Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гальштукі


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою ва ўспамінах і аўтарскім правапісе Вінцэся Мудрова.

Гальштук – слова нямецкае і ў беларускім перакладзе азначае шыявяз. Некаторыя носяць яго штодня, уважаючы за неад’емны элемэнт мужчынскага ўбраньня. Іншыя лічаць шыявяз чымсьці непатрэбным, і калі ў ім і зьяўляюцца, дык толькі на ўласных паховінах.

Мой бацька, колькі яго памятаю, заўсёды хадзіў пры гальштуку. Меў ён пару пацёхканых пінжакоў, пару нэйлёнавых кашуляў, а вось шыявязаў на адваротным баку шыфаньернай дзьверцы вісела пару дзясяткаў. Больш за ўсё мне падабаўся гальштук, сплецены з чорнай лёскі. Трымаўся ён на спружнай гумцы, і калі гальштук адцягнуць, ён даволі балюча біў па коўціку. Гэты шэдэўр галянтарэйнага мастацтва называлі ня йнакш, як “вечным гальштукам”. “Закапай на пяць гадоў у зямлю, адкапай – і адразу надзявай! Будзе, як новы!” – любіў казаць бацька. Аднак гордасьцю бацькавага гардэробу быў шыявяз з блішчынкамі. Калі яго пакруціць на сьвятле, ён пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі. Аднойчы па недагляду гальштук нечым прыціснулі, і ён стаў тапырыцца ўгору. І колькі бацька яго не раўняў, колькі не прасаваў цупкую сынтэтыку, справіцца з гальштучнай эрэкцыяй ня даў рады.

Канец шасьцідзясятых пазначаны ў гісторыі галянтарэйным вычварэнствам: шыявязам даўжынёй ня больш шасьці сантымэтраў пры нечувана вялізным вузьле. Разглядаючы тэндэнцыю гальштучнага абразаньня ў разьвіцьці, можна было ўявіць, што ад мужчынскай аздобы застанецца толькі вузел. Аднак на зьмену “абразанікам” прыйшлі даўгія шыявязы самай сьмелай каляровай гамы. Неўзабаве ў “Вожыку” зьявіліся карыкатуры на гальштучных сьціляг, а міліцыя пачала спыняць хлопцаў пры каляровых гальштуках ды спраўджваць дакумэнты. Я дагэтуль ніколі гальштукаў не насіў, але тут набыў з рук квяцісты польскі “крават”. Бацька, пабачыўшы справунак, загадна прамовіў: “Здымі!” А дзесьці праз год сам пачапіў выраб Лодзінскай галянтарэйнай фабрыкі ды выправіўся на партсход.

Стракатымі колерамі, аднак, справа не абмежавалася. Шыявязы рабіліся ўсё больш даўгімі і шырокімі, а вузел набыў памеры кулака. Такая прасьціна стала выконваць функцыі сьлінючкі. Прынамсі, мне даводзілася бачыць, як падпітыя дзядзькі, седзячы ў рэстараннай задусе, спачатку выціралі гальштукамі потныя шыі ды лабаціны, а потым і перапэцканыя вусны.

Апошняе вычварэнства прыпала на пачатак Перабудовы. Вячаслаў Малежык прасьпяваў у тэлеперадачы “Шырэй кола!” песеньку пра мазаіку ў гальштуку, шырынёй ня болей кравецкага аршыну. Аднак ажыятажу ўсохлы шыявяз ня выклікаў. Наступаў час, які, перафразуючы філёзафа Фрэнсіса Фукуяму, можна было назваць “канцом гісторыі гальштуку”.

Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фотаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.
XS
SM
MD
LG