Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я Лукашэнку не адхіляю, але ён бы сказаў, што будзе ўсё жыцьцё ўладарыць, ня трэба новых кандыдатаў. На што рэпрэсіі ўстройваць? Сказаў бы праўду. А так, навошта нам гэтыя выбары?"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу, 23 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “У сваёй прамове на 18-м зьезьдзе партыі ў 1939 годзе Сталін даў зразумець Гітлеру, што іх інтарэсы магчымай будучай вайны ідэнтычныя. 4 траўня 1939 году старшыня Саўнаркому Молатаў зандзіраваў глебу для заключэньня пакту зь Германіяй. Молатаў выступаў актыўным прыхільнікам пакту зь Гітлерам. Папярэднік яго, Літвінаў, як вядома, быў англафілам. Доктар Шнурэ, бліжэйшы супрацоўнік Рыбэнтропа, 27 ліпеня 39-га году зрабіў заяву аб ідэнтычнасьці ідэалёгіі бальшавізму, фашызму і нацыянал-сацыялізму. Ідэалягічная аргумэнтацыя доктара Шнурэ была надзвычайная. Нацыянал-сацыялізм германскі, фашызм італьянскі і бальшавізм савецкі стварылі аднатыпныя дзяржавы з таталітарнай сыстэмай і тэрарыстычнай практыкай кіраваньня, як альтэрнатыву заходняй лібэральнай дэмакратыі. Пры падпісаньні дамовы ў 1939-м годзе, падпісвалі іх Молатаў і Рыбэнтроп, быў арганізаваны фуршэт, прысутнічалі ўсе члены палітбюро і Сталін сказаў: “Я ведаю, як моцна германскі народ любіць свайго павадыра, таму мне хочацца выпіць за яго здароўе”. Таму я заклікаю беларусаў, сяброў, будзьце пільнымі!”

(Спадар: ) “Я тэлефаную з прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Мэгавэ”, г. Віцебск. Калі Лукашэнка хоча атрымліваць газ па ўнутрана расейскіх коштах, трэба неадкладна ўваходзіць у склад Расеі. Яму даўно ўжо прапаноўваў Пуцін, але чамусьці ён гэтым грэбуе. Вось і пажынае плады сваёй упартасьці”.

(Спадар: ) “Валянціну Яфімавічу Тарасу. Прачытаў Вашу кнігу “Успаміны на высьпе”. Вельмі цікава. Скажыце, калі Вы пішыце цяпер пра падзеі такой даўніны, Вы ўзгадваеце больш фактаў ці Вы ўспамінаеце і думаеце пра тыя факты, на якія раней не зьвярталі ўвагі, а цяпер ацэньваеце іх інакш? Што для Вас пісаньне ўпамінаў пра тое, што было 50 год таму? Што больш важнае сёньня?”

(Спадарыня:) “Шаноўны спадар Тарас! Я чытаю ўсю Вашу публіцыстыку і падзяляю Вашыя погляды і трывогу за Беларусь. Але цяпер у мяне да вас два, магчыма, крыху дзіўныя пытаньні. Ці хацелі б Вы прайсьці на якім-небудзь вайсковым парадзе побач з Лукашэнкам? І ці павіншавалі Вас з вашым сямідзесяціпяцігодзьдзем афіцыйныя прадстаўнікі гарвыканкаму, міністэрства культуры ці, магчыма, зьвязу кінэматаграфістаў?”

(Віктар, Пастаўскі р-н: ) “Пытаньне Тарасу. Партызанаў мы абувалі, адзявалі, кармілі, а ў 1943-м годзе ўвосень нямецкія салдаты нашу вёску спалілі. І мы зь вясны 1944-га году да 1948 году жылі ў зямлянках. Мы елі траву, бо не было чаго есьці. А партызаны ў 1944-м годзе, калі прыйшла Чырвоная армія, выйшлі зь лесу, атрымалі карткі, елі амэрыканскую тушонку, і сёньня яны атрымоўваюць пэнсію і павага ад улады да іх. А пра нас ніхто нічога і ня ведае. Чаму такі лёс у нас? За што нам такая доля?”

(Спадар: ) “Хачу ведаць меркаваньне наёмных рабочых аб шабашніках. Што вы скажаце наконт гэтага?”

(Павал, Менск: ) “Хачу прапанаваць тэму для перадачы “Беларуская Атлянтыда”. Вось сёньня была перадача пра сакралізацыю крыніцаў. А я хачу прапанаваць тэму “Сакралізацыя пчолаў беларусамі”. Днямі вясковы пэнсіянэр, пачуўшы ад мяне, што пчолы здохлі, сказаў мне, што пчолы не здыхаюць, пчолы паміраюць. Можа быць, пчолаў вы ўжо дасьледавалі, але мне пра гэта невядома”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Мы рады, што вы кажаце праўду пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Мы спадзяемся, што з вашай дапамогай і з вашымі найлепшымі пажаданьнямі людзі апамятаюцца, падумаюць, як далей жыць у нашай краіне. Жадаем Беларусі, нашай роднай краіне, найлепшага квітненьня! Я за Беларусь, за добрага гаспадара ў нашай дзяржаве замест Лукашэнкі. Я Лукашэнку не адхіляю, але ён бы сказаў, што будзе ўсё жыцьцё ўладарыць, ня трэба новых кандыдатаў. На што рэпрэсіі ўстройваць? На што іншых людзей у турмы саджаць? Сказаў бы праўду. А так, навошта нам гэтыя выбары?”

(Спадар: ) “Ёсьць жанчына адна, якая пацярпела і ад немцаў, і нашыя нічога не выплачваюць. Ёй 92 гады, яна ледзь рухаецца, бацькоў немцы расстралялі, а пэнсія малая. Немцы багатыя цяпер, можа быць, калі б я напісаў вам ліст, немцы дапамаглі б ёй, таму што ёй не хапае пэнсіі на лекі. А чаму вы даеце толькі 2 хвіліны, ня ведаю, час усё роўна я аплачваю”.

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы лукашысты! Вы больш чым за тры месяцы вырашалі судзіць былога кандыдата ў прэзыдэнты РБ Аляксандра Казуліна. Што вам можна ў дадзенай сытуацыі параіць, каб ня браць на сябе вялікі грэх перад народам Беларусі? Па-першае, цалкам апраўдаць. Па-другое, папрасіць прабачэньня за зьдзекі спэцпадразьдзяленьня зь яго і сотні іншых хлопцаў і дзяўчатаў. Я разумею, што назаўтра вас здымуць з працы, затое перад сваім дзецьмі і ўнукамі вы будзеце сапраўднымі героямі, вас будуць вельмі доўга ўзгадваць у народзе. Гэта вялікі гонар. Памерці вам і вашым дзецям апазыцыя ня дасьць. Падумайце яшчэ раз, пакуль ня позна”.

(Спадар: ) “Пастаянна на лецішчы слухаю вашу перадачу. Ведаеце, настолькі непрыемна, у вас усё адно і тое ж: і дрэнна, і дрэнна. Ну, ня ўсё ж так дрэнна. 20-га Лябедзьку слухаў. Вы ж спытайце тых хлопцаў, якія прыяжджалі зь ім пад час перадвыбарнай кампаніі, як зь ім размаўляў народ. Яго ж проста ненавідзяць. Ён такі гад, гэта ж прастытутка вышэйшай маркі. Далей, выступае прадпрымальніца, нейкая Ірына. У Ашмянах я ведаю шмат каго з прадпрымальнікаў – накрутка сто адсоткаў. Зараз прадаюць клубніцу: менскія бяруць па 4.500, а ў Ашмянах прадаюць па 8.500. Не такія яны пакрыўджаныя, хай яна ня дурыць галаву. Пра Васіля Быкава вы пастаянна, тры гады, як памёр чалавек, грамадзянін Беларусі, але ж ня трэба ўзьнімаць яго ў рамкі, амаль што як Папу Рымскага Яна Паўла ІІ. Ну, памёр грамадзянін, таленавіты пісьменьнік, я чытаў яго творы, але ўжо так узьнімаць яго, для мяне не зразумела.

Шмат хто на лецішчах, слухаючы вашыя перадачы, абураецца. Трэба нешта мяняць. Ёсьць нешта і добрае ў Беларусі, трэба і пра добрае расказваць, які ўраджай будзе, што будзе, як будзе. Хоць раз памяняйце пласьцінку, а то слухаючы, шмат хто абураецца настолькі, што ня хочуць вас слухаць нават”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG