Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – агляд беларускага сеціва 22 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск

Блогер парталу “Тэлеграф”Аляксандар Брэчак разважае на тэму адносінаў беларускай улады з астатнім са сьветам telegraf.by/blog/2006/06/12/immunitet: “Усе штосьці павінныя Лукашэнку і К! Расея мусіць забясьпечыць нафтай і газам, набыць барахло, якое ў нас вырабляецца і ўзброіць рэжым да зубоў. Кітай павінен інвэставаць мільярды даляраў. ЗША і Эўразьвяз дапамагчы і пры тым заплаціць падаткі за сваю ж дапамогу. Але кіраўнік краіны нават і не наважыцца падумаць пра правы чалавека ў Беларусі. Беларусь - уласнасьць прэзыдэнта. Здорава прыдумана.”

Не абыходзяць тэму Беларусі на расейскіх форумах. На інфармацыйным сайце “ІноСМІ” пішуць: “У Беларусі - як цьвердзіць дзяржаўнае TV - нават у балоцістым Палесьсі не бывае вясновых паводкаў, новыя камбайны айчыннай вытворчасьці лепшыя ад замежных, а ўраджай бульбы будзе багацейшы за леташні. Не было адзначана выпадкаў птушынага грыпу, а разам з Расеяй сыстэма СПА абароніць краіну ад замахаў NATO. Беларусь -- “цэнтар славянскай цывілізацыі”, у чым тэлегледачоў штодня пераконваюць праваслаўныя сьвятары з Падмаскоўя і казацкія сотнікі з Варонежу і Волагды”.

А вось некаторыя аўтары форумаў на tut.by іранізуюць з нагоды забароны продажу алькаголю пасьля 23-00 і з нагоды змаганьня з наркаманіяй: “Наркабароны ў паніцы - моладзь сьпіваецца.” - “Усім не хапае, чэргі даўжэзныя… Глядзіш, і карткі ўвядуць” - “Прапаную, абвесьціць акцыю - “Прынясі дзесяць галоваў наркагандляроў, і атрымай 1-пакаёвую кватэру”. Тады народ без усялякіх дзяржнаркакантроляў сам з гэтай брыдотай дасьць рады”.

У сеціве зьявіўся сайт пад назвай “Сайт Рыгоравіча”. Старонка падобная да афіцыйнага сайту Прэзыдэнта РБ. Тут ёсьць рубрыкі “Мой статус”, “Біяграфія”,”Дакумэнты”, “Фоткі”, “Прыёмная”. Адметнасьць “Сайту Рыгоравіча” ў тым, што інфармацыя на ім падаецца “трасянкай”, зьмест тэкстаў і фотакаляжаў сатырычны. “Умесьце за працьвятаюшчую Беларусь!” - заклікае лёзунг на першай старонцы.

Для тых, хто хоча палітычную сатыру ня толькі чытаць, але і слухаць, раім завітаць на сайт UltraВожык. У разьдзеле “Музыка“ можна знайсьці ды-джэй міксы з публічных выступаў Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, твор пад назвай “Ідэалёгія”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG