Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На самітах у Менску абмяркуюць пытаньні эканомікі і бясьпекі


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску зьбіраюцца лідэры краінаў былога СССР, якія зьяўляюцца партнэрамі Беларусі ў рэгіянальных постсавецкіх арганізацыях. Сярод іншых чакаецца прыезд расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Што плянуюць вырашаць удзельнікі сёньняшніх сустрэч?

Гасьцямі беларускага лідэра будуць прэзыдэнты Расеі, Казахстану, Узбэкістану, Таджыкістану, Кіргізстану і Армэніі. Яны возьмуць удзел у паседжаньнях дзьвюх арганізацыяў. Спачатку Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Нурсултан Назарбаеў, Іслам Карымаў, Эмамалі Рахмонаў і Курманбэк Бакіеў зьбяруцца як сябры Міждзяржаўнай рады Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Паводле афіцыйных зьвестак, яны маюць намер разгледзець 18 пытаньняў. Адметнасьць паседжаньня ў тым, што яго ўдзельнікі падсумуюць дзейнасьць Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка памянёнай рады. Цягам апошняга году беларускі лідэр неаднаразова выступаў з ініцыятывамі, якія, на яго думку, дадуць штуршок эканамічнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Аднак, як высьвятляецца цяпер, гэтыя ініцыятывы, у прыватнасьці спроба сфармаваць у рамках ЭўрАзЭС мытны саюз, засталіся нерэалізаваныя. Украіна і Малдова страцілі да гэтай ідэі ўсякую цікавасьць і, паводле іх прадстаўнікоў, далучацца да “шасьцёркі” не зьбіраюцца. На думку палітоляга Алеся Лагвінца, Беларусь таксама ня мае ад чальцоўства там ніякай карысьці:

(Лагвінец: ) “Калі казаць пра Беларусь, то ёсьць інтарэс мець добрыя стасункі з Расеяй. Але калі казаць пра паглыбленыя інстытуцыйныя рамкі з такімі арганізацыямі, як ЭўрАзЭС, куды ўваходзяць сярэднеазіяцкія краіны, мне думаецца, што гэта не адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам”.

Мяркуецца, што на сёньняшнім саміце Беларусь прапануе сваім партнэрам перагледзець стаўленьне да пытаньняў стварэньня мытнага саюзу і ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Як заявіў напярэдадні міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, цяперашняя пазыцыя краінаў “шасьцёркі” ў гэтых пытаньнях памылковая. Паводле Мартынава, уступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю трэба разам, а не паасобку, як лічаць іншыя сябры ЭўрАзЭС, паколькі нібыта на працэс прыманьня краіны-кандыдаткі ўплывае яе палітычная рэпутацыя на міжнароднай арэне.

Сёньня ж у Менску прэзыдэнты плянуюць сустрэцца і ў рамках яшчэ адной рэгіянальнай структуры – Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Толькі замест прэзыдэнтаў Казахстану і Ўзбэкістану, якія не ўваходзяць у гэтую арганізацыю, удзел у сэсіі рады АДКБ возьме кіраўнік Армэніі Робэрт Качар’ян. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, “пяцёрка” мяркуе разгледзець, у прыватнасьці, пэрспэктыўныя кірункі сваёй дзейнасьці, вызначыць ролю і месца АДКБ у архітэктуры міжнароднай бясьпекі.

Дарэчы, і ў гэтай арганізацыі мае месца канфлікт інтарэсаў. Рэч у тым, што Беларусь месьціцца ў Эўропе, Таджыкістан у Сярэдняй Азіі, Армэнія ў Закаўказьзі, з прычыны чаго кожная з гэтых краінаў, паводле экспэртаў, мае свае рэгіянальныя адметнасьці ў пытаньнях бясьпекі. Як лічаць многія назіральнікі, Беларусь знаходзіцца зь імі ў шэрагах АДКБ толькі таму, што гэтак хоча Масква. Меркаваньне генэрала Валера Фралова:

(Фралоў: ) “У вялікай ступені нас зьвязвае Расея. Расея як цэнтар сілы зацікаўленая і ў Таджыкістане, і ва Ўзбэкістане. Такім чынам, мы трапілі ў агульную кампанію з гэтымі краінамі. А так з гэтымі краінамі агульнага інтарэсу ў нас няма”.

Варта нагадаць, што той жа Ўзбэкістан у свой час ужо ўваходзіў у АДКБ, аднак некалькі гадоў таму пакінуў яе. Дарэчы, Беларусь напярэдадні сёньняшняга саміту таксама нечакана заявіла аб сваім няўдзеле ў фармаваньні ў Сярэдняй Азіі сілаў хуткага рэагаваньня.
XS
SM
MD
LG