Лінкі ўнівэрсальнага доступу

65 гадоў таму пачалася гітлераўская акупацыя Беларусі


Ігар Карней, Менск 22 чэрвеня 1941 году вайсковыя злучэньні вэрмахту парушылі мяжу Савецкага Саюзу, тым самым пачаўшы прынцыпова новы этап II усясьветнай вайны. Ужо не сакрэт, што пачатак гэтага этапу быў прадвызначаны палітычнымі гульнямі кіраўнікоў Нямеччыны і СССР – Гітлера і Сталіна. Але калі сёньня ў Нямеччыне нават згадка пра тыя падзеі выклікае балючую рэакцыю, дык у сучаснай Беларусі на ініцыятыву першых асобаў дзяржавы імя Сталіна ў сувязі з падзеямі вайны прамаўляецца з пашанай.

Гісторык, дасьледчык II усясьветнай вайны Алег Гардзіенка лічыць, што сымбалічную дату 22 чэрвеня трэба разглядаць ў асноўным у кантэксьце таго, як адна вайсковая машына “апярэдзіла” дзеяньні другой.

(Гардзіенка: ) “Яшчэ 16 чэрвеня 1941 году пачалося перакіданьне савецкіх войскаў з Далёкага Ўсходу на заходнія межы. Таксама дзесьці ў сярэдзіне чэрвеня Савецкі Саюз праз афіцыйную прэсу вуснамі Молатава заявіў: той, хто гаворыць, што Нямеччына рыхтуе вайну, фактычна ідыёт (прыблізна такія былі словы). Маўляў, усё гэта чуткі, плёткі, і нельга паддавацца на правакацыі. Але ёсьць думка, што СССР сам рыхтаваўся да вайны (гэта тое, пра што пісаў Віктар Сувораў). Проста ўрэшце Гітлер апярэдзіў Сталіна”.

Здавалася, што пасьля падпісаньня вядомага пагадненьня аб ненападзе, так званага пакту Молатава-Рыбэнтропа, кіраўніцтва СССР атрымала фору для ўдасканаленьня сваіх плянаў. Аднак адмова фашыстоўскай Нямеччыны ад ранейшых намераў істотна адкарэктавала стратэгію Іосіфа Сталіна, якая, як лічаць многія сучасныя дасьледчыкі, і стала асноўнай прычынай шматмільённых стратаў савецкага народу ў часе вайны. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка выступае з прынцыпова іншых пазыцыяў.

(Лукашэнка: ) “Старыя нашыя часта гавораць: у нас хочуць забраць перамогу. Гадоў пяць таму і я спакойна да гэтага ставіўся, а шмат хто ўвогуле зьдзекліва пасьмейваўся: зноў гэтыя старыя са сваёй вялікай перамогай. Але сёньня мы востра адчуваем, што гэта было насамрэч так. Таму што невядома, што было б... Дый, увогуле, вядома, што было б з Эўропай і тым больш са сьветам, калі б фашызм пераадолеў вось гэтую непераадольную перашкоду ў выглядзе Савецкага Саюзу”.

Культывацыя вобразу гераічнага мінулага набывае ўсё новыя формы. Сёньня пад Заслаўем, на адноўленай летась “Лініі Сталіна”, зноў будуць страляць, а пераапранутыя ў форму 1930-х гадоў чырвонаармейцы, насуперак гістарычнай праўдзе, пагоняць у бок Радашкавічаў уяўных немцаў. Дырэктар гістарычна-культурнага комплексу Аляксандар Базарнаў разьлічвае, што паступова гэтае месца ператворыцца ў “сымбаль мужнасьці”.

(Базарнаў: ) “Атрымліваецца, што падлетак, малады мужчына ня можа сёньня патрымаць у руках зброю. А тут – калі ласка. Прыяжджай, глядзі, мацай. Мы нават плянуем дамагчыся дазволу, каб наведнікі маглі з “Максіма” пастраляць (натуральна, халастымі патронамі). Увогуле пастраляць са зброі таго часу – са стрэльбы, з кулямёта. Калі будзе магчымасьць, хацелі б паставіць псэўдапарашутную вышку – каб было месца для сапраўдных мужчынскіх заняткаў, каб маладыя людзі маглі адчуць сябе сапраўднымі мужчынамі, паглядзець, прывесьці сваіх бацькоў ці яшчэ кагосьці”.

Што да саміх вэтэранаў, дык і яны ня ўсе адназначна ставяцца да імпэту ў аднаўленьні таталітарных каштоўнасьцяў і самога імя Сталіна. Так, мастак-франтавік Віктар Грамыка лічыць, што сёньня гэтага ня варта рабіць, хоць у гады вайны веру ў “мудрасьць” Сталіна можна было і зразумець.

(Грамыка: ) “Што да той вайны. Я ведаю шмат маіх паплечнікаў, якія глядзелі на Сталіна як на правадыра, які кіруе народам досыць плённа. Бо насамрэч бяз той арганізацыі тылу, які пачаў выпускаць зброю за Ўралам, пад адкрытым небам, дзе стаялі за такарным станком 14-гадовыя дзяўчаткі і хлопцы, перамогі не было б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG