Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указам Лукашэнкі ў Беларусі манапалізавана слова акадэмія


Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 402 аб абмежаваньнях выкарыстаньня слова акадэмія ў назовах арганізацыяў і грамадзкіх аб''яднаньняў, за выключэньнем дзяржаўных структур. Функцыі наданьня акадэмічных званьняў замацоўваюцца цяпер выключна за Нацыянальнай акадэміяй навук, а прысуджэньне навуковых ступеняў – за Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй. Што за гэтым стаіць, высьвятляла нашая карэспандэнтка.

Слова акадэмія стала чарговым у сьпісе забароненых для выкарыстаньня ў назвах арганізацыяў і грамадзкіх аб''яднаньняў. Некалькі гадоў назад аналягічныя абмежаваньні былі ўведзеныя на выкарыстаньне словаў нацыянальны і беларускі.



Якіх толькі акадэміяў няма ў Беларусі: і Нацыянальная акадэмія навук, і Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнту, і Акадэмія музыкі, і мастацтваў, і фізвыхаваньня, і сельгасакадэмія, інжынэрная, алімпійская, духоўная... Частка зь іх – грамадзкія аб''яднаньні, за сяброўства ў якіх трэба заплаціць...

Апавядае былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Вось гэтыя шматлікія грамадзкія акадэміі сталі арганізацыямі, якія часта бяруць грошы за тое, што даюць людзям вось такія навуковыя акадэмічныя званьні. Як я быў прэзыдэнтам Акадэміі навук, да мяне прыходзілі лісты са скаргамі: вось я заплаціў 3 тысячы даляраў, атрымаў званьне акадэміка, а гэтая мая паперка ніяк не прымаецца пад увагу. Нам даводзілася тады адказваць за дзейнасьць тых, хто сябе сам назваў акадэміяй навук. Таму ў мяне ўзьнікла як бы непрыняцьце іх дзейнасьці”.

Указ Лукашэнкі дае права на выкарыстаньне слова акадэмія толькі ў найменьнях арганізацыяў, якія зьяўляюцца цалкам дзяржаўнымі. Такім чынам, слова акадэмія захаваецца ў назвах Нацыянальнай акадэміі навук і шэрагу дзяржаўных установаў вышэйшай адукацыі накшталт Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту, Акадэміі МУС, Беларускай акадэміі мастацтваў... Усім астатнім грамадзкім акадэміям давядзецца мяняць назовы. Ну а званьні прысвойваць будзе цяпер выключна Вышэйшая атэстацыйная камісія.

Гаворыць кандыдат філялёгіі, намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Якраз Лукашэнка ідзе насуперак усясьветнай тэндэнцыі. У цэлым за мяжой, на Захадзе, гэта абсалютна грамадзкія аб''яднаньні, у якіх няма зарплат. Але, з другога боку, гэта салідныя людзі. Чаму тры прафэсары ня могуць прысвоіць званьня доктара ці кандыдата навук чацьвертаму чалавеку, калі яны галоўныя спэцыялісты ў гэтай сфэры? Так ува ўсім сьвеце ёсьць”.

Што да апошняга ўказу Лукашэнкі, то Лявон Баршчэўскі ацаніў яго так:

(Баршчэўскі: ) “Спроба загнаць усё ў дзяржаўнае стойла – гэта працяг сталінскай палітыкі (раз Лукашэнка сказаў, што для яго ўзор – Сталін). Ясна, што для яго важна, каб быў дзяржаўны Саюз пісьменьнікаў, усе дзяржаўныя акадэміі... Увогуле, хутка ўсіх апрануць у адну форму, прымусяць сьпяваць адну песьню. Нічога новага ў гэтым няма”.
XS
SM
MD
LG