Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі вайсковы верталёт заляцеў у Літву


Тацяна Поклад, Прага Літоўскія вайсковыя кіраўнікі лічаць магчымай вэрсію, што парушэньні паветранай прасторы Літвы з боку Беларусі маглі быць правакацыяй. Сёньня пра гэта паведамляюць літоўскія сродкі масавай інфармацыі. На пачатку гэтага тыдня, у панядзелак, на тэрыторыю Літвы ў памежнай зоне двойчы заляцеў беларускі вайсковы верталёт. Беларусь адмаўляе гэта.

Нацыянальнае літоўскае радыё сёньня паведаміла, што афіцыйныя прадстаўнікі Літвы не адхіляюць магчымасьць правакацыі з боку Беларусі. Найбуйнейшая газэта Літвы “Летувос рытас” сёньня паведамляе на першай старонцы: “Беларускі верталёт мог быць правакацыяй”.

У панядзелак прыкладна ў 17.30 беларускі вайсковы верталёт заляцеў на тэрыторыю Літвы да вёскі Варвішкі Лазьдзійскага раёну, якая знаходзіцца за тры кілямэтры ад мяжы. Пасьля некалькіх хвілінаў манэўраў верталёт пераляцеў Нёман і вярнуўся ў Беларусь. Праз прыкладна 20 хвілін верталёт ізноў вярнуўся і заляцеў на літоўскую тэрыторыю на 100 мэтраў. Верталёт ляцеў на вышыні 300 м., якую літоўскія радары не фіксуюць. Памежнікі сачылі за верталётам праз біноклі і ясна бачылі беларускія апазнавальныя знакі.

Пасьля паведамленьня памежнікаў прадстаўнік Вайсковых паветраных сілаў Літвы адразу зьвязаўся па “гарачай лініі” з Вайсковымі паветранымі сіламі Беларусі, але беларускі бок заявіў, што на памежжы з Літвой у гэты час увогуле ніхто не лятае. Пасьля паўторнага парушэньня мяжы і другога запыту літоўцаў, Беларусь пацьвердзіла, што адбываюцца плянавыя палёты па аглядзе мяжы, аднак адмовіла факт парушэньня паветранай прасторы Літвы.

Часова выконваючы абавязкі міністра аховы краю Літвы (міністра абароны) Гедымінас Кіркілас і кіраўнік Вайсковых паветраных сілаў Артурас Лейта цьвердзяць, што на тым месцы, дзе адбыўся інцыдэнт, ненаўмысна заляцець на тэрыторыю Літвы мог толькі вельмі недасьведчаны пілёт. Уздоўж таго месца, дзе была парушаная мяжа, ёсьць вельмі ясныя арыенціры – найперш, рака Нёман.

Гедымінас Кіркілас сёньня паведамляў пра інцыдэнт у Сойме і сказаў пасьля журналістам, што літоўскія памежнікі дзейнічалі дакладна паводле інструкцыі і што распачатае расьсьледаваньне Вайсковых паветраных сілаў Літвы, а таксама Генэральнай пракуратуры Літвы па факце магчымага парушэньня дзяржаўнай мяжы.

(Кіркілас: ) “Іншае пытаньне, на якое пакуль мы ня маем адказаў – чаму Беларусь парушыла пагадненьне “гарачай лініі”, якое не парушалася цягам апошніх трох гадоў. Гэта насамрэч вельмі дзіўна. Адбываецца расьсьледаваньне, Беларусь пакуль адмаўляе гэты факт. Гэта альбо памылка пілёта, у што вельмі цяжка паверыць, – альбо гэта быў вельмі няўмелы пілёт”.

Кіраўнік Вайсковых паветраных сілаў Артурас Лейта, сам – пілёт, кажа, што ён асабіста ня раз лятаў уздоўж мяжы на верталётах і перакананы, што падрыхтаваны пілёт у такім месцы заблукаць ня мог бы.

Вынікі расьсьледаваньня інцыдэнта Вайсковымі паветранымі сіламі Літвы чакаюцца на пачатку наступнага тыдня. Па факце магчымага парушэньня дзяржаўнай мяжы можа быць таксама накіраваная нота Літоўскага МЗС у Беларусь.

***************************************

Гэта ня першы выпадак, калі радары Вайсковых паветраных сіл Літвы не зафіксавалі самалёты, якія перасякалі мяжу. Нядаўна зь літоўскага боку на тэрыторыю Беларусі заляцеў невялікі прыватны самалёт, на якім вучэбны палёт рабіў ковенскі пілёт Тадас Блажавічус. Тады літоўскія радары яго не зафіксавалі, але заўважылі беларускія радары супрацьпаветранай абароны, і вайсковыя зьнішчальнікі, якія ўзьняліся ў паветра, прымусілі прыватны літоўскі самалёт прызямліцца ў Лідзе.
XS
SM
MD
LG