Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты БДУ — пра спадчыну Быкава


Ганна Соусь, Менск Што са спадчыны Васіля Быкава зьяўляецца для вас найбольш важным? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

(Карэспандэнтка: ) “Заўтра чарговая гадавіна з дня сьмерці Васіля Быкава. Што са спадчыны Быкава для вас найбольш важнае?”

(Студэнтка: ) “Спадчына Быкава вядомая ўсім нам. Ягоныя творы – “Знак бяды”, “Абэліск” – гэта тое, што павінна вывучаць нашая моладзь. Памяць Васіля Быкава будуць шанаваць усе. Ягоныя творы будуць памятаць яшчэ доўгі час. Я па ягоных творах вывучала Вялікую Айчынную вайну”.

(Студэнт: ) “Ягоныя творы вельмі многа значаць у цяперашні час, таму што яны вельмі сучасныя. Мне сорамна, але я запамятаў ягоныя творы. Мая маці — выкладчыца беларускай мовы. Ён наведваў часта яе ўнівэрсытэт, размаўляў са студэнтамі. А мне вельмі сорамна, што я не магу назваць нават ягоных твораў”.

(Спадар: ) “На жаль, мы замежнікі”.

(Карэспандэнтка: ) “А чыталі Быкава?”

(Спадар: ) “Доўгая дарога дадому”. Гэта ўсё, што я чытаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А адкуль вы?”

(Спадар: ) “З ЗША”.

(Студэнтка: ) “Рэч у тым, што мы вучымся на матэматычным факультэце і больш чытаем матэматычную літаратуру. Канечне, Васіля Быкава памятаем і маем павагу да гэтага чалавека, але цяпер больш займаемся праграмаваньнем і матэматыкай, на жаль”.

(Студэнтка: ) “Я чытала ягоны твор “У тумане”. Ён вельмі пранікнёны і цікавы, там паказаныя чалавечыя эмоцыі. Гэты пісьменьнік для мяне вельмі важны”.

(Студэнтка: ) “Мы рады, што ён наш зямляк. Ёсьць чым ганарыцца”.

(Студэнтка: ) “Напэўна, усё ж “Знак бяды” — тое, што мы чыталі і ў школе, і ва ўнівэрсытэце (я вучуся на філфаку). Гэты твор — якраз тое, што трэба”.

(Студэнт: ) “Мяне найбольш уразіў “Жураўліны крык”.

(Студэнт: ) “У мяне ёсьць сяброўка, дык яе бабуля была пісьменьніцай і ведала Васіля Быкава. Я чытаў шмат ягоных твораў, якія не былі нідзе надрукаваныя”.

(Студэнт: ) “Для мяне больш важны “Знак бяды”. “Альпійская баляда” вельмі спадабалася”.

(Студэнт: ) “Я чытаў кнігу, якая выйшла перад ягонай сьмерцю — “Доўгая дарога дадому”. Мне яе падаравалі. Вельмі цікавая кніга, ягоная біяграфія жыцьця. Ён раскрывае праўду пра таталітарную сыстэму, якая існавала на той пэрыяд”.

(Студэнтка: ) “На жаль, я чытала ягоныя творы вельмі даўно. Цяпер зусім няма часу. Але жадала бы зноў узяць ягоныя творы і перачытаць”.
XS
SM
MD
LG