Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прычыны выклікалі спыненьне "Беларуськалію"?


Ігар Карней, Менск Ад сярэдзіны чэрвеня паралізаваная праца найбуйнейшага ўсясьветнага вытворцы калійных угнаеньняў — салігорскага “Беларуськалію”. Да сёньня нязначную адгрузку мінэралаў ажыцьцяўляў толькі адзін з чатырох руднікоў. Як паведамілі на прадпрыемстве, раніцай напаўсілы запрацаваў яшчэ адзін. Хто вінаваты ў фактычным спыненьні горадаўтваральнага прадпрыемства, ад якога непасрэдна залежаць амаль 20 тысяч работнікаў?

Сытуацыя вакол “Беларуськалію” ўчора абмяркоўвалася на адмысловай нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Заклапочанасьць кіраўніка краіны спыненьнем стратэгічнай вытворчасьці не выпадковая: салігорскае прадпрыемства — адзін з рэдкіх валютных донараў Беларусі. Паводле вынікаў мінулага году, “Белкалій” устанавіў абсалютны рэкорд, зарабіўшы на продажы калійных угнаеньняў больш за мільярд даляраў. Аднак эканамісты сьцьвярджаюць, што страта рынку з-за прастояў і неакрэсьленай эканамічнай палітыкі можа мець вялізныя фінансавыя наступствы ў маштабах усёй краіны. Былы кіраўнік беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў Віктар Бабаед перакананы: адказнасьць за сарваныя кантракты цяпер паспрабуюць ускласьці на кіраўніцтва “Белкалію”:

(Бабаед: ) “Яны і будуць за гэта адказваць. Лукашэнка ж на сябе віны ня возьме, а крайнімі зробіць падначаленых. Павінен жа быць нейкі ахвярны казёл. Дык вось, мяркую, гэтымі казламі й будуць кіраўнікі “Беларуськалію” і канцэрну “Белнафтахім”.

Праблемы ў аднаго зь лідэраў у вытворчасьці калійных угнаеньняў пачаліся адразу ж пасьля таго, як летась Аляксандар Лукашэнка загадаў беларускім прадпрыемствам адмовіцца ад пасярэднікаў у рэалізацыі сваёй прадукцыі. Збольшага гэта былі расейскія кампаніі, якія яшчэ ад савецкага часу мелі стабільны выхад на міжнародны рынак.

Кіруючыся загадам, у красавіку 2005 году было створанае закрытае акцыянэрнае таварыства “Беларуская калійная кампанія”, якое мусіла заняцца цэнтралізаваным экспартам салігорскай прадукцыі, канчаткова пасунуўшы ад кавалка пірага расейцаў. Аднак жаданьне зарабіць "па максымуме", істотна падвысіўшы кошт мінэралаў, саслужыла дрэнную службу. Кітай, асноўны пакупнік калійных соляў, адмовіўся падпісваць кантракт на новых умовах (245 даляраў за тону замест ранейшых 205) і пераарыентаваўся на Канаду. У офісе Беларускай калійнай кампаніі і сёньня адмаўляюцца казаць пра кантрактныя пэрспэктывы “Беларуськалію”.

(Супрацоўніца кампаніі: ) “Як вы разумееце, я такой інфармацыі вам не магу даць. І нават не перакананая, што ўвогуле хто-небудзь у нас, апроч генэральнага дырэктара, упаўнаважаны агучваць такія зьвесткі. Што да кантрактаў “Беларуськалію”, то сапраўды, іх падпісвае Беларуская калійная кампанія”.

Самі работнікі “Беларуськалію” досыць эмацыйна камэнтуюць сытуацыю, што склалася на прадпрыемстве. Агульнае меркаваньне — жаданьне ўзбагаціцца трэба сувымяраць з рэальнасьцю.

(Работніца “Белкалію”: ) “Няправільна, што разарвалі дачыненьні з Масквой, я так лічу. І так усе ў нас гавораць, што ня трэба было ламаць канцэрн, які быў. Бо насамрэч было нядрэнна. І навошта нашаму Рыгоравічу яшчэ больш запатрабавался? Ня ведаю, усім усяго хапала, людзі былі задаволеныя, у бюджэт добрыя адлічэньні ішлі. Хацеў нечага большага яшчэ? Дык вялікая лыжка рот рве. Вось і патрапілі ня ў тыя вароты”.

Паводле экспэртаў, у сьвеце значная перавытворчасьць калійных угнаеньняў — асабліва што да аналягічных кампаніяў Канады і Расеі. І сыход з рынку аднаго з актыўных гульцоў толькі ўзрадуе канкурэнтаў.

Летась “Беларуськалій” экспартаваў каля 7 мільёнаў тон калійных угнаеньняў. Кітайскай Народнай Рэспубліцы было адгружана 2,1 мільёна тон, што складае амаль траціну ад усёй здабычы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG