Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія вайсковыя манэўры пераходзяць у актыўную фазу


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня на манэўрах “Шчыт саюзу-2006” – апошні дзень падрыхтоўкі да так званай “актыўнай фазы”, калі пачнецца асноўная вайсковая гульня з удзелам танкаў, самалётаў і некалькіх тысяч пяхотнікаў беларускага і расейскага войскаў. Фініш манэўраў адбудзецца на палігоне пад Баранавічамі.

Беларуска-расейскія манэўры “Шчыт Саюзу-2006” нагадваюць ранейшыя – такія манэўры ў апошняе дзесяцігодзьдзе адбываюцца ў Беларусі з рэгулярнасьцю жніва. Гэтым разам умоўная дзяржава “Бугія” напала на невялікую краіну “Дзьвінію”, якой на дапамогу прыйшла моцная суседка “Дняпровія” са стратэгічнымі бамбавікамі. Праціўнік ізноў наступае з захаду, дапамога прыходзіць з усходу.

Але гэтым разам у манэўрах ёсьць істотная розьніца – яны прыпалі на саміт прэзыдэнтаў сямі краінаў СНД, якія падпісалі дамову аб калектыўнай бясьпецы. Плянуецца, што прэзыдэнты прыедуць у Баранавічы назіраць за фінальнай бітвай умоўных ворагаў.

Апазыцыйны палітык, падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч, які адбывае ў Баранавічах пакараньне абмежаваньнем волі, расказаў аб прыкметах манэўраў і падрыхтоўцы да візыту прэзыдэнтаў.

(Статкевіч: ) “На вуліцах гораду зьявіліся вайскоўцы з шаўронамі расейскага войска, і беларускіх вайскоўцаў таксама шмат. Гатэлі запоўненыя нейкімі людзьмі ў цывільным, якія, як кажуць, “шыфруюцца” пад розныя спартовыя каманды. Горад прыводзяць да ладу. Вуліцу Савецкую, галоўную вуліцу, доўга і ўпарта рамантуюць. Перакладвалі бардзюры, плітку, садзілі кветкі, дзе яны ніколі не расьлі. Вось я іду ўздоўж мясцовага ліцэю, дык сюды нагналі людзей і літаральна за гадзіну пафарбавалі ўсю агароджу”.

Чакалася, што ў Баранавічы на манэўры разам зь іншымі прэзыдэнтамі прыедзе кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, але пакуль што гэтыя зьвесткі не пацьверджаныя. Затое вайсковая прысутнасьць Расеі на манэўрах у Баранавічах уражвае. Апрача паўтары тысячы вайскоўцаў, будзе задзейнічана цяжкая баявая тэхніка, а таксама некалькі дзясяткаў самалётаў, у тым ліку стратэгічныя бамбавікі Ту-160 і Ту-95.

Падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч ухваляе тое, што беларускія вайскоўцы набываюць досьвед на манэўрах, але не хавае і крытыкі.

(Статкевіч: ) “Мне здаецца, што затраты на гэтыя манэўры ня вельмі эфэктыўныя. Бо зашмат паказухі. Людзі ня столькі вучацца ваяваць, колькі рыхтуюцца да таго адзінага дня, калі да іх прыедзе галоўнакамандуючы”.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык паведаміў “Свабодзе” пра тое, як пасьпяхова праходзяць манэўры.

(Раменчык: ) “Усе заплянаваныя на манэўры мерапрыемствы ідуць пасьпяхова, усё добра, ахвяраў няма”.
XS
SM
MD
LG