Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўцекачы наладзілі пратэст у Чэхіі


Ганна Сурмач, Прага Сёньня, у сусьветны дзень уцекачоў, прыйшло паведамленьне ад беларусаў зь лягеру ўцекачоў з горада Кастэльца над Орліцай, што ў Чэхіі, дзе ў мінулую пятніцу адбылася акцыя пратэсту.

Частка ўцекачоў з Кастэльца над Орліцай лічыць, што адміністрацыя лягеру не забясьпечвае ім неабходных умоваў для жыцьця:

(Пётр: ) "Прычына была ўжо даўно, такая прычына, што ня маюць у пакоях ні разэткі, не могуць паставіць ні халадзільнік і нічога. Людзі жывуць, як у спэцкамэндатуры. А жыць даводзіцца вельмі доўга, па некалькі гадоў, і дзеці малыя, тут вельмі шмат дзяцей, ёсьць немаўляты. Сталася так, што на мінулым тыдні некалькі сямей з дзецьмі атруціліся ежай у сталоўцы, яны атрымалі мэдычнае пацьверджаньне, што гэта менавіта атручэньне ежаю. Спачатку яны абвясьцілі галадоўку".

Беларуска спадарыня Люба, якая мае 2-месячнае дзіця, прыняла непасрэдны ўдзел у гэтай акцыі пратэсту:

(Люба: ) "Напачатку мы папрасілі размову з дырэктаркаю. Яна вельмі непрыязна размаўляла і казала, што мы людзі з постсавецкай прасторы, калі нам не падабаецца, то можам ехаць дамоў. Мы склалі ліст да Міністэрства ўнутраных справаў. У панядзелак нашы мужчыны паехалі ў Прагу ў Міністэрства ўнутраных справаў, да дырэктаркі ўсіх лягераў. Размаўлялі там, растлумачылі прычыны. Іх добра выслухалі, паабяцалі, што да канца наступнага месяца разьбяруцца з сытуацыяй у лягеры.

Сёньня раніцаю нам не далі ежу, дзеці ішлі ў школу галодныя, ня мелі нічога з сабою. Нам сказалі, што можаце пачакаць, пакуль усе паядуць, можа, што застанецца. Засталося сьняданьне, але не далі. Сказалі, што можам узяць чорны хлеб і гарбату, і ўсё."

Мы зьвязаліся па тэлефоне з дырэктаркаю лягеру Іванаю Цоўфалавай. Сп-ня Цоўфалава пацьвердзіла, што сапраўды размаўляла ў пятніцу з удзельнікамі пратэсту, але дакладна не ведае, якія прэтэнзіі да адміністрацыі яны выказалі ў сваёй заяве на адрас Міністэрства ўнутраных справаў. Электрычныя разэткі ў пакоях будуць пастаўлены ў бліжэйшы час, адміністрацыя гатовая выканаць і іншыя пажаданьні ўцекачоў. Яна катэгарычна адмовіла факт атручваньня ў сталоўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG