Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзембель


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою ва ўспамінах і аўтарскім правапісе Вінцэся Мудрова.

Яшчэ казыча нос смурод салдацкіх анучаў, галаву дурманіць ад мутнай, па дарозе набытай самагонкі, язык яшчэ не адвык ад густога кандзёру, і ў сьне прагучаў голас днявальнага “Ротэ-э… пад’ём!” І трэба пэўны час, каб усьвядоміць, што ты дома, што мерны шум за сьценкай – гэта ня шум бээмпэшных матораў, а проста маці смажыць яечню, і знадворку чутны ня голас старшыны, а сіплы бацькавы кашаль. І доўга ляжыш з заплюшчанымі вачыма, аж пакуль зь лёгкім спалохам не прыхопліваесься.

– Мам! Людка тут, ці зьехала куды?

Маці выходзіць з кухні, адказвае не адразу.

– Зьехала на Новы год. Казалі, зь нейкім забясьпечаным пабралася.

Вось табе і першая дзембельская непрыемнасьць.

У войска ехалі шумнай падпітай грамадой, дахаты вярталіся паасобку. У першы ж дзень ішлі шукаць сяброў ды знаёмых. Гарадзкія выходзілі ў сьвет у цеснаватым, даўно ўжо нямодным адзеньні. Вяскоўцы і жыхары невялічкіх мястэчкаў – у вайсковай форме. Форма нестатутная: гузікі з афіцэрскага шынялю, значкі і шэўроны – на плястмасавай падложцы, ну і фуражка, зразумела, задзертая, як у Шцірліца.

Важнае значэньне мела тое, дзе давялось служыць. Адна рэч, калі два гады адседзеў у якой-небудзь Чыце, і другая – калі ў Нямеччыне. Праўда, на пытаньне: дзе служыў, Нямеччыну ня згадвалі. Казалі абрэвіятурна: “ГэСэВэГэ” (то бок Група савецкіх войскаў у Германіі). Не апошнюю ролю граў і род войскаў. Самы высокі статус мела дэсантура. Калі ў чарзе па “чарніла” былога дэсантніка спынялі, той няўлоўным рухам скідваў з пляча чужую руку і стрымана выдыхаў: “ВэДэВэ-э”.

Штовечару служылыя зьбіраліся на ганку вясковага клюбу і размовам не было канца.

– Ты каму аддаваў чэсьць? – гэтае пытаньне было адно з самых папулярных. – Пачынаючы з капітана, – няўпэўнена прамаўлялі ў адказ. – А я – пачынаючы з палкоўніка.

Ніхто з аднагодкаў хвалька не абвяргаў. Вакол стаялі падшыванцы, і спрэчкі на гэты конт маглі зашкодзіць агульнаму іміджу.

Прэстыжна было служыць і ў Прыбалтыцы. Паслухаць тых, хто там служыў, дык яны адно і рабілі, што глядзелі з дапамогай нейкай сакрэтнай апаратуры швэдзкае тэлебачаньне з голымі бабамі, гуртом ABBA і Джэймсам Бондам.

Часьцяком прыяжджалі дахаты зь нявестамі. Іх звычайна прывозілі з Украіны. І тады ўдвая шчасьлівым атрымліваўся дзембель.

Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фотаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.
XS
SM
MD
LG