Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі лічаць, што будынак пратэстанцкай царквы “псуе краявід”


Любоў Лунёва, Менск Менскія чыноўнікі адмаўляюцца прызнаць храм вернікаў-пратэстантаў царквы “Новае жыцьцё” культавым будынкам. Сёньня ў Гаспадарчым судзе яны паведамілі, што будынак вернікаў не ўваходзіць у плян забудовы мікрараёну Сухарава. Амаль год вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” змагаюцца за свой будынак (былы калгасны кароўнік), які яны набылі ва ўласнасьць і адрамантавалі за свае грошы. Пастара і адміністратара царквы суды штрафавалі на некалькі тысяч даляраў за правядзеньне несанкцыянаванага ўладамі набажэнства. Цяпер гарадзкія ўлады намагаюцца прымусіць вернікаў прадаць будынак за нізкі кошт.

Сёньня прадоўжыўся суд у справе прымусовага продажу будынку царквы “Новае жыцьцё”. Кіраўнік упраўленьня рэгулярнай забудовы Камітэту архітэктуры Аляксей Вага на просьбу вернікаў зарэгістраваць будынак як культавы паведаміў, што ён нібыта псуе краявід. Чыноўнік патлумачыў Радыё Свабода сваю пазыцыю:

(Вага: ) “А, што, ён упрыгожвае гарадзкі пэйзаж? У нас тое ўпрыгожвае гарадзкі пэйзаж, што пабудавана згодна з законам, з зацьверджаным плянам праектнай дакумэнтацыі. Вось тое і ўпрыгожвае”.

Юрысконсульт царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін у судзе даводзіў, што ніякай будоўлі побач з будынкам не вядзецца. Былы калгасны кароўнік стаіць на ўскрайку Менску. Нагадаем: вернікі набылі будынак у 1999 годзе. Яны за свае грошы зрабілі рамонт: паклалі падлогу, аднавілі фасад, паставілі шклопакеты й прыбралі тэрыторыю, прылеглую да будынку.

Праблемы пачаліся летась у жніўні, калі сталі адну за адной ліквідаваць у судзе пратэстанцкія суполкі. Спачатку ў будынку забаранілі ладзіць набажэнствы — з фармулёўкай “выкарыстоўваецца не па прызначэньні”, а потым запатрабавалі праз суд прадаць яго па заніжаным кошце. Гаворыць Сяргей Луканін:

(Луканін: ) “Гэта ўсё ідзе ў межах аднаго пляну Менгарвыканкаму — выжыць нашу царкву зь Менску і нават ліквідаваць яе дэ-юрэ і дэ-факта. Гэта ўжо чацьвёртая царква, якую мясцовыя ўлады намагаюцца зачыніць цягам году”.

Верніца царквы Алена Паплаўская дадала:

(Паплаўская: ) “Мы ходзім па судах, губляем шмат часу, які мы маглі б аддаць сваёй справе, малітве і, наагул, жыць спакойна. Судзяць то нашага пастара, то нашага адміністратара. Яны ўжо заплацілі шмат штрафаў, але ўладам і гэтага мала. Цяпер яны намагаюцца пазбавіць нас нашай маёмасьці, каб потым нас ліквідаваць. Сёньня пратэстантам горш за іншых вернікаў. Гэта нас абурае”.

Наступнае судовае паседжаньне прызначылі на 5 ліпеня. Калі гарадзкія ўлады забяруць у вернікаў будынак, суполку зьліквідуюць. За тое, што юрыдычны адрас не адпавядае нормам новага закону, у Менскім судзе зьліквідавалі тры суполкі — пастараў Эрнста Сабілы, Леаніда Ліпеня, Георгія Вязоўскага.
XS
SM
MD
LG