Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэманстрацыя


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, чалавек-амфібія, "па блату"... Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Два разы ў год – 1 траўня і ў гадавіну кастрычніцкага перавароту – у Беларусі ладзіліся сьвяточныя дэманстрацыі. Хады са сьцягамі і партрэтамі правадыроў дэманстравалі пераемнасьць традыцый мінулых пакаленьняў, і ад самай раніцы гарадзкія вулкі скаланалі рэвалюцыйныя песьні і маршы. Паколькі гучнагаварыльнікі (у простай мове: мацюгальнікі) мацаваліся на значнай адлегласьці адзін ад другога, маршы ператваралася ў штосьці гучнае, бязладна-брахлівае, пазбаўленае належнага ідэалягічнага кантэксту. Сумбур замест музыкі задаваў тон і ўсёй урачыстасьці, надаючы ёй відарысы несур’ёзнасьці і нават камэдыйнасьці.

Давялося неяк пабачыць дэманстрацыю ў мястэчку Дзісна. Адбывалася яна на разьлеглым, ці не за польскім часам брукаваным пляцы.

– Няхай жыве гераічная рабочая кляса! – грымела над пляцам, і нешматлікая, негераічная з выгляду калёна работнікаў прамкамбінату – адзінага тутэйшага прадпрыемства – бязладна гукала: – Ура-а!

– Няхай жыве навукова-тэхнічны прагрэс! – і рэха натхнёнага голасу доўга блукала між драўляных дзісенскіх хат і надворных прыбіральняў.

У маім родным Наваполацку навукова-тэхнічны прагрэс буяў напоўніцу, атручваючы нафтахімічным смуродам навакольле. Аднак і ён не гарантаваў арганізатараў урачыстасьці ад прыкрых неспадзевак.

– На плошчу Будаўнікоў выходзяць работнікі ордэна Леніна трэста №16 “Нафтабуд”. Сьцяг ардэнаноснай арганізацыі нясе брыгадзір мантажнікаў К., – з камсамольскім запалам выгукнуў аднойчы Лёва Мятла – хлопец, які агучваў дэманстрацыі. – А тым часам знатны брыгадзір сядзеў у выцьвярэзьніку.

Дэманстрацыя тым часам ішла сваёй дарогай, і над людзкой плыньню, заглушаючы дружны сьмех брыгадзіравых сяброў і знаёмцаў, грымеў магутны вокліч:

– Свабоду змагарам за мір і сацыяльны прагрэс!

Грымотнае водгульле кацілася за далягляд, і яго, магчыма, мог чуць адзін з такіх зьняволеных – беларускі правабаронца Міхал Кукабака, які сядзеў тады на наваполацкай зоне.

Сёньня працоўныя ўжо і забыліся – калі апошні раз хадзілі з чырвонымі сьцягамі і партрэтамі правадыроў у руках. Аднак ня сёньня дык заўтра вольніца можа скончыцца. Гераічная рабочая кляса ізноў сшыхтуецца ў калёны і рушыць дарогай бацькоў на сьвяточную дэманстрацыю.
XS
SM
MD
LG