Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Мы маем плян і пачынаем дзейнічаць”


Радыё Свабода Сёньня на паседжаньні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў абмеркаваны плян супольных дзеяньняў. Гэты дакумэнт распрацавала адмысловая рабочая група, у якую ўваходзілі прадстаўнікі суб’ектаў кааліцыі.

Плян палітычнай кампаніі “За свабоду” складаецца з канкрэтнага раскладу дзеяньняў. Паводле лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, дакумэнт задавальняе ўсіх, хаця прыняць яго важна як мага хутчэй.

(Мілінкевіч: ) “Важна было зрабіць гэта да канікулаў, таму што студэнты, моладзь вельмі радыкальная, актыўная, хоча дзеяньняў, і калі б мы працягнулі да восені — гэта было б зусім несур’ёзна. А цяпер мы маем гэты плян і пачынаем дзейнічаць. Летам будзе менш працы, увосень значна больш. Улада знаходзіцца ў крызісе — сёньня маральным, заўтра ў эканамічным. І мы мусім быць падрыхтаваныя да гэтага. Але самае галоўнае для нас — не змаганьне з уладай, а змаганьне за людзей”.

Крытычна глядзіць на распрацаваны плян дзеяньняў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён заявіў, што дакумэнт — толькі першы крок, важны і неабходны.

(Лябедзька: ) “Патрэбная дадатковая прапрацоўка, таму што распрацоўнікі пайшлі шляхам уключэньня ўсяго таго, што прапануецца. І дакумэнт атрымаўся даволі эклектычны. Таму патрэбны будзе яшчэ некаторы час для дапрацоўкі гэтага дакумэнта”.

Сябра рабочай групы, актывіст Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў, што стратэгічная мэта кааліцыі палягае ў патрабаваньні свабодных, дэмакратычных выбараў. У пляне канкрэтна сказана, як гэтага дамагацца.

(Івашкевіч: ) “Празь ціск на ўсе органы дзяржаўнай улады ў выглядзе мірных акцыяў пратэсту, масавых маніфэстацыяў прымусіць Палату прадстаўнікоў прыняць адпаведны закон і пастанову, якія гарантуюць правядзеньне свабодных і дэмакратычных выбараў прэзыдэнта і парлямэнту ў 2007 годзе”.

Дакумэнт, які прапанаваны на абмеркаваньне, склаўся з прапановаў суб’ектаў кааліцыі, у тым ліку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая выступае за правядзеньне кангрэсу дэмсілаў.

(Івашкевіч: ) “Кангрэс дэмсілаў у складзе дэлегатаў 2005 году павінен быць тэрмінова скліканы ў выпадку ўзмацненьня рэальнай пагрозы сувэрэнітэту Беларусі. Другое — кангрэс дэмсілаў можа быць скліканы на рашэньне Палітычнай рады ў любы іншы час, і трэцяе — што кангрэс дэмсілаў абавязкова павінен быць скліканы перад свабоднымі, дэмакратычнымі выбарамі. У сэнсе, калі кааліцыі ўдасца дамагчыся свабодных, дэмакратычных выбараў, то перад гэтымі выбарамі павінен быць кангрэс, які пацьвердзіць пэрсону адзінага кандыдата ў прэзыдэнты”.
XS
SM
MD
LG