Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенскія краіны найчасьцей адмаўляюць у выдачы віз беларусам


Валер Каліноўскі, Прага Польская фундацыя Стэфана Баторыя правяла дасьледаваньне візавай палітыкі краінаў Эўразьвязу адносна суседзяў. З яго вынікае, што грамадзянам Беларусі часьцей за іншых адмаўляюць у выдачы віз.

Паводле высноваў дасьледаваньня фундацыі Стэфана Баторыя, пры разглядзе просьбаў аб выдачы віз перш за ўсё ўлічваюцца грамадзянства заяўніка, працаўладкаваньне, узрост і пол. Пры гэтым выявілася, што краіны Шэнгенскай зоны (плюс Вялікабрытанія) найчасьцей адмаўляюць у выдачы віз грамадзянам Беларусі – у 28 адсоткаў выпадкаў. Для параўнаньня – украінцам і малдаванам адмаўляюць толькі ў 14 і 10 адсотках выпадкаў адпаведна, і толькі 2 адсоткі заяўнікаў з расейскім пашпартам атрымліваюць адмову ў кансулятах шэнгенскіх краінаў і Вялікабрытаніі.

Гаворыць Аніта Шымборска, прадстаўніца варшаўскай фундацыі Стэфана Баторыя:

(Шымборска: ) “Беларусам адмаўляюць у шэнгенскіх візах у 28 адсотках, што выглядае вельмі высокім паказчыкам. Асабліва калі ўлічыць дэклярацыі аб падтрымцы беларускіх грамадзян, заахвочваньні людзкіх кантактаў і дэмакратызацыі ў Беларусі. Але мы так і не знайшлі прычыну гэтага”.

Што да сацыяльнага статусу заяўнікаў, якім адмаўляюць у візах, то 19 адсоткаў зь іх зьяўляюцца беспрацоўнымі, 18 – студэнтамі, 15 – пэнсіянэрамі.

Сярод такіх асоб нечакана высокі ўзровень мужчынаў – ім адмаўляюць у 16 адсотках выпадкаў, пры тым што жанчынам – толькі ў 9. Гэта лічбы ў цэлым адносна краін Усходняй Эўропы. Што да Беларусі, то тут вынікі яшчэ больш жорсткія: 14 адсоткаў беларусак, якія зьвяртаюцца па шэнгенскую візу, атрымліваюць адмовы, і ажно 42 адсоткі беларускіх мужчын вяртаюцца з кансулятаў ні з чым. Сярод жанчын больш адмоваў маюць асобы ва ўзросьце 18-25 гадоў, адносна якіх у дыпляматаў узьнікаюць падазрэньні, што яны хочуць працаваць прастытуткамі. Але звычайна ў такіх і многіх іншых выпадках прычыны адмоваў кансуляты не тлумачаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG