Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сустрэнуцца прэзыдэнты краінаў АДКБ


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў Менск для ўдзелу ў самітах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) і Эўразійскай эканамічнай супольнасьці прыбываюць прэзыдэнты Ўзбэкістану, Казахстану й Таджыкістану. 23 чэрвеня чакаецца прыезд у беларускую сталіцу кіраўнікоў Расеі, Кыргызстану і Армэніі.

Сёньня ў Менску адбываецца шэраг паседжаньняў высокага ўзроўню, на якіх ідзе падрыхтоўка да самітаў дзьвюх міжнародных арганізацыяў — Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, у якіх возьмуць удзел прэзыдэнты Беларусі, Расеі, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану, Узбэкістану і Армэніі.

Для прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна гэта ўжо другі афіцыйны візыт у Беларусь. Адметна, што на сайце прэзыдэнта Расеі сёньня не было ніякай інфармацыі пра візыт у Беларусь. Чакаецца, што ў часе самітаў будзе абмяркоўвацца і пытаньне цаны на пастаўку прыроднага газу ў Беларусь (раней “Газпром” прапанаваў для Беларусі 200 даляраў за тысячу кубамэтраў з 2007 году).

Старшыня Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў, які сёньня прыляцеў у Менск, заявіў, што Беларусь і Расея павінны прыйсьці да ўзаемавыгаднага рашэньня ў гэтым пытаньні. Паводле яго, “Газпром” прапанаваў агульнапрынятую сыстэму цаны на газ, якая вызначаецца зыходзячы з усясьветных цэнаў на нафту.

Паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў у інтэрвію “Інтэрфаксу” заявіў, што прадбачыць складанасьці ў перамовах наконт цаны на расейскі газ для Беларусі.

Сёньня ў Менску ў рамках падрыхтоўкі да самітаў адбыліся паседжаньні й сустрэчы на высокім ўзроўні — паседжаньне Савету міністраў замежных справаў дзяржаваў-удзельніц Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, паседжаньне Інтэграцыйнага камітэту ЭўрАзЭС і групы высокага ўзроўню дзеля фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны, а таксама паседжаньні камітэту сакратароў Радаў бясьпекі й Савету міністраў абароны дзяржаваў-сяброў АДКБ, на якіх Расея перадала Беларусі старшынёўства ў гэтых арганізацыях.

Экспэрт цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук зьвяртае ўвагу на тое, што трэба падзяляць фармальныя й нефармальныя тэмы плянаваных самітаў.

(Раманчук: ) “Фармальная тэма — гэта бясьпека, гэта месца Беларусі ў інтэграцыйных працэсах. А нефармальна — гэта, безумоўна, кансалідацыя лабісцкіх сілаў і структураў Расеі, каб яны перашкодзілі Пуціну рэалізаваць плян у справе рэвізіі цэнавай палітыкі па газе. Безумоўна, аднымі з асноўных лабістаў Лукашэнкі ў Маскве зьяўляюцца вайскоўцы. Таму і такія вучэньні, і ЭўрАзЭС павінны стварыць такое ўражаньне, што Беларусь зацікаўленая ў інтэграцыі, каб потым Пуцін ня мог абвінаваціць Беларусь і Лукашэнку недзе ў лістападзе-сьнежні, калі будуць весьціся перамовы, у зрыве інтэграцыйных працэсаў”.

З нагоды самітаў у Менску ўвялі надзвычайныя захады бясьпекі. У горадзе шмат міліцыянтаў, ад учорашняга дня й да 24 чэрвеня абмежавалі рух транспарту на цэнтральных вуліцах гораду. Саміты будуць праходзіць у будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
XS
SM
MD
LG