Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вадалазкі


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, чалавек-амфібія, "па блату"... Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

У 1968 годзе на экраны краіны выйшаў фільм “Брыльянтавая рука”, вясёла-бязглуздыя песенькі зь якога сталі трансьлятарамі грамадзкага сьветапогляду эпохі (“А нам всё-равно…”), а маднючыя апранахі кінагероя Казадоева (крымпленавы гарнітур ды блакітная вадалазка) – блакітнаю мараю тадышніх маладзёнаў.

Таго ж году самыя няўрымсьлівыя й матэрыяльна забясьпечаныя маладыя беларусы выправіліся на рыскія ды віленскія кірмашы – шукаць “казадоеўскія” вадалазкі, але пажадныя апранахі зьявіліся там толькі праз пару гадоў. Іх пачалі завозіць з Польшчы, і былі яны не блакітнага, а белага колеру. Зрэшты, пасьля першага ж мыцьця польская сынтэтыка расьцягваліся, асабліва на шыі, і набывала жаўтушную водцень. Дадамо таксама, што цела пад ёю ня дыхала, але такую абставіну ніхто ня браў да ўвагі. Больш таго: паўзьверх вадалазкі, нават цёплым днём, насоўвалі квяцістую кашулю. Дзяўчыны тым часам ганяліся за “вадалазам” чорнага колеру. Паводле тадышняй моды, на шыю яшчэ трэба было павесіць залаты ланцужок з кроплей бурштыну.

Называю мадняцкую рэч вадалазкай і грашу супраць праўды. Насамрэч, мы яе менавалі больш рамантычна: бітлоўка. Тлумачыць этымалёгію слова залішне. Хаця больш дакладна апранаху трэба было назваць ленанаўкай. Бо менавіта Джон Ленан, пачынаючы з 1965 году, фігуруе на фотаздымках у белым “вадалазе”.

Цягам дзесяцігодзьдзя набыць бітлоўку можна было толькі ў спэкулянтаў (слова “фарца” тады яшчэ не нарадзілася). Адпаведна, каштавала яна 30 рублёў – гэта траціна месячнага інжынэрскага заробку. Былі, праўда, і больш танныя, з гузікамі на карку, але іх сур’ёзныя людзі не надзявалі.

Нарэшце, за траяк можна было разжыцца “вадалазнай” манішкай (маю на ўвазе ня меднае вадалазнае начыньне, а гарлавіну бітлоўкі). Яна прыкрывала толькі горла. Зручная рэч, як сьцьвярджалі знаўцы. Нацягнуў на шыю, паўзьверх кашулю – і йдзеш на танцы. Пры гэтым цела не абцягвае сынтэтыка, падпахі ня прэюць, сьпіна ня сьвербіць, валасы не стаўбурыцца ад залішняй электрастатыкі. І наагул: пачуваеш сябе свабодным чалавекам. Ну а калі манішка пачарнее ад поту і пылу, варта яе толькі вывернуць – і яна ізноў лагодзіць зрок некранальнай белатою. І, галоўнае, усе наўкол глядзяць з зайздрасьцю: гляньце, на ім вадалазка!
XS
SM
MD
LG