Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: “Сёньня нацыя – гэта тыя, у каго адзін культурны код"


Радыё Свабода Напрыканцы мінулага тыдня на пытаньні слухачоў Радыё свабода адказваў намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, літаратар, дэпутат Вярхоўнага Савету дванаццатага скліканьня Лявон Баршчэўскі.

(Даніла: ) “Вы, спадар Баршчэўскі, нацыяналіст ці гуманіст?”

(Баршчэўскі: ) “Я гуманіст, але не бяз пэўнага піетэту да нацыяналістаў у станоўчым сэнсе. У тым сэнсе, што ў эпоху глябалізацыі старое паняцьце нацыі адышло ў нябыт.

Сёньня нацыя – гэта ня тыя, хто жывуць на адной тэрыторыі, а тыя, у каго адзін культурны код. Для каго Багдановіч, Купала, Караткевіч значаць больш, чым Пушкін, Лермантаў або Міцкевіч там ці Гётэ з Шылерам... Вось гэта і ёсьць культурны код.

Чалавек зь ім можа жыць у Амэрыцы (і жывуць там такія людзі), у Нямеччыне – паўсюль! Яны ёсьць нацыяй! Гэта ўжо ня проста супольнасьць, аб’яднаная тэрыторыяй... Іншая справа, для нашай нацыі фатальна, што яе трэба пашыраць, што яна замалая...

Застаецца нявысьветленай ідэнтыфікацыі чалавек, які яшчэ толькі намацвае свае культурніцкія арыенціры. Вось зь ім і трэба працаваць – трэба прыводзіць на нашыя арыенціры як мага больш людзей”.

(Спадар: ) “Вось гэтыя 70 зь нечым працэнтаў, якія выбралі беларускую мову паводле перапісу, гэта – моц і надзея беларушчыны?”

(Баршчэўскі: ) “На жаль, тут я мушу вас расчараваць. Большасьць заўсёды канфармісцкая. Яна лічыць, што лепш напісацца тым, чым называецца дзяржава – так надзейней, ня будзе праблем у жыцьці... Дзяржава Польшча – значыць паляк, дзяржава Беларусь – значыць буду беларусам...

Гэта яшчэ не культурніцкі патрыятызм. А культурніцкі – гэта калі вы схопіце за рукаў чалавека і скажаце: “Дарагі сябра, ня думаючы назавіце імя паэта!” Калі пачуеце ня “Пушкін” ці “Лермантаў”, а – “Купала, Багдановіч”, вось тады тое, што трэба...”

Чытаць поўны тэкст перадачы
XS
SM
MD
LG