральна, ніхто з афіцыйных асобаў у Менску ня скажа, што гэта, так бы мовіць, наш адказ Чэмбэрлену, то бок, асымэтрычны адказ на расейскі газавы шантаж. Але расейскія мэдыі камэнтуюць справу менавіта так. Увогуле не сакрэт, што ўвесь комплекс двухбаковых стасункаў цяпер перажывае вялікі крызіс. Таму не выпадае разглядаць гэты крок Беларусі па-за кантэкстам двухбаковых дачыненьняў.

Тым больш, што Менск раптам згадаў, так бы мовіць, леташні сьнег. З камэнтароў дэпартамэнту аховы вынікае, што ёсьць нейкія адпаведныя нарматыўныя дакумэнты, якія былі прынятыя яшчэ дзесяць гадоў таму. І атрымліваецца, што дзесяць гадоў гэтыя фуры шнуравалі, ніхто на іх не зьвяртаў увагі, а цяпер раптам спахапіліся. Таму і ўзьнікае пытаньне, ці выпадкова гэта ўсё супала? І яшчэ цікавы момант. Гэтыя калінінградзкія фуры, з-за якіх усчалася калатнеча, урэшце адпусьцілі, бо пра гэта папрасіў калінінградзкі губэрнатар Боос. То бок, у дзеяньнях беларускіх уладаў галоўным было не садраць грошы, а паслаць сыгнал Маскве.

У зьвязку з гэтым варта згадаць, што заўжды падчас абвастрэньня двухбаковых стасункаў Менск выстаўляў сустрэчны рахунак. І транзыт заўжды фігураваў як галоўны козыр. Можна лічыць гэта дробным укусам, але скарпіён таксама маленькі, але джаліць вельмі моцна. Магчыма, Беларусь паказвае, што яна транзытная краіна, і ў нас ёсьць свае контраргумэнты. Таму, маўляў, глядзіце, будзьце асьцярожныя і абачлівыя ў сваім газавым наступе”.

(Карбалевіч: ) “Ці зьяўляюцца гэтыя новыя патрабаваньні беларускіх уладаў парушэньнем умоваў мытнага саюзу паміж дзьвюма дзяржавамі?”

(Дашкевіч: ) “Любая дзяржава мае права вызначаць умовы праезду транзытнага транспарту праз сваю тэрыторыю. Але я хачу нагадаць, што два-тры гады таму беларуская мытня лютавала, сканфіскоўвала шмат тавараў, якія правозіліся празь Беларусь. Кошт сканфіскаваных грузаў лічылі на мільёны даляраў. На гэтую сытуацыю рэагавалі расейскі амбасадар і прадстаўнік расейскага ўраду. Транзытныя грузаперавозчыкі, у тым ліку расейскія, пачалі аб’яжджаць Беларусь праз Украіну, краіны Балтыі. І беларускі бюджэт нёс вялікія страты. Урэшце беларуская мытня была вымушаная зьменшыць аб’ём канфіскацыяў.

І вось цяпер зноў паўсталі праблемы. У межах мытнага саюзу гэтыя дзеяньні беларускага боку выглядаюць непрыгожа. Праблему магчымых зьнікненьняў транзытных грузаў на тэрыторыі Беларусі можна лёгка вырашыць такім чынам: трэба рэгістраваць уезд машыны на адной мяжы і на другой мяжы адзначыць яе выезд. А суправаджэньне грузаў за плату — гэта навязаная паслуга, якая дорага каштуе расейскім перавозчыкам. Гэта сытуацыя наводзіць на думку, што Менск пераводзіць эканамічныя праблемы ў палітычную сфэру”.

(Класкоўскі: ) “Я б паставіў пытаньне так: а ці быў паўнавартасны мытны зьвяз? Ва ўсялякім разе, ён быў шмат у чым дэклярацыйным, палітызаваным, і ў яго дзейнасьці было зашмат выключэньняў. Бакі колькі гадоў ня могуць узгадніць стаўкі мытаў для тавараў з трэціх краінаў. Акрамя таго, беларускі бок шмат разоў ужываў нетарыфныя абмежаваньні на расейскія тавары. А Расея адплачвала той самай манэтай. Прэса пісала пра піўныя, цукровыя войны.

Ёсьць міжурадавае пагадненьне аб утварэньні адзінай сыстэмы тарыфнага рэгуляваньня ў саюзнай дзяржаве. Яно прадугледжвае адэкватнае падвышэньне мытаў на нафтапрадукты. Але яно ніколі не выконвалася. І беларускія мыты заўжды былі ніжэйшыя. Пару месяцаў таму Масква паставіла пытаньне, каб Беларусь дзялілася мытамі ад экспарту нафтапрадуктаў. Таксама гэта было закладзена ў мытным пагадненьні ад 1995 году, але да гэтай пары ніхто, так бы мовіць, ня чухаўся. І вось раптам спахапіліся. І зноў жа, ці выпадкова гэта супала з пачаткам газавага наступу? Ва ўсялякім разе, камэнтатары адразу сказалі, што Масква стрэліла дуплетам.

Такім чынам, мы бачым, што мытнае пагадненьне выкарыстоўваецца пэрыядычна дзеля ўзаемнага шантажу. Таму казаць пра паўнавартасны мытны зьвяз, мусіць, ня выпадае”.

(Карбалевіч: ) “Якія магчымыя наступствы гэтага рашэньня беларускіх уладаў? Ці зможа Менск чарговы раз нагадаць Маскве, чым пагражае разбурэньне цесных саюзьніцкіх дачыненьняў і астудзіць яе запал у газавым пытаньні? Ці наадварот, гэта выкліча раздражненьне ў Крамлі і ўзмоцніць ціск на Беларусь?”

(Дашкевіч: ) “Мытныя праблемы, якія ўзьнікаюць у Расеі зь Беларусьсю, для Масквы, па вялікім рахунку, ня вельмі важныя. Ня думаю, што Расея будзе неяк бурліва рэагаваць на гэтыя дробныя ўкусы. Рэч у тым, што любы мытны саюз патрабуе высокай культуры дачыненьняў, законапаслухмянасьці эканамічных суб’ектаў. Што ж тычыцца расейскага бізнэсу і ў пэўным сэнсе беларускіх суб’ектаў, то яны вельмі схільныя да розных парушэньняў. Таму абедзьвюм дзяржавам у межах мытнага саюзу даводзіцца выкарыстоўваць мэханізмы жорсткага кантролю. А гэта падрывае сам мытны саюз.

Таму беларуска-расейскі мытны саюз ніколі ня быў паўнавартасным — такім, напрыклад, як НАФТА, мытны саюз ЗША, Канады і Мэксыкі. Увогуле, стварэньне мытных саюзаў — гэта даволі распаўсюджаная ўсясьветная практыка. І ў іх таксама існуюць праблемы, але нашы праблемы спэцыфічныя. Абодва бакі не гатовыя да сапраўднага мытнага саюзу. Адсюль і ўсе праблемы”.

(Класкоўскі: ) “Найперш, варта адзначыць, што ўжо ёсьць першы лякальны вынік. Калінінградзкія ўлады рэкамэндавалі сваім перавозьнікам, каб яны абміналі Беларусь, пакуль гэтая сытуацыя не адрэгулюецца. Увогуле можна сказаць, што ідзе пазыцыйная псыхалягічная вайна. Яе вынікі цяжка прадказаць. Гэтыя падзеі важна разглядаць у зьвязку з газавым пытаньнем. Залежна ад таго, як вырашыцца яно, і будзе залежаць, як далёка пойдзе Беларусь у справе ўсталяваньня паўнавартаснай мытнай мяжы, ужываньня нейкіх іншых захадаў. Калі Менск здолее ўрэшце прад’явіць нейкую крытычную масу контраргумэнтаў (транзыт, вайсковыя базы і іншае), то, магчыма, гэта змусіць Маскву да пэўнага кампрамісу. Можа, праз такое пакутлівае высьвятленьне стасункаў бакі выйдуць на нармалёвыя прагматычныя міждзяржаўныя эканамічныя стасункі. Дай Бог, каб так яно і было”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, толькі празь нейкі час стане зразумела, ці сапраўды ў беларуска-расейскіх дачыненьнях зьявіўся новы канфліктны вузел, зьвязаны з новымі патрабаваньнямі беларускіх уладаў да транзыту праз тэрыторыю Беларусі грузаў з падакцызнымі таварамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG