Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: на “вайне” саюзьнікаў згубілі танк


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку за 23 чэрвеня.

Газэта “Ганцавіцкі час” друкуе сёньня рэпартаж пра танкістаў, якія не даехалі да беларуска-расейскіх вучэньняў. Як згубілі танк ля Ганцавічаў, удакладняе журналіст Пятро Гузаеўскі:

(Гузаеўскі: ) “Танк крышку сьцягнула ў адхон. Ён важыць 40 тонаў. І што тут ні рабілі, але ня выцягнулі. Ня ведаюць, чым гэта можна зрабіць. Бедныя салдаты сядзяць суткамі. Людзі зьдзіўляюцца. “Ня дай Бог, – кажуць, – калі ў нас такая абарона. Нейкі непарадак”.

Таксама на Берасьцейшчыне, піша “Вечерний Брест”, быў разгневаны міліцэйскі генэрал Уладзімер Навумаў. Наведваючы Кобрынскі раён, ён паведаміў, што ад працы вызвалены начальнік тамтэйшага аддзелу міліцыі, а таксама два ягоныя намесьнікі. Паводле тыднёвіка, кадравы разгон учынены за трагедыю ў вёсцы Камянюкі, дзе ад пабояў участковага памёр мясцовы жыхар.

“Витебский курьер” сёньня ў артыкуле “Ўся ўлада ў саветаў. Мясцовы варыянт” паведамляе, што пяць супрацоўнікаў міліцыі не пускалі выбарцаў на сэсію гарсавету. Сярод пакрыўджаных таксама журналіст выданьня і прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту. Паводле выданьня, міліцыянты парушылі дзейную Канстытуцыю і Закон аб друку.

Пінскі тыднёвік “Мясцовы час” дасьледуе праблему самагубстваў. Гаворыць рэдактар выданьня Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) “У Пінску ўжо восем чалавек скончылі жыцьцё самагубствам. Пераважна гэта людзі ад 35 да 49 гадоў. Летась такім жа чынам разьвіталіся з жыцьцём 32 чалавекі. Увогуле, насельніцтва Пінску цягам году зьменшылася на адну тысячу чалавек”.

І яшчэ раз зьвернемся да газэты “Витебский курьер”. Журналістам стала вядома, што арганізатары “Славянскага базару” патрабуюць расьпіскі ў “зорак” што да гарантыяў іх прысутнасьці. Ёсьць небясьпека прагарэць, бо, як паведамляе тыднёвік, па адмысловым распараджэньні Аляксандра Лукашэнкі зь бюджэту выдаткавана каля двух мільярдаў беларускіх рублёў. “Грашовая доля Расеі й сёлета застаецца пад пытаньнем”, – канстатуе рэгіянальная газэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG