Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч ня змог паехаць у Кран-Мантана, каб атрымаць прэмію


Радыё Свабода Кран-Мантана – невялікі горад у Швайцарыі, вядомы тым, што там адбываецца прэстыжны ўсясьветны бізнэс-форум. Гэты форум мае ўласную прэмію, якой ганаруюць за вялікія заслугі ў справе барацьбы за мір, свабоду ды дэмакратыю. Прэмія прысуджаецца штогоду ад 1989-га. Сярод яе ляўрэатаў — такія вядомыя асобы, як Ясір Арафат, Ангела Мэркель, Юлія Цімашэнка.

Сёлета прэмію Форуму Кран-Мантана прысудзілі Аляксандру Мілінкевічу, пра што беларускаму палітыку паведаміў старшыня фонду Жан-Поль Кратэрэн. Аднак былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ня мае магчымасьці паехаць у Швайцарыю:

(Мілінкевіч: ) “Ну, проста настолькі загружаны! Я прабачэньня папрасіў. Яны на мяне крыху пакрыўдзіліся, але ж — што зробіш. Я ім падзякаваў, сказаў, што паважаю, але прыехаць не змагу. Бывае так часам у жыцьці, што няма магчымасьці выехаць”.

У 1998 годзе форум у Кран-Мантана наведаў Аляксандар Лукашэнка. Яго запрасілі, хаця напярэдадні ў Беларусі адбыўся міжнародны скандал, зьвязаны з высяленьнем амбасадараў шэрагу заходніх краінаў з “Драздоў”. Паездка Лукашэнкі ў Кран-Мантана скончылася канфузам. Падчас дыскусіі адзін зь яе ўдзельнікаў назваў Лукашэнку дыктатарам і сказаў, што ён скончыць свае дні, як і ўсе іншыя дыктатары. Кіраўнік Беларусі са словамі “Вось вашая хвалёная заходняя дэмакратыя” сарваў зь сябе навушнікі й дэманстратыўна пакінуў залю паседжаньняў.
XS
SM
MD
LG