Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастановаю суду закрыты рэсурсавы цэнтар “Кола сяброў”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Магілёве стала на адну грамадзкую арганізацыю меней – суд закрыў рэсурсавы цэнтар “Кола сяброў”, які дзейнічаў каля 10 гадоў і быў візытоўкай грамадзкіх арганізацыяў Магілёўскай вобласьці. Былыя актывісты “Кола сяброў”, аднак, прызнаюць, што да закрыцьця арганізацыі прычыніўся і ўнутраны канфлікт. У асаблівасьцях сытуацыі спрабаваў разабрацца наш карэспандэнт.

“Кола сяброў” магілёўскі суд закрыў на падставе рашэньня абласной управы юстыцыі, якая знайшла парушэньні ў дзеяньнях арганізацыі: у статут унесьлі зьмены пры недастатковай колькасьці ўдзельнікаў сходу. Кіраўнік “Кола сяброў”Алесь Асіпцоў гэтак прэзэнтуе закрытую арганізацыю:

(Асіпцоў: ) “Кола сяброў” працяглы час існавала як рэсурсавы цэнтар. Мы дапамагалі грамадзкім ініцыятывам станавіцца грамадзкімі арганізацыямі. Дапамагалі юрыдычна, мэтадычна, тэхнічна. У нас была неблагая бібліятэка, была свая інфармацыйная рассылка. Я мяркую, па зьнікненьні “Кола сяброў” у Магілёве зьнікне публічны недзяржаўны сэктар”.

У судзе Алесь Асіпцоў не пагаджаўся з рашэньнем управы юстыцыі. Паводле Асіпцова, унутры арганізацыі ўзьнік канфлікт. Тое, што напярэдадні судовага паседжаньня ўправа юстыцыі дала канфліктным бакам тры дні для знаходжаньня кампрамісу, Алесь Асіпцоў называе фармальнай прапановай. Ён лічыць, што за такі малы час знайсьці паразуменьне немагчыма.

Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік прадстаўляе другі бок гэтага канфлікту. Ён перакананы, што суд толькі паставіў кропку ў працэсе, які вяла цягнуўся некалькі гадоў.

(Суднік: ) “Мяркую, што насамрэч яшчэ тры гады назад арганізацыя перастала існаваць. Гэта адбылося з такой знакамітай на ўсю краіну арганізацыяй таму, што тры гады назад групай сяброў арганізацыі былі ініцыяваныя выбары новага кіраўніцтва, якое перамагло зусім невялікай колькасьцю галасоў”.

Кожны год у Беларусі закрываюць звыш 50 грамадзкіх арганізацыяў. Ёсьць падставы лічыць, што частка зь іх становіцца ахвярай палітычнага ціску, але некаторыя закончваюць існаваньне і зь іншых прычын.

Алег Трусаў узначальвае Таварыства беларускай мовы. Гэтая грамадзкая арганізацыя існуе больш за 15 гадоў насуперак шматлікім праблемам. Вось у чым бачыць Алег Трусаў сакрэт выжываньня ТБМ:

(Трусаў: ) “ТБМ пабудавана на валянтэрскай працы. Мы нікому ніякіх грошай ня плацім. Заробкі супрацоўнікаў проста сьмешныя, сымбалічныя, і ўсе пра гэта ведаюць. І самае галоўнае: мы празрыстыя ў фінансавых адносінах. Мы адзіныя, хто друкуе ўсе сумы, якія нам ахвяруюць. Такім чынам, павінна быць валянтэрская праца і празрыстасьць фінансавая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG