Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода Пухавіцкагага раёну


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. (эфір 20 чэрвеня)

(Пратасюк: ) “Месцы добрыя. Лес побач — вунь відаць. Шмат грыбоў. Масьлюкоў расьце шмат, калі надвор’е дазваляе, дожджыкі праходзяць, цёпла. Усім хапае”.



Уладзімер Пратасюк — першая жывая душа, якую спаткаў я ў вёсцы Свабода. Дарэчы, бяз мапы трапіць сюды складана. У Пухавіцкім раёне рэдкі жыхар назаве месцазнаходжаньне гэтай вёскі. Грамадзкі транспарт сюды ня ходзіць. На аўтадарогах няма ўказальніка з такой назвай. І наагул, пухавічане казалі, што ў тым лясным куточку месьціцца зусім іншае паселішча. Як пазьней высьветлілася, нічога дзіўнага у гэтым няма. Спадар Пратасюк кажа:

(Пратасюк: ) “Гэтую Свабоду мала хто ведае. Раней называлі Новыя Валокі. Так вёска называлася. І калі едзеш аўтобусам, Новыя Валокі прыпынак называецца”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму перайменавалі ў вёску Свабода?”

(Пратасюк: ) “Ня ведаю”.

(Пратасюк: ) “Тут рабі што хочаш — таму, можа, і Свабода”.

(Карэспандэнт: ) “Вы мясцовы чалавек?”

(Пратасюк: ) “Не. Я тут лічуся прымаком. Тут пару чалавек карэнных жыхароў”.

З карэнных 75-гадовая пэнсіянэрка Раіса Сіняўская.

(Карэспандэнт: ) “Чаму перайменавалі ў вёску Свабода?”

(Сіняўская: ) “Ай, хто яго ведае, чаму так начальства рабіла? Нам сказалі: “Так пішыце адрас”. Ну і ўсё. А хто там перайменаваў — ня ведаю. Можа, райвыканкам, можа, сельсавет. Свабодай, можа, ад таго яе назвалі, што тут жыў пан. А можа, тады, калі вызвалілі, то свабоду здабылі. Дык, можа, з-за гэтага Свабодай назвалі”.

Дарэчы, бацькі пэнсіянэркі Сіняўскай, якія былі сярод першых навасёлаў у гэтым кутку, выбралі месца маляўнічае, поруч з панскай сядзібай. Яе дачка Алена, якая жыве ў Мар’інай Горцы і прыехала наведаць маці, прыгадвае:

(Алена: ) “Вось тут у цэнтры быў панскі маёнтак. Ён быў такі вялікі! І яшчэ мама і бабуля расказвалі, што да вайны ён стаяў, і туды нават дзеці ў школу хадзілі. Там быў выдзелены пакой, і яны вучыліся. Тут была новавалоцкая школа. І вось немцы ў вайну гэты маёнтак раскідалі, перавезьлі ў Турын. Застаўся фундамэнт. Ён адтуль і дасюль — даволі вялікі быў дом. Ён парос ужо дрэвамі. А тут яшчэ быў такі панскі двор і сад. Там, дзе вось ліпа стаіць, гэта былі векавыя ліпы. Гэтыя ўсе ліпы памятаюць пана Каранеўскага”.

З карэнных вяскоўцаў і пэнсіянэр Іван Бункевіч, чыя хата стаіць па другі бок разбуранага панскага гнязда:

(Бункевіч: ) “Звычайная беларуская вёска. Да вайны тут на рацэ млын стаяў. Пільня была — пілілі. Пісьменьнік Янка Маўр наведваў. Ён адпачываў тут за ракой. Да вайны ён сюды прыяжджаў на адпачынак. На лета прыяжджаў. Іграў ён на саксафоне. Выходзіць ранічкай, у яго там палатка стаяла — і зайграе на саксафоне. Як сюды вецер у гэты бок, дык усё раніцай разьлягаецца”.



Цяпер раніцы ў Свабодзе ціхія. Можна зь дзясятак разоў прайсьціся па вёсцы з канца ў канец, але так і не сустрэць чалавека. Мне пашанцавала –– ля адной з хатаў я спаткаў яшчэ двух вяскоўцаў:

(Карэспандэнт: ) “Чаму перайменавалі ў вёску Свабода?”

(Важнік: ) “Свабода — я ня ведаю чаму. Я сама сабе думаю, я ня знаю, але думаю, што савецкая ўлада дала Свабода. Свабода — добра”.

(Сіняўскі: ) “Чаму Свабода, я таксама ня ведаю”.

Гэтак адказалі мне Надзея Важнік і Мікалай Сіняўскі. Кабеце пад восемдзесят, пэнсіянэрка й жыве тут стала. Спадару Сіняўскаму каля пяцідзесяці гадоў, але ён тут госьць — прыяжджае на выходныя наведаць бацькоўскую хату. Паводле іх, ніхто дакладна ня ведае пра паходжаньне назвы вёскі. Пісьмовага летапісу вёскі няма, старыя жыхары паміраюць, а разам зь імі зыходзяць у нябыт і старонкі яе гісторыі. Невядома, напрыклад, ці даводзілася тут каму наракаць на адсутнасць свабоды і жадаць яе ў найцяжэйшыя моманты жыцьця? Ва ўсялякім разе, паводле Мікалая Сіняўскага, публічных дыскусіяў вяскоўцаў на гэты конт ён ня памятае. Абмяркоўваюць тут, як падкрэсьлівае мой суразмоўца, больш “зямныя” тэмы. Напрыклад, дэмаграфічную:

(Сіняўскі: ) “У нас было вельмі шмат моладзі. У кожнай хаце — тры, чатыры, а то й пяць дзяцей. А цяпер ніводнага маладога жыхара няма”.



Віктар Гранчык таксама жыве ў іншым месцы і зрэдку наведвае Свабоду, паколькі ў бацькоўскай хаце яго ўжо ніхто не сустракае. І кожны раз Віктар ад’яжджае ў горад зь цяжкім сэрцам:

(Гранчык: ) “Поўны запяпад. Ніякай пэрспэктывы. Вось гэта дом майго бацькі. Зямля ўжо стала пустая. Раней тут расла добрая бульба. Яна давала добрыя ўраджаі. Але колькі можна эксплюатаваць? Яна ўжо прыйшла ў заняпад. Тым больш, што гною няма, кароваў не трымаюць. Пэрспэктывы на будучыню ніякай”.

(Сіняўская Алена: ) “Як зіма, дык тут страшна. Прыяжджаеш — тут, у гэтым канцы, ужо нікога няма. Там сям’я жыве, там яшчэ адна сям’я. І там дзьве бабулі. Саўсім мала”.

Дарэчы, заняпад Свабоды яе цяперашнія й былыя насельнікі зьвязваюць найперш з развалам мясцовай гаспадаркі. Меркаваньне Мікалая Сіняўскага:

(Сіняўскі: ) “З такім калгасам, як цяпер, усё развальваецца — ня будзе нічога. Во, дваццаць гектараў ужо пяць гадоў стаіць. Нікому ня трэба. І паўсюль такія кавалкі — пяць гектараў, дзесяць. Тут іх дзьвесьце гектараў сабраць можна. Няма гаспадара і ўсё. Кадраў няма ў калгасе, каб працаваць. Бяруць трактарыстаў з фабрыкі, з дарожнага ўпраўленьня на працу. Каб адпрацоўвалі. Пад пугай ідзі й рабі”.

Уладзімер Пратасюк, які толькі зімуе ў Менску, а астатні час жыве ў Свабодзе, таксама не задаволены сваімі дачыненьнямі з тутэйшым калгасам:

(Пратасюк: ) “Я да іх не зьвяртаюся. Бо калі зьвернесься — трактара не дадуць. Нават за грошы — каб я выпісаў, каб узараў, што-небудзь пасадзіў. Няма ў іх саляркі. Але я іх разумею. За што ён купіць? Бо ў іх ёсьць такія каровы, што стакан малака даюць. Карацей, зямлі шмат. Але ніхто яе ня хоча апрацоўваць — няма чым”.

(Карэспандэнт: ) “Тут вы гаспадарку вядзеце?”

(Пратасюк: ) “Летась вёў, а сёлета не хачу. Усё дорага, усё нявыгадна. Бычка купіў, падгадаваў яго — але кармёжкі шмат купляць трэба”.



Нягледзячы на відавочную дэградацыю вёскі й калгасу, разважаць над прычынамі гэтай зьявы, тым больш зьвязваць гэта зь цяперашнім палітычным курсам краіны, у Свабодзе ня любяць. Асабліва пэнсіянэры. Спадар Пратасюк кажа:

(Пратасюк: ) “Аляксандра Рыгоравіча тут усе любяць. Паспрабуй скажы супраць што-небудзь — разьдзяруць”.

Зьдзіўляцца тут няма чаму. Тутэйшыя пэнсіянэры маюць доступ толькі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Пра існаваньне недзяржаўных і іхны зьмест яны ня ведаюць. Ня чулі яны й пра Радыё Свабода, нават самая дасьведчаная з тутэйшых пэнсіянэраў Надзея Важнік:

(Важнік: ) “Я вельмі люблю газэты, я без газэтаў не магу жыць. Выпісваю за апошнія грошы. Выпісваю і чытаю”.

(Карэспандэнт: ) “А якія газэты вы выпісваеце?”

(Важнік: ) “Советскую Белоруссию” і “Пухавіцкія навіны”. На іх у мяне хапае сродкаў. Я люблю і іншыя — “Камсамолку”, усялякія”.

(Карэспандэнт: ) “А што вас цікавіць у газэтах?”

(Важнік: ) “Усё цікавіць. Па ўсім сьвеце, дзе якія навіны цікавяць. Усё чытаю. Дзе што цікавае. Пра артыстаў. Па раёне якія навіны. Хто на першым месцы па малаку ў калгасе пачытаеш. Хто пасеяў раней у калгасе, хто перадавы. І такое пачытаеш. Бо сумна сядзець. Дзе хто памрэ, пагаворым з суседкай”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы ведаеце пра выбары?”

(Важнік: ) “Што Лукашэнку выбралі, і ўсё. Я ўвесь час галасую за Лукашэнку. Большую пэнсію дае. Ну, а нам што трэба? Грошы”.

Уладзімер Пратасюк — таксама пэнсіянэр. Былы рабочы, сорак гадоў адпрацаваў на трактарным заводзе ў Менску. Але ў яго цяперашняя пэнсійная палітыка выклікае нараканьні:

(Пратасюк: ) “Слабенькую далі — што гэта за пэнсія! Цьфу! Вось крычаць — добра, што своечасова. Ну што гэта за пэнсія?! Вайскоўцам, міліцыянтам ён добрую даў пэнсію. Гэта я ўсім кажу. Ён не паважае рабочых. І іграе на народ шмат. Меле язычком цудоўна, але…”

Свабода месьціцца на беразе Сьвіслачы. Рыбалоўствам, прыгадвае Мікалай Сіняўскі, тут калісьці займалася кожная сям’я:

(Сіняўскі: ) “Рэчка раней карміла. З рэчкай раней быў парадак. А цяпер атруцілі ўсю рэчку. Плоткі, шчукі… А ракі на бераг вылазілі”.

Паводле Ўладзімера Пратасюка, сёлета раку напаткала экалягічнае бедзтва:

(Пратасюк: ) “У нас тут Сьвіслач запаскуджваюць аднекуль. Рыбка плыве ўверх страўнікам. Дзесьці травіцца. Нехта пускае неачышчаныя сьцёкі. Усё — рыба гіне. Тонамі. У нас паўз раку дарога. Мы туды за ўсім ідзем — хто за хлебам, хто за квасам… Ну й бачым — плыве. Адна, другая… Чаму, думаю, печкуры гэтыя так ішлі да берагу? Потым назад ішлі, дык уся ўверх страўнікам плыве. І вялікая такая… На кіляграм, а мо й большая. Так што, я думаю, рыбы тут гады са тры ніхто ня ўбачыць”.

Трывожная экалягічная сытуацыя і ў навакольным лесе. Мікалай Сіняўскі апавядае:

(Сіняўскі: ) “Вось зрабілі звалку. Цэляфан гарыць пастаянна. Паляць — вунь там. Калі вецер сюды дзьме, то нельга дыхаць. Патэлефанаваў у ахову прыроды. Трактар прыехаў, трохі засыпалі. А цяпер зноў паляць. І лес побач. А потым, кажуць, пажары па лесе. Адным словам, сапсавалі тут усю прыроду. І ніхто ні за што ня будзе адказваць”.

Аднаму чалавеку не абараніць Свабоды, робіць выснову са сваіх высілкаў Мікалай Сіняўскі. І наагул, паводле ягоных словаў, каб пасьпяхова змагацца за вёску, патрэбна тут жыць. А Віктар Гранчык дадае, што Свабоду можа адрадзіць толькі новая сацыяльна-эканамічная палітыка на вёсцы:

(Гранчык: ) “Калі людзям пабудаваць добрыя кватэры, даць ім той жа клюб, то якая розьніца, дзе чалавек жыве: у Менску альбо тут. Яму патрэбныя ўмовы. Калі даць тыя ж самыя ўмовы, то ён зь вёскі хутчэй паедзе ў Менск у той жа тэатар, на любы атракцыён альбо яшчэ куды-небудзь. Яны зьезьдзяць і паглядзяць. Гэта ўсё трэба падымаць”.

XS
SM
MD
LG