Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянін ЗША Барт Франц Сылеван адпушчаны на волю


Любоў Лунёва, Менск Ці дэпартуюць амэрыканца зь Беларусі, днямі вырашыць Астравецкі аддзел грамадзянскай міграцыі. 16 чэрвеня патруль беларускіх памежнікаў затрымаў амэрыканца за тое, што ён знаходзіўся ў памежнай зоне без адпаведнага дазволу. Аўтамабіль Барта Сылевана забралі на штрафную стаянку, матываваўшы гэта тым, што дакумэнты на транспартны сродак былі аформленыя з парушэньнем мытнага заканадаўства.

Барт Франц Сылеван патлумачыў памежнікам, што прыехаў у памежную зону сустрэцца са сваёй даўняй знаёмай. Амэрыканец ня ведаў, што для гэтага патрэбен адпаведны дазвол, — ён лічыў, што дастаткова мець у пашпарце беларускую візу. Тым больш, што сёлета ў сакавіку амэрыканец ужо прыяжджаў у Астравец у госьці. Гэтым разам яго затрымалі паводле апэратыўнай інфармацыі — патрульныя ведалі, што жанчына чакае да сябе знаёмага амэрыканца.

Барт Сылеван прыехаў у Беларусь з тэрыторыі Ўкраіны, ён спачатку быў у Менску, а потым паехаў у Астравец. Памежнікі склалі пратакол на Барта Сылевана і накіравалі яго на разгляд у міліцыю. Намесьнік старшыні Дзяржкамітэту памежных войскаў Віктар Бутранец паведаміў “Свабодзе”:

(Бутранец: ) “Наша задача — затрымаць і высьветліць, зь якой мэтай, зь якімі дакумэнтамі чалавек зьявіўся ў памежнай зоне. Потым ужо перадаем у органы ўнутраных справаў для прыняцьця канчатковага рашэньня”.

Супрацоўнікі аддзелу грамадзянскай міграцыі мусяць вызначыцца наконт штрафных санкцыяў і вырашыць, ці дэпартаваць амэрыканца як парушальніка беларускага заканадаўства. Барт Сылеван ужо заплаціў 130 тысяч рублёў штрафу за тое, што знаходзіўся ў памежнай зоне без дазволу. “Фальксваген” амэрыканца зь літоўскімі нумарамі стаіць на штрафной стаянцы. Паводле мытнікаў, аўтамабіль быў аформлены з парушэньнем мытнага заканадаўства. Суд можа сканфіскаваць новы “Фальксваген” на карысьць дзяржавы.

Супрацоўнік прэсавай службы ўпраўленьня ўнутраных справаў Гарадзенскай вобласьці Ўладзімер Козыраў паведаміў Радыё Свабода, што пытаньне, ці дэпартуюць грамадзяніна ЗША зь Беларусі, вырашыцца неўзабаве.

(Козыраў: ) “Аўтамабіль “Фальксваген Гольф-Пола” часова забраны. Ён няправільна аформлены. Атрымліваецца, што ён на літоўскіх нумарах, і яго на мытні затрымалі ў Ашмяне. Аўтамабіль прызначаўся для вывазу з Рэспублікі Беларусь”.

Грамадзянін ЗША Сылеван мае турыстычны ваўчар і можа знаходзіцца ў Менску, пакуль будзе цягнуцца суд у справе канфіскацыі аўтамабіля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG