Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Бунт” ня ёсьць ані рухам, ані арганізацыяй


Радыё Свабода Група моладзі, якая правяла ў нядзелю гучную акцыю ў цэнтры Віцебску, ня ёсьць рухам. Гэта нефармальная ініцыятыва маладых людзей, якія пад заклікам “Бунт” зьбіраюцца ладзіць свае акцыі ў розных гарадах Беларусі, каб паказаць людзям, што перамены ў краіне магчымыя. Удзельнікі нядзельнай акцыі пратэсту ў цэнтры Віцебску Крысьціна Шацікава, Ірына Завадзкая, Тацяна Дзядок і Міхаіл Субач правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой абверглі паведамленьні, распаўсюджаныя шэрагам мэдыяў — тыя перадавалі, што ў Беларусі створаны новы апазыцыйны рух пад назваю “Бунт”.

Гаворыць Крысьціна Шацікава:

(Шацікава: ) “Бунт — гэта ня рух, не арганізацыя, не кампанія. Бунт — гэта ўнутраны пратэст тых людзей, якая калісьці выйшлі на плошчу 20 сакавіка. Бунт — гэта пратэст тых людзей, якія зь нейкіх прычынаў ня змаглі выйсьці на плошчу ў сакавіку. Гэта бунт ня толькі супраць дыктатарскага ладу, але і тых звадаў паміж апазыцыйнымі арганізацыямі й рухамі. Гэтым бунтам мы ня хочам аб’яднаць у нейкую адзіную арганізацыю ці рух людзей. Гэта заклік да таго, каб мы пачалі жыць прыязна”.

Акцыі, падобнай віцебскай, гэтыя маладыя людзі зьбіраюцца ладзіць і ў іншых гарадах Беларусі. Крысьціна Шацікава працягвае:

(Шацікава: ) “Так, як мы стаялі на плошчы ў сакавіку, так жа мы станем у любым іншым горадзе. Няхай гэта будзе не намётавае мястэчка, гэта будзе нешта іншае. Але мы пакажам усёй краіне, кожнаму чалавеку, які хоча нешта зьмяніць, што гэта магчыма. І што гэта ня так страшна, як здаецца”.

Падчас затрыманьня ў Віцебску, калі міліцыянты цягнулі Крысьціну Шацікаву ўніз з асьвятляльнай вежы амфітэатру, яна атрымала пашкоджаньні ад удараў аб парэнчы. Хаця міліцыянты яе адмыслова і ня білі, Крысьціна зьбіраецца падаць адпаведную скаргу ў пракуратуру.
XS
SM
MD
LG