Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: затрыманьні й допыты моладзевых актывістаў


Радыё Свабода Адразу пасьля судовага працэсу, дзе Крысьціне Шацікавай вынесьлі прысуд адразу паводле трох артыкулаў адміністрацыйнага заканадаўства і аштрафавалі на 150 базавых велічыняў (гэта 4 мільёны 650 тысяч рублёў), яе зноў затрымалі міліцыянты.

Дзяўчыну вывелі з будынку суду праз запасны выхад і павезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. Туды ж неўзабаве прывезьлі яшчэ чатырох моладзевых актывістаў, якіх затрымалі гэтак жа — пасьля абвяшчэньня пастановы ў Чыгуначным раённым судзе Віцебску. Аштрафаваным на адну базавую велічыню Івану Бурыкіну і Сяргею Шабанаву міліцыянты сказалі, што ў райаддзеле неабходна падпісаць нейкія паперы. Па дарозе туды іх затрымалі разам зь сябрамі — Дзянісам Дзянісавым і Яўгенам Бабковічам.

У Кастрычніцкім райаддзеле ўсіх затрыманых дапыталі як сьведкаў у крымінальнай справе — што за справа, ім дакладна не патлумачылі. Паводле меркаваньня праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, справу маглі завесьці паводле зьместу ўлётак ды графіці.

(Сьвецік: ) “Я з хлопцамі гэтымі размаўляў, і яны сказалі, што ім толькі паведамілі, што крымінальная справа распачатая. І зьвязаная яна з графіці, з гэтым транспарантам, ці расьцяжкай, дзе было напісана слова “Бунт”. І былі ж яшчэ ўлёткі, дзе было напісана “Бунт” і заклік да супраціву рэжыму Лукашэнкі. Усе гэтыя намёкі можна ўспрыняць як пагрозу”.

Пасьля допыту ўсіх затрыманых хлопцаў адпусьцілі, а Крысьціну Шацікаву пасадзілі ў міліцэйскую машыну ды вывезьлі ў невядомым кірунку. Сябры меркавалі, што яе могуць павезьці зноў у ізалятар часовага ўтрыманьня, але гэтага ня здарылася. Таму, паводле яшчэ аднаго віцебскага праваабаронцы, Паўла Левінава, ён мусіў зьвярнуцца ў міліцыю з заявай пра супрацьзаконнае выкраданьне чалавека.

(Левінаў: ) “Ніхто ж не казаў, куды яе павезьлі. Маглі ж проста вывезьці кілямэтраў за сорак ад гораду! І таму я зьвярнуўся ва ўправу ДАІ і ў абласны аддзел унутраных справаў з вуснай заявай пра выкраданьне грамадзянкі Шацікавай на машыне з бартавым нумарам 32-19. Там пачалі разьбірацца й паведамілі нам, што яе вязуць дадому: “Ой, вы ведаеце, яе павезьлі ў Магілёў!”. Тады я кажу: “Што гэта, паслуга такая ёсьць цяпер? Дык я, ці ведаеце, не магу білетаў да Сімфэропалю дастаць”. На што мне адказалі: “Прыходзьце, падкінем!”

З усіх затрыманых цягам двух папярэдніх дзён актывістаў у Віцебску застаўся толькі Іван Сьпірын. Яго затрымалі каля амфітэатру ў суботу, 17 чэрвеня, і ўчора асудзілі паводле абвінавачаньня ў “дробным хуліганстве” і “непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі”, якое выявілася ў тым, што хлопец пратэставаў супраць агляду асабістых рэчаў. Судзьдзя Валянціна Міхасёва пакарала яго 15 суткамі арышту, які ён мусіць адбыць у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG