Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі завяршылі рэканструкцыю і ўпарадкаваньне Аўгустоўскага каналу


Сяргей Астраўцоў, Горадня Зь сёньняшняга дня будаўнікі, закончыўшы працу, пакідаюць зону Аўгустоўскага каналу, што на паўночным захадзе Гарадзенскага раёну. Улады плянуюць адкрыць канал 24 чэрвеня. Яны спадзяюцца на прыбыткі ад міжнароднага турызму, зазначаючы, што ўклалі ў рэканструкцыю воднага шляху 37 мільярдаў рублёў. Цікавасьць да турыстычных магчымасьцяў аб’екту праяўляюць таксама суседзі-літоўцы.

Горадню наведаў днямі кіраўнік Віленскага павету Літвы Гінтарас Гібас. Размова з гарадзенскімі ўладамі была пра пашырэньне супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне турызму. Літоўскі прадстаўнік зацікавіўся магчымасьцямі Аўгустоўскага каналу. У прыватнасьці, літоўцы спадзяюцца, што турысты, якія з Польшчы будуць трапляць каналам у Нёман, затым будуць працягваць падарожжа па рацэ ў Літву, мяжа зь якой побач. Дарэчы, такі маршрут сапраўды праклалі польскія байдарачнікі.

Гінтарас Гібас таксама прапанаваў адкрыць на мяжы Вілешчыны і Гарадзеншчыны пункты спрошчанага пропуску, якія будуць працаваць ня толькі ў сьвяты, але ўвесь час, каб жыхары суседніх вёсак, часта сваякі, маглі без праблемаў наведваць адны адных, каб на мяжы не было чэргаў.

Кіраўнік дырэкцыі Аўгустоўскага каналу Іван Ціхан зазначае, што канал гатовы да адкрыцьця 24 чэрвеня, але дата яшчэ можа зьмяніцца. Мяркуецца, што на ўрачыстасьць прыедзе прэм’ер-міністар Сідорскі. Адкрыцьцё, паводле спадара Ціхана, адбудзецца ў двух месцах — на шлюзе “Чарток” і на гідравузьле “Дамброўка”. Дарэчы, каб хапіла вады, частку павінны падаць палякі, на чыёй тэрыторыі знаходзіцца асноўны адцінак каналу. Але з гэтым, паводле Івана Ціхана, праблемы ня будзе.

(Ціхан: ) “У нас зь імі ёсьць дамоўленасьці што да сумеснай эксплюатацыі, гэтыя пытаньні вырашаныя, будзе пададзена столькі вады, колькі трэба”.

Зацікаўленыя бакі разумеюць, што для нармальнага разьвіцьця турызму не павінна існаваць рэжыму памежнай зоны, у якой дагэтуль знаходзіцца Аўгустоўскі канал. Кіраўнік дырэкцыі каналу сьцьвярджае, што памежная зона па-ранейшаму застанецца, але ў пэўным сэнсе фармальна, патрабаваць спэцпропускаў у адпачыньнікаў ня будуць.

(Ціхан: ) “Я думаю, што гэтае пытаньне ня будзе стаяць ніякім чынам, бо ўсе разумеюць, што памежная зона – гэта памежная зона. Але не турбуйцеся: калі трэба, проста скажаце, што едзеце адпачываць на Аўгустоўскі канал – і ніякіх пытаньняў ня будзе. Будзе палегчаны рэжым для турыстаў, амаль што зьведзены да нуля”.

Пасьля адкрыцьця Аўгустоўскага каналу надзённым робіцца стварэньне турыстычнай інфраструктуры — гатэляў, кавярняў, крамаў і гэтак далей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG