Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дакіраваўся, што называецца. Столькі гадоў гандляваў сінявокай Беларусьсю, а ў выніку атрымаў дарагі газ і нерэфармаваную эканоміку"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 22 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Васіль Цюхай, Беразіно: ) “Тэлеканал НТБ ізноў прыватызуецца, на гэты раз беларускай уладай. Я мяркую, што гэта зьвязана з падвышэньнем коштаў на газ. Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць сваё красамоўства і ў чарговы раз абвінаваціць Расею ў тэрарызьме на дзяржаўным узроўні. Але пры гэтым ён хоча, каб расейцы нічога не змаглі адказаць на такі закід. Дакіраваўся, што называецца. Столькі гадоў гандляваў сінявокай Беларусьсю, а ў выніку атрымаў дарагі газ і нерэфармаваную эканоміку. Цікава, што можа быць далей, у наступным годзе. Звычайныя працоўныя і звычайныя пэнсіянэры будуць аддаваць увесь свой заробак і ўсю сваю пэнсію за камунальныя паслугі. Пачнецца грамадзянская вайна. Расейцы гэтым скарыстаюцца і ўвядуць міратворчы кантынгент. Гэта будзе канец і ў першую чаргу для самога Лукашэнкі”.

“Добры дзень! Я не глядзеў рэпартажы па тэлевізіі пра вайсковыя вучэньні, але ў мяне стварылася ўражаньне, што Лукашэнка не запрашаў расейцаў на гэтыя супольныя манэўры. Яны самі прыйшлі і гаспадараць на нашай зямлі, як толькі хочуць, а Лукашэнка нічога ня можа зрабіць. Ніхто нам не пагражае, я лічу, акрамя Расеі. А наш вярхоўны галоўнакамандуючы дазваляе чужым жаўнерам адчуваць сябе тут, як у сябе дома. Чаму вучэньні праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, а не Расеі? Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, гэта нішто іншае, як падрыхтоўка да анэксіі”.

“Маё меркаваньне на тэму апошняга “Сымбалю веры”. У спрэчцы паміж эвалюцыяністамі і крэацыяністамі ня мае рацыі ніводны з бакоў. Таму што пытаньне “Ці сусьвет узьнік сам, ці яго стварыў Бог” ня мае сэнсу. Бо што такое Бог? Гэта вышэйшая сіла, якая стварыла сусьвет. Калі паставіць вызначэньне Бога ў пытаньне, атрымаецца: сусьвет узьнік сам ці яго стварыла вышэйшая сіла, якая стварыла сусьвет. Той, хто задае такія пытаньні, проста не разумее, аб чым вядзецца гаворка. Бог – гэта творца, для яго тварэньне гэта натуральны стан і бясконцы працэс, як дыханьне ці зьяўленьне думак у галаве. Таму нельга сказаць, што ён вырашыў – і стварыў”.(...)

(Спадар: ) “25-га сакавіка на мітынгу спадар Мілінкевіч сказаў, што закідае краіну праўдаю, бо ўлада баіцца яе. З тае пары ні я ні мае сябры і знаёмыя не атрымалі ніводнай улёткі, газэты, брашуры, увогуле, нічога. Калі б не было “Свабоды” я б нават ня ведаў, ці існуе яшчэ апазыцыя і асабіста спадар Мілінкевіч.

У сувязі з гэтым пытаньне да Мілінкевіча. У чым праяўляецца вашае абяцаньне закідаць праўдаю краіну? І яшчэ адно пытаньне да лідэраў апазыцыі. Ёсьць прыслоўе “супраць лому няма прыёму, толькі іншы лом”. Дык вось, 12 год таму Лукашэнка меў у руках трухлявы кій, і апазыцыя не змагла адхіліць яго ад улады. Зараз жа Лукашэнка мае чыгунны лом у выглядзе АМАПу, спэцназу, эскадронаў сьмерці і г.д. і ўмела ім карыстаецца. Ці мае апазыцыя волю, каб знайсьці лом супраць вагі Лукашэнкі, цяжкасьцю ў дзьве тоны, каб ужыць яго, ці наадварот будзе цягнуцца і далей валынка апошніх дванаццаці гадоў, а менавіта бессэнсоўнае таптаньне па вуліцах строга ўвосень і ўвесну з абавязковым заклікам разыходзіцца па дамах ды складаньне нейкіх фантастычных плянаў, за рэалізацыю якіх ніхто не нясе адказнасьць, і нават тыя, хто іх складае?”

“Хачу адказаць на пытаньне тыдня. Для мяне асабіста тэмы творчасьці Васіля Быкава і ягоны стыль абсалютна чужыя. Я лічу, што мастак, калі ён сапраўдны мастак, павінен не фатаграфаваць рэчаіснасьць, не пісаць праўду-матку, а ствараць свой сьвет, свой стыль і мову, абапіраючыся на ўласную сьвядомасьць і падсьвядомасьць, а не на абрыдлую рэчаіснасьць. Дарэчы, гэта датычыць ня толькі Васіля Быкава, а ўсёй беларускай літаратуры, якая ня можа ніяк вырвацца за межы крытычнага рэалізму і вычэрпваецца фактычна тэмамі вайны, жніва ды заклікамі любіць мову. Бо калі б, напрыклад, быў Быкаў францускім пісьменьнікам, упэўнены, што пра яго не было б напісана ніводнага слову ў школьным падручніку. На вялікі жаль, беларуская літаратура ўсё ж такі непараўнальна вузкая, нецікавая, неарыгінальная ў параўнаньні зь літаратурамі Заходняй Эўропы – і ў гэтым нашая вялікая бяда. І на гэта ня трэба заплюшчваць вочы, ня трэба перабольшваць ролі беларускай літаратуры, Васіля Быкава і іншых пісьменьнікаў; ня трэба заплюшчваць вочы, бо менавіта ў гэтай зьяве, у зьяве нецікавасьці, несучаснасьці беларускай літаратуры палягае праблема абыякавасьці беларусаў да роднага слова, да нацыянальных каштоўнасьцяў”.

(Спадар: ) “Спаўняецца 65-я гадавіна пачатку вайны, калі Гітлер вераломна напаў, а Сталін так яму верыў. Да гэтых пор лукашэнкаўскія палітыкі і гісторыкі ўсяляк замоўчваюць, скажаюць гістарычныя факты. А факты такія: пакт Молатава-Рыбэнтропа з сакрэтным пратаколам да яго аб падзеле Эўропы. І яны, Гітлер і Сталін, як саюзьнікі, пачалі 2-ю сусьветную вайну нападам на Польшчу з захаду і ўсходу. Як вынік падзелу Польшчы – дамова Гітлера са Сталінам аб дружбе і граніцы ў 1939-м годзе. У лістападзе 1939-га году Сталін напаў на Фінляндыю, а ў 1940-м захапіў прыбалтыйскія краіны, а Гітлер захапіў Францыю і пачаў бамбіць Англію. У сьнежні 1939-га году Сталіна горача віншавалі з шасьцідзесяцігодзьдзем Гітлер, Рыбэнтроп, Мусаліні і іншыя яго сябры. У студзені 1940-га году была падпісана дамова паміж Гітлерам і Сталінам аб эканамічным супрацоўніцтве і гандлі, і сотні эшалёнаў са стратэгічнымі таварамі пайшлі ў Германію. 5-га сакавіка 1940-га году палітбюро на чале са Сталіным прынялі пастановы аб расстрэле 25 тысячаў польскіх афіцэраў-ваеннапалонных. Савецкія гісторыкі кажуць, што пакт Рыбэнтропа-Молатава дазволіў расьцягнуць вайну і лепш да яе падрыхтавацца. Як Сталін падрыхтаваўся, паказаў 1941-ы год, калі Гітлер падышоў да самай Масквы, і ў палон трапіла каля пяці мільёнаў чырвонаармейцаў, дзясяткі тысячаў танкаў і самалётаў.

Такое пытаньне да гісторыкаў Радыё Свабода, ці праўда, што ў канцы 1941-га году Сталін прапанаваў Гітлеру заключыць мір?”

(Спадар: ) “Адказ на пытаньне. Васіль Быкаў заўсёды мовіў, што галоўнае для яго – гэта ісьціна. Так што галоўнае для мяне ў спадчыне Васіля Быкава – ісьціна”.

(Віктар Бутто, Менск: ) “Аб існуючай поўнай неабароненасьці ад улады грамадзяніна ў горадзе Менску. Ва ўсе часы грамадзянін зь Беларусі зьяўляецца неабароненым ад улады. Яшчэ больш неабароненым такі грамадзянін аказаўся ад гэтай улады, калі Беларускую ССР перайменавалі ў Рэспубліку Беларусь. Чыноўнікі і іншыя, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе, для якіх законы няпісаныя, цалкам пазбавіліся ад выкананьня сваіх абавязкаў перад грамадзянінам зь Беларусі і перад грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, бо яны аказаліся над правамі і свабодамі такога грамадзяніна ў гэтай вельмі небясьпечнай дзяржаве для пражываньня. Улада і яе прадстаўнікі могуць адняць у грамадзяніна і ў любы дзень любыя канстытуцыйныя правы і свабоды, а адказваць заўжды будуць толькі незаконна пацярпелыя ад іх ахвяры. Горш за ўсё тое, што такому грамадзяніну немагчыма нават зьбегчы ад гэтай крымінальна-бандыцкай улады, бо ён зьяўляецца нежаданым і ў іншых дзяржавах, дзе іх не прызнаюць нават за уцекачоў”.

(Ларыса, пэнсіянэрка, Менск: ) “Васіль Быкаў – гэта зьява ў нашай беларускай літаратуры і, наогул, у нашым жыцьці. Ужо многа было сказана на “Свабодзе” пра яго творы, але я хачу зьвярнуць увагу на яго як на нашага беларускага філёзафа. Ён дае нам магчымасьць па новаму зірнуць на нашу рэчаіснасьць без прыкрасу. Бо многія нашы пісьменьнікі да яго згладжвалі рэчаіснасьць, каб іх творы друкаваліся без перашкодаў. Пры савецкай уладзе гэта было так. Таму зьдзіўляесься, чаму прадстаўнікі нашай улады, якія значна маладзейшыя за Васіля Быкава, так абыякава ставяцца да яго творчасьці. Яго творы трэба вывучаць, каб у нашым жыцьці рабіць менш памылак. Доўгая дарога дадому была і ў маіх бацькоў, якія змагаліся ў менскім падпольлі пад час вайны, а потым доўгая дарога ў Нямеччыну ў канцлягер, а затым доўгая дарога дадому. На гэтым іх турботы не скончыліся. Вельмі шкадую, што не была зь ім знаёмая асабіста, бо лёс маіх бацькоў быў бы тэмай для яго аповесьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG