Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будні беларускіх кантрабандыстаў: рэпартаж з памежжа


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гэтымі днямі электрычка з Горадні да памежнай польскай станцыі Кузьніца Беластоцкая ходзіць поўная: большасьць пасажыраў перавозяць празь мяжу цыгарэты ды гарэлку і жывуць з гэтага. Прычым некаторыя зь іх, не зважаючы на 30-градусную сьпёку, сядзяць у цягніку ў куртках — каб можна было схаваць нелегальны тавар на сабе.

Пасьля пашпартнага кантролю пасажыры на гарадзенскім чыгуначным вакзале трапляюць у памяшканьне з чатырма крамамі “Duty Free”, дзе пачынаюць купляць цыгарэты і сьпіртовыя напоі. Як я заўважыў гэтым разам, нават тут практыкуюць распродаж гарэлкі, якую кепска бяруць, па зьніжаных цэнах. Я запомніў дзьве назвы: гарэлка “Nikita” і “Doppel korn”. У гэтай залі я спаткаў свайго знаёмага Ігара, зь якім мы, праўда, потым ехалі ў розных вагонах. Ён гаворыць: нядаўна ўлады зьбіраліся зачыніць гэтыя крамы з безакцызнай гарэлкай і цыгарэтамі, але ж гэта вялікія прыбыткі, бо вымушаныя кантрабандысты купляюць шмат і потым хаваюць гарэлку і цыгарэты ў цягніку. Рэальна палякі дазваляюць правезьці блёк цыгарэтаў і літар моцных напояў. Расказвае Ігар:

(Ігар: ) “Такі цікавы нюанс: калі была апошняя пілігрымка ў Польшчу на спатканьне з папам рымскім, то вельмі былі абураныя працаўнікі крамы “Duty Free”, што нічога не зарабілі, таму што ехаў спэцыяльны цягнік, недзе васямсот пасажыраў, і ксёндз-арганізатар папрасіў, каб ніхто зь людзей не затаварваўся, бо едуць на рэлігійнае мерапрыемства, і ніхто нічога не купіў”.

У Кузьніцы было нямала тых, хто зьбіраўся перасесьці на цягнік да Беластоку, і яны кінуліся ў першы вагон, каб хутчэй прайсьці пашпартны кантроль і мытны надгляд. Але палякі ўсіх адправілі назад, нават трох ці чатырох каталіцкіх мнішак, і некаторыя не пасьпелі на беластоцкі цягнік, у тым ліку і мой знаёмы. Пасьля паездкі ў Польшчу я папрасіў Ігара апавесьці пра свае ўражаньні.

(Ігар: ) “Нават адна жанчына ехала і пыталася: навошта яны абгортвалі блёкі з цыгарэтамі ў зялёную траву. Я кажу: ну, напэўна, каб у траве не было відаць, калі яны выкідвалі цыгарэты ўжо на польскім баку, дзе амаль адразу пасьля мяжы сустракаюцца дамы, таму, напэўна, ёсьць каму забраць гэтыя цыгарэты”.

Я сам асабіста бачыў, як адна пажылая кабета хавала на грудзях пачкі “Pall Mall”, іншая хавала цыгарэты пад спадніцай. Ігар працягвае:

(Ігар: ) “Вельмі крыўдна глядзець, як гэтыя ўмовы, мяжа, “жалезная заслона” робяць людзей быдлам у прамым сэнсе слова, бо людзі апускаюцца да розных хітрыкаў, каб зарабіць капейчыну сабе на жыцьцё. Я, напрыклад, так ня змог бы, а хтосьці можа і кожны дзень, і нават двойчы людзі езьдзяць. Ты едзеш, нічога не вязеш, і тое галава баліць, а што ўжо казаць пра людзей, якія кантрабанду правозяць, і даволі вялікі аб’ём”.

Падворак станцыі ў Кузьніцы перад адпраўленьнем гарадзенскага цягніка нагадвае гуртовы рынак: цэлыя груды торбаў з таварам, які разьбіраюць пасажыры — абутак, пасьцельную бялізну, адзеньне. Цяпер вязуць нават вялізныя букеты кветак. Адна жанчына бедавала, што ў яе лішнія спадніцы, і суседкі ў вагоне раілі надзець на сябе адразу некалькі. Ня ведаю, ці яна паслухалася парады. Стаяла 30-градусная сьпякота, у вагоне таксама было горача.

(Голас вакзальнай дыктаркі: ) “Будзьце ўважлівыя і асьцярожныя: хуткі цягнік 134 Кузьніца – Гродна прыбывае на першы пуць”.



На здымках: асартымэнт гарадзенскай крамы, называнай у народзе фры-шопам; польская электрычка ў чаканьні пасажыраў; памежніца на гарадзенскім вакзале назірае, каб пасажыры цягніка з Кузьніцы спачатку прайшлі мытны надгляд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG