Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: у хаце сястры Васіля Быкава няма тэлефоннай сувязі


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку за 22 чэрвеня.

“Комсомольская правда в Белоруссии” друкуе матэрыял аб сустрэчы журналістаў з роднай сястрой Васіля Быкава Валянцінай Уладзімераўнай. Яна па-ранейшаму жыве ў вёсцы Ваўчо, што за некалькіх кілямэтраў ад Бычкоў. Адкрыцьцём для газэтчыкаў стала адсутнасьць у хаце Валянціны Быкавай тэлефоннай сувязі. Выданьне зьвяртаецца да мясцовай улады і спадзяецца дапамагчы сястры Васіля Быкава.

Аб праблемах “Беларуськалію” піша сёньня “Наша ніва”. Паводле тыднёвіка, цяпер тавар прадпрыемства экспартуецца празь Літву толькі ў Індыю. Газэта аналізуе прычыны правалу экспартнай палітыкі Беларусі.

Таксама сёньня рэгіянальная слуцкая газэта “Інфа-кур’ер” паведамляе, што цяперашні прастой салігорскага “Беларуськалію” нэгатыўна адбіваецца на заробках і выплатах працаўнікоў бюджэтнай сфэры Меншчыны. Сытуацыю ўдакладняе журналіст Алесь Дастанка:

(Дастанка: ) “Цяпер паўсюдна ў Менскай вобласьці затрымліваюць выплату заробку пэдагогам. Агульная лічба – 30 мільярдаў рублёў”.

На 89-м годзе ў Вялейцы на Меншчыне памерла Соф’я Сомаль – апошняя ўдзельніца гераічных падзеяў беларускага нацыянальнага супраціву, зьвязаных зь імем Янкі Філістовіча. Фрагмэнты апошняга інтэрвію Соф’і Сомаль друкуе сёньня “Наша ніва”. Чытач даведаецца пра невядомыя раней факты дзейнасьці Філістовіча.

Нагадвае пра Вялейку і маладэчанская “Рэгіянальная газета”. Падобна на тое, што помнік Леніну на плошчы яго імя ня будзе, як кажа журналіст Аляксандар Манцэвіч, рэзаць вочы:

(Манцэвіч: ) “Архітэктар вырашыў візуальна зьменшыць плошчу. Візуальна. У цэнтры яе будзе архітэктурная пляцоўка ў дыямэтры 25 мэтраў. Галоўнай будзе менавіта гэтая пляцоўка, а не помнік Леніну”.

І апошняя на сёньня навіна таксама гістарычнай тэматыкі. Івану Луцкевічу спаўняецца 125 гадоў. Як піша “Наша Ніва”, у год заснаваньня газэты яму было дваццаць пяць. Крыху болей, чым маладафронтаўцу Зьмітру Дашкевічу цяпер, і крыху меней, чым “бунтару” Дзянісу Дзянісаву.

Пабудаваны на параўнаньнях матэрыял “Нашай нівы” пра рэвалюцыянэраў друкуецца пад загалоўкам “Два гады на падпольным становішчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG