Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закінутыя вясковыя хаты будуць зносіць


Іна Студзінская, Менск Згодна з указам № 70 Аляксандра Лукашэнкі, да 1 ліпеня сельскія саветы павінны скласьці рэестар бесгаспадарных, закінутых дамоў у вёсках. Уласьнікам, якія стала не жывуць у сельскіх дамох, неабходна вызначыцца: або яны будуць даглядаць дом і навакольную тэрыторыю, або лепш прадаць хату. Інакш лёс трухлявых пустуючых дамоў будуць вызначаць адмысловыя камісіі для навядзеньня парадку ў населеных пунктах. Калі хата вельмі старая і занядбаная, яе зьнясуць.

Нават на цэнтральных сядзібах перадавых гаспадарак сустракаюцца бесгаспадарныя, закінутыя хаты. Старыя людзі паміраюць, нашчадкам нерухомасьць у аддаленай вёсцы не патрэбная. Зямля зарастае пустазельлем, вакол утвараецца сьметнік, саму хату наведваюць апівохі і бамжы. Што да вёсак, якія паміраюць і зьнікаюць з мапы Беларусі, то тут карціна вельмі непрыглядная. Расказвае Сяржук Няроўны, рэдактар крычаўскай газэты “Вольны горад”, які часта бывае ў навакольных вёсках:

(Няроўны: ) “Калі я ішоў у абласны савет кандыдатам у дэпутаты, мы пабылі ў такой праблемнай вёсцы Дзягавічы. Збанкрутаваў калгас. Вёскі, якія належаць да гэтага былога калгасу, Дзягавічы, а асабліва Зарубец, пакідаюць вельмі цяжкае ўражаньне. Там вельмі шмат дамоў, пакінутых людзьмі, шмат праблемаў, калодзежы нячышчаныя, дарогі няма”.

Да прыкладу, у адным толькі Фашчаўскім сельскім савеце Шклоўскага раёну каля сотні пустых і напалову разбураных дамоў. Па Беларусі іх, натуральна, тысячы. Таму вырашана навесьці парадак. Уладальнікі пустуючых дамоў павінны да 1 ліпеня паведаміць у сельсавет, як яны будуць карыстацца домам і зямельным участкам, ці зьбіраюцца рамантаваць і даглядаць забудову. Калі не – мясцовыя ўлады могуць абысьціся з хатай, дзе стала ніхто не жыве, сурова. І ўжо такі прэцэдэнт ёсьць.

(Спадар: ) “У мяне на сяле жылі бацькі. Ну, ня быў там ужо каторы час. Домік ужо такі пахілены, але яшчэ стаяў. Цяпер прыехаў – доміка няма, адно пустое месца. За гэты час яго ўзялі і зьнесьлі. Што, да чаго – ніхто толкам ня кажа: “Ты павінен быў там нешта рабіць, адно, другое, трэцяе...” Зьнесьлі маю маёмасьць, дзе жылі бацькі, не па-людзку зрабілі, разабралі. Гавару на ўмовах ананімнасьці, таму што ведаю, што будзе яшчэ горай: наагул, канцоў ня знойдзеш, і капейкі нават ня выплацяць”.

У гэтым канкрэтным выпадку мясцовыя ўлады пасьпяшаліся выканаць указ № 70. Уласьніку спачатку трэба выставіць пісьмовае прадпісаньне аб неабходнасьці прывядзеньня дому ў належны стан. Тэрмін дзеяньня прадпісаньня – 6 месяцаў. Калі цягам гэтага часу дом не ўпарадкаваны, выканкам можа зьвярнуцца ў адмысловую камісію, каб нерухомасьць ацанілі, а потым праз суд пазбавіць гаспадара права ўласнасьці і перадаць хату ў камунальную ўласнасьць. У гэтым выпадку ўладальніку старога, трухлявага дому павінна быць выплачаная кампэнсацыя. Такім чынам, тым з гараджанаў, у якіх ёсьць нерухомасьць у вёсцы, трэба вызначыцца, што зь ёю рабіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG