Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што са спадчыны Васіля Быкава самае важнае для беларускіх вайскоўцаў?


Радыё Свабода Пытаньне тыдня наша карэспандэнтка задавала сёньня менскім вайскоўцам.

(Вайсковец: ) “Мне падабаюцца ягоныя старыя кнігі. Тое, што ён пісаў апошнімі гадамі, калі жыў у Нямеччыне, Чэхіі, Фінляндыі, я далёка ня ўсё разумею. Ваенная проза, “Сотнікаў” — тое, што я помню й ведаю добра. Тое, што засталося”.

(Вайсковец: ) “Чытаў я ягоныя творы — піша лёгка, добра пра Беларусь, пра жыцьцё. Прыемна й лёгка чытаецца. Не магу сказаць за ўсіх вайскоўцаў — асабіста мне Васіль Быкаў як пісьменьнік вельмі падабаецца. За іншых сказаць не магу”.

(Вайсковец: ) “На жаль, ня помню творчасьці Васіля Быкава, нічога не магу сказаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Што са спадчыны Васіля Быкава для вас самае важнае?”

(Вайсковец: ) “Ня ведаю я пра яго нічога. Так, у школе праходзілі некалі — і ўсё. Даўно гэта было, і ўжо ня памятаю”.

(Вайсковец: ) “Мне найбольш важнае ягонае праўдзівае апісаньне Вялікай Айчыннай вайны. Ягоныя творы менавіта на тэму вайны. Я чытаў, і мяне вельмі гэта закранула. Бо гэта нашая гісторыя. І гэта ня тая гісторыя, напісаная ў падручніках, а тое, што было насамрэч. А ён пісаў так, як было насамрэч”.

(Вайсковец: ) “Вайскоўцы — яны такія ж людзі, як і іншыя, як і вы, журналісты. Мы тыя ж газэты й кнігі чытаем, а таму й стаўленьне да Быкава такое, як і ў іншых людзей. Я вельмі паважаю гэтага пісьменьніка, бо ў яго вайсковая тэматыка пададзеная вельмі сакавіта. І я лічу, што нават калі хто й не чытаў Быкава, а глядзеў кіно, зьнятае паводле ягоных твораў, то ўжо з гэтага запомніў Быкава менавіта як пісьменьніка вайны. Усе ягоныя творы актуальныя й на сёньняшні дзень, бо яны патрыятычныя, яны жыцьцёвыя, яны з глыбіняў народу ідуць і пра народ напісаныя. Таму я лічу, што гэты пісьменьнік будзе яшчэ доўга жыць — як народны пісьменьнік, як трыбун, бо тыя праблемы, якія ён падымаў, яны жыцьцёвыя”.
XS
SM
MD
LG