Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы стварае фонд дапамогі дэмакратыі ў былым СССР


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі пачаў стварэньне фундацыі дапамогі дэмакратычным зьменам у краінах былога СССР. Фундацыя ня будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але дапамога Беларусі – гэта адзін з прыярытэтных накірункаў у будучай дзейнасьці гэтай арганізацыі.

Праект закону аб стварэньні фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва ўжо перададзены ў Сэйм – Лех Качыньскі спадзяецца, што гэтая арганізацыя пачне працу ўжо ў студзені 2007 году. Плянуецца, што на выкананьне статутных мэтаў у наступным годзе фундацыя атрымае 20 мільёнаў злотых, гэта каля 6,5 мільёнаў даляраў – толькі зь дзяржаўнага бюджэту, а паводле статуту магчымыя таксама і ахвяраваньні ад прыватных асобаў.

Новая фундацыя перадусім будзе займацца перадачай досьведу польскіх пераменаў краінам былога Савецкага Саюзу – у першую чаргу Ўкраіне і Беларусі – і ўзмацняць імідж Польшчы як пасярэдніка паміж Усходам і Захадам.

Будуць ладзіцца шматлікія стажыроўкі для грузінаў, украінцаў, беларусаў, каб яны маглі пабачыць, як функцыянуе дэмакратыя ў Польшчы, як працуе дзяржаўны апарат і як дзейнічае сыстэма кантролю за ўладай.

Эльжбэта Якубяк, кіраўнічка кабінэту прэзыдэнта Польшчы, заявіла журналістам, што пры гэтым фундацыя ня будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але паспрабуе “як мага большай колькасьці беларусаў – і апазыцыянэраў, і не зьвязаных з апазыцыяй – паказаць, як функцыянуе нармальная дэмакратычная дзяржава”. Стварэньне фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва – гэта першы настолькі буйны праект польскай дзяржавы накіраваны на дапамогу дэмакратызацыі былых краінаў СССР.
XS
SM
MD
LG