Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Коммерсантъ”: новы эўрапейскі праект Буша - дэмакратызацыя Беларусі


Валер Каліноўскі, Прага Расейская прэса сёньня шмат піша пра распараджэньне прэзыдэнта ЗША замарозіць усе знойдзеныя на тэрыторыі Злучаных Штатаў фінансавыя і маёмасныя актывы кіраўніка Беларусі А.Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэньня.

"Цяперашні амэрыканскі ўдар па Менску арганічна ўпісваецца ў агульную стратэгію ЗША ў справе падрыхтоўкі да саміту вялікай васьмёркі, дзе Беларусь будзе адным з франтоў супрацьстаяньня паміж Масквою і Вашынгтонам",– піша ўплывовая расейская газэта “Коммерсантъ”.– "Такім чынам ЗША ўзялі курс на пасьлядоўнае ўзмацненьне санкцыяў у адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі".

“Коммерсантъ” нагадвае, што ў дачыненьні А.Лукашэнкі і ягоных бліжэйшых чыноўнікаў ужо дзейнічае забарона на выдачу віз. "Пры гэтым ЗША практычна дакладна паўтараюць захады, якія супраць рэжыму Лукашэнкі прымае Эўразьвяз, такім чынам кіраўніцтва Беларусі апынулася пад падвойным ударам з Захаду – з боку ЗША і з боку Эўразьвязу, што толькі ўзмацняе эфэкт ціску на рэжым Лукашэнкі",– такую выснову робіць “Коммерсантъ”.

Заява Буша аб новых санкцыях ў адносінах ба Беларусі прагучала за тры дні да саміту Арганізацыі аб калектыўнай бясьпецы, які пройдзе ў Менску. Масква разглядае гэтую сустрэчу як важны этап падрыхтоўкі да саміту вялікай васьмёркі, дзе Расея хацела б выступіць і ад імя гэтай сур’ёзнай рэгіянальнай структуры. Рашэньне ЗША падрывае імідж гэтай арганізацыі, бо прынамсі адзін зь яе сябраў – краіна-ізгой і душыцель дэмакратыі, піша выданьне.

Далей “Коммерсантъ” робіць выснову, што “новым Эўрапейскім праектам Джорджа Буша канчаткова і беспаваротна становіцца дэмакратычнае ўладкаваньне Беларусі”, што “за сёньняшнімі санкцыямі пойдуць дзясяткі іншых, вялікіх і малых крокаў, аформленых у мэтанакіраваную стратэгію, якія будуць расхістваць беларускі рэжым знутры”. Пры гэтым выданьне зазначае, што калі Расея, за кошт якой існуе рэжым Лукашэнкі, не памяняе сваю беларускую палітыку, ёй прыйдзецца прыкладваць усё больш і больш намаганьняў і траціць больш сродкаў, каб падтрымліваць Лукашэнку “на плыву”, і выгада ад такой палітыкі будзе ўсё меней відавочнай.

“Независимая газета” піша, што чаканы саміт вялікай васьмёркі “ня зьбіў Джорджа Буша з курсу”, які па-ранейшаму паралельна прасоўвае дэмакратыю на постсавецкай прасторы і зьберагае партнэрства з Расеяй.

А маскоўскае выданьне “Газета” не выключае, што “Буш, уводзячы санкцыі супраць Лукашэнкі, паспрабуе падштурхнуць яго да разрыву з Расеяй”. “Узаемаадносіны Лукашэнкі і Захаду ўступілі ў новую фазу халоднай вайны, наступнай яе фазай можа быць скасаваньне Эўразьвязам гандлёвых прэфэрэнцый для Беларусі. "Несумненна, замарожваньне рахункаў Лукашэнкі – гэта самы моцны ўдар па ім, але пры ўмове, што амэрыканцы зробяць гэты ўдар",– цытуе выданьне супрацоўніка Інстытуту Эўропы РАН Цімафея Бардачова.– "Але малаверагодна, што гэты ўдар будзе фатальным. Свае рахункі Лукашэнка і ягонае атачэньне трымаюць не ў Эўропе і ЗША, а ў Расеі і кранах СНД".
XS
SM
MD
LG