Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша сыстэма пабудаваная так, каб мы прасілі, прыніжаліся, станавіліся ў чаргу да чыноўнікаў, якія разьмяркоўваюць даброты”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. (эфір 21 чэрвеня)

Тры гады таму Беларусь засталася без Васіля Быкава. Імя вялікага пісьменьніка на гэтым тыдні згадваюць многія й часта: у чэрвені 82 гады таму Васіль Быкаў зьявіўся на сьвет; і ў чэрвені ж у гадавіну пачатку вайны сышоў, пакінуўшы пасьля сябе кнігі, якія дапамагалі й дапамагаюць беларусам жыць, разьбірацца ў сабе і ў навакольным сьвеце.

Тэма Васіля Быкава, ушанаваньня яго памяці гучыць і ў лістах нашых слухачоў. Аўтар аднаго з такіх допісаў — Віктар Каваль зь Віцебску. Ён піша:

“У любой іншай краіне імем пісьменьніка такога маштабу, як Васіль Быкаў, назвалі б вуліцы, плошчы, унівэрсытэты. Яго талент ўвекавечылі б у помніках. А ў нас? Што зроблена за тры гады пасьля сьмерці вялікага беларуса? Ды нічога. Нават надмагільны камень-валун пісьменьнікі набывалі невядома за якія грошы. Сорамна за нас, беларусаў. Улада ўсё разьлічыла правільна: калі творы Быкава не перавыдаваць, імя яго нідзе ня згадваць, дык моладзь пра яго ня будзе ведаць. І так пакрысе будзе прыніжаны і талент пісьменьніка, і ягоны маштаб. Дзеля гэтага ж усё і робіцца. Пасьля Быкава беларуская літаратура асірацела і зьбяднела. Сёньня ў ёй няма такой велічнай фігуры. А тое, што ўлада спрабуе зрабіць з дапамогай расколу Саюзу пісьменьнікаў — дык гэта ўвогуле сьмешна.

Прыўладным творцам далі магчымасьць друкавацца і зарабляць грошы, але гэта зусім не азначае, што іх будуць чытаць і шанаваць. Ніводнага значнага імя ў шэрагах арганізацыі, створанай Чаргінцом, няма. І наўрад ці будзе, бо разумныя людзі ведаюць, якая будучыня чакае гэты саюз пасьля зьмены ўлады ў Беларусі?”

Ня думаю, спадар Каваль, што маштаб асобы Васіля Быкава альбо ўплыў яго твораў можна прынізіць з дапамогай адміністрацыйных мэтадаў. Наадварот, чым больш забаронаў, ігнараваньня і замоўчваньня, тым большая цікавасьць і да творчай спадчыны, і да мясьцінаў, зьвязаных зь імем вялікага пісьменьніка. Так было пры жыцьці Васіля Быкава, так працягваецца і цяпер. А назвы вуліцаў, музэі й помнікі — гэта толькі пытаньне часу. Літаратурныя творы Васіля Быкава будуць жыць значна даўжэй, чым цяперашняя ўлада і тыя людзі, якія спрабуюць прынізіць ці хоць бы праігнараваць спадчыну вялікага пісьменьніка.

Наш слухач з Драгічына Анатоль Месьціч даслаў статыстычныя зьвесткі пра дэмаграфічную сытуацыю ў сваім раёне. Афіцыйныя лічбы наступныя: летась у раёне памерлі й загінулі 876 чалавек, нарадзіліся — 492. Такім чынам, сьмяротнасьць перавысіла нараджальнасьць больш як на 40 працэнтаў. Колькасьць сьмерцяў у 2005 годзе вырасла ў параўнаньні з годам папярэднім на 113 выпадкаў. Адначасова слухач даслаў публікацыю зь берасьцейскай абласной газэты “Заря” пад назвай “Час дэмаграфічных зьменаў”, у якой ідзе размова, як ні дзіўна, пра дэмаграфічныя посьпехі ў тым жа Драгічынскім раёне. Газэта пераконвае чытачоў, што дзякуючы клопатам кіраўніка дзяржавы тэндэнцыя пачынае мяняцца ў лепшы бок:

“У 2004 годзе ў Драгічыне было 270 родаў, а ў 2005-м — ужо 308”, — хваліцца загадчыца радзільнага дому Людміла Скорб. Пра тое, што за гэты ж год памерла амаль 900 чалавек, і гэта на 113 выпадкаў болей, чым летась, у публікацыі ня згадваецца. Гэта ўжо зусім іншая тэндэнцыя, якая для рубрыкі пад назвай “Па прэзыдэнцкай праграме”, відаць, не пасуе”.

Вялікі й вельмі шчыры ліст з Горадні ад прадпрымальніцы Ірыны Бялевіч (прозьвішча выдуманае):

“Сваім сапраўдным імем падпісацца не магу — мне ёсьць што губляць. Апошнія дванаццаць год я прадпрымальнік. Бізнэс невялікі, але на жыцьцё хапае. Ня скарджуся. Але апошнім часам вось пра што я стала задумвацца. Чаму нас так ня любіць наша дзяржава? Нас — гэта прадпрымальнікаў, незалежных бізнэсмэнаў сярэдняга і малога бізнэсу. І вось да якой несуцяшальнай высновы я прыйшла. У таталітарнай дзяржаве ўсё павінна быць пад жорсткім кантролем”.

Далей у сваім лісьце Ірына, грунтуючыся на ўласным досьведзе, разважае пра супрацьстаяньне чыноўнікаў і прадпрымальнікаў:

“Кожны жук і жаба ў чыноўніцкім крэсьле лічыць свой дакумэнт больш важным, чым дакумэнт суседняга міністэрства. Вось бы іх зь цёплых крэслаў выправіць для прафіляктыкі на вольны хлеб. Можа, тады яны зірнулі б на нашу працу па-іншаму. А то — ня жнуць, не аруць, а толькі майстры пладзіць пустыя паперкі. Ведаю многіх сваіх калег — жанчын-прадпрымальніц. Дзейсных, надзейных, энэргічных, настойлівых, прафэсіяналаў у сваёй справе. Гэта проста залаты фонд дзяржавы, які трэба ўсяляк падтрымліваць. А што можа стварыць чыноўнік? Цыркуляры, нарматывы, інструкцыі — тоны макулятуры, напісаныя такой кандовай цяжкой мовай, што пасьля прачытаньня рукі апускаюцца. Няхай спачатку здадуць тэсты на валоданьне нармалёвай мовай, на якой можна папулярна выкладаць свае крывыя думкі, а потым ужо працуюць на дзяржаўным кармленьні”.

Шмат месца ў сваім лісьце гарадзенская прадпрымальніца Ірына Бялевіч надае такой надзвычай важнай для прыватных бізнэсмэнаў тэме, як шматлікія праверкі:

“Працуеш-працуеш без выходных і адпачынкаў — і ўсяго баісься. Баісься, што прыйдуць аднаго разу такія бравыя браткі і ўмомант цябе разуюць-распрануць. А ў іх, звыклых да карных санкцыяў, няма да нас ніякага спачуваньня. Адзін голы цынізм і зьдзекі. Чым не грамадзянская вайна ў мірны час? Я чалавек аптымістычны, але пасьля дванаццаці гадоў вольнага прадпрымальніцтва гляджу ў будучыню без усялякай надзеі. Ня будзе ў Беларусі пэрспэктыўнага заўтра, пакуль прадпрымальнікі застаюцца ў такім незайздросным, вартым жалю стане. Да таго часу, пакуль чыноўнік не навучыцца паважаць нас, нашу працу і ўклад у агульную справу, не засвоіць простай ісьціны, што дзяржава павінна найперш падтрымліваць бізнэс хоць бы на роўных, — будзе і далей у нашай краіне такі выродлівы лад.

Свабодныя грамадзяне ня могуць быць залежнымі ад дзяржавы. Разьвяжыце ім рукі — і яны самі сябе пракормяць, абуюць, апрануць і яшчэ дадуць працу іншым. Але тады гэта ўжо будуць іншыя людзі, якія самі здолеюць паклапаціцца пра сябе. А гэта вельмі небясьпечна для таталітарнай дзяржавы. Наша сыстэма пабудаваная так, каб мы прасілі, прыніжаліся, станавіліся ў чаргу перад чыноўнікамі, якія разьмяркоўваюць даброты. Таталітарнаму рэжыму выгодна мець не свабодных грамадзянаў, а палахлівых і залежных падданых, якіх цікавіць толькі стойла і пойла…

Трэба аддаць належнае таму галоўнаму чалавеку ў нашай краіне, які здолеў пад сябе, пад свой сьветапогляд і сьветаўспрыманьне адбудаваць свой уласны сьвет і пасьпяхова прымусіў нас жыць у ім. Часам мне нават шчыра шкада гэтага чалавека — ён жа стараецца ў меру свайго разуменьня зрабіць нас шчасьлівымі любымі шляхамі й спосабамі, нават карнымі. Але я не хачу жыць у яго сыстэме. Не хачу. Ды толькі выбару ў мяне няма. Пазбавілі мяне выбару. Я ўсім сэрца за перамены ў краіне. Бо дзяржаўная машына расьперазалася і чыніць беззаконьне паўсюль — у эканоміцы, палітыцы, культуры. Паўсюднае хамства ўлады, прымітыўнае жлобства любых начальнікаў, нізкі адукацыйны ўзровень высокіх дзяржчыноўнікаў, таптаньне роднай культуры і мовы — усё гэта дало жахлівы плён. За апошняе дзесяцігодзьдзе вырасла цэлае пакаленьне маладых людзей, якім глыбока абыякава ўсё, што адбываецца ў краіне. Галоўнае, каб іх не чапалі, калі яны ідуць па вуліцы і пацягваюць піўко, ляніва лаюцца (дакладней, размаўляюць на сваім прымітыўна-мацерным слэнгу). І гэта — вельмі вялікі працэнт страчанага пакаленьня. Яны не цікавяцца ня толькі палітыкай. Яны інэртныя і аморфныя ў любых грамадзкіх справах. Можа, сапраўды, трэба спачатку страціць, каб потым набыць?”

Дзякуй вам, Ірына, за шчыры цікавы ліст, за глыбокія развагі і мудрыя высновы. Наўрад ці можна нешта дадаць да вашага аналізу той сыстэмы, якая склалася ў Беларусі ў дачыненьнях паміж уладай і прыватным бізнэсам. Адчуваецца, што гэтыя развагі грунтуюцца на глыбокім веданьні справы, на шматгадовым уласным досьведзе, уласных стратах, расчараваньнях і адкрыцьцях. Вось толькі што да высноваў пра сучасную моладзь... І цяпер, і дзесяць гадоў таму, і заўсёды былі канфармісты, прыстасаванцы, абыякавыя да палітыкі й нават да ўласнай будучыні. Але вось жа ў сёлетнім сьцюдзёным сакавіку на Кастрычніцкай плошчы Менску невядома адкуль зьявіліся гэтыя маладыя бясстрашныя людзі. І гэта пасьля дзесяцігодзьдзя татальнай ідэалягічнай апрацоўкі, ва ўмовах усеагульнай запалоханасьці й падазронасьці. Такіх людзей (ня толькі маладых) у Беларусі шмат. Мяркую так, сярод іншага, па пошце “Свабоды”, у тым ліку і па вашым, Ірына, лісьце.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG