Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы, беларусы, можам абурыцца толькі тады, калі нас агрэюць абухом па галаве — зьнянацку і балюча”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 18 чэрвеня).

Палітычнае зацішша, звычайнае для сэзону летніх адпачынкаў, адбілася і на пошце “Свабоды”. Менш стала ў лістах эмоцыяў і дыскусіяў, больш — стрыманасьці, роздуму і спробаў зазірнуць у будучыню. Многія нашы слухачы, азіраючыся на падзеі мінулых гарачых месяцаў і аналізуючы іх наступствы, у сваіх допісах схіляюцца да думкі, што ніякіх значных палітычных узрушэньняў у Беларусі ў блізкім часе чакаць ня варта. Чаму? Вось як адказвае на гэтае пытаньне выкладчык зь Менску Алег Савосьцікаў:

“Усе ў вас на “Свабодзе” зьдзіўляюцца: чаму гэта ніхто не зьвяртае ўвагі на галадоўку дзясятка маладых апазыцыянэраў? А па-мойму, усё зусім зразумела і заканамерна. Беларусы пасьля выбараў супакоіліся і ўвогуле не цікавяцца палітыкай. Жыцьцё больш-менш стабільнае; на дварэ — лета, час адпачынкаў і лецішчаў. Ніякіх узрушэньняў у блізкай будучыні не прадбачыцца. Апазыцыя можа спакойна разыходзіцца на канікулы. Ніякіх значных падзеяў у Беларусі да новага году ня будзе. Вось калі Масква ажыцьцявіць свае пагрозы і задзярэ цэны на газ да двухсот даляраў — тады, можа, нешта і варухнецца. І тое — ня факт. Мы, беларусы, можам абурыцца толькі тады, калі нас агрэюць абухом па галаве зьнянацку і балюча. А вось калі будуць заціскаць і калечыць пакрысе — мы прызвычаімся. Думаю, Лукашэнка выдатна ведае гэтую асаблівасьць свайго народу, а таму зробіць усё магчымае, каб падвышэньне да тых жа двухсот даляраў расьцягнуць на як мага больш даўгі тэрмін: найлепш на некалькі гадоў. За гэты час беларусы да ўсяго прызвычаяцца, і нават асабліва не заўважаць, што сталі жыць горш”.

Зусім магчыма, спадар Савосьцікаў, што так і адбудзецца. Варта, аднак, мець на ўвазе, што танныя энэрганосьбіты беларускім уладам удаецца атрымліваць ад Расеі ўжо на працягу больш як дзесяці гадоў. Бясплённая інтэграцыйная кампанія Маскве яўна надакучыла, і вялікай ахвоты працягваць абмен таннага газу на братэрскія пацалункі і абяцаньні Крэмль не выказвае. Просьбы пра новыя адтэрміноўкі, зь якімі цяпер рэгулярна езьдзяць у Маскву высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, гэтак жа рэгулярна расейскімі чыноўнікамі адхіляюцца. І пакуль што нішто ня сьведчыць пра тое, што гэтая пазыцыя можа быць зьмененая.

Ліст зь вёскі Кальчуны Ашмянскага раёну, ад нашага апанэнта, пэнсіянэра Канстанціна Кузьмянка:

“Слухаю я вас і абураюся. І тое вам ня так, і гэта ня гэтак. Паклёп і ачарненьне. Калі што ў нас ня так робіцца — вы дапамажыце: ня словам, а справай. Крытыкуеце ўладу за занядбаныя Курапаты? Дык выйдзіце самі на добраўпарадкаваньне. Чую па вашым радыё такія факты, што аж валасы дыбам. Хіба можна публічна на ўсю краіну так казаць пра нашых кіраўнікоў, выказваць такое падазрэньне на іх адрас? Ці наконт правоў чалавека — нібыта яны ў нас заціскаюцца. Правільна, заціскаюцца. Дык вы ж самі ў гэтым вінаватыя. І правільна робіць прэзыдэнт, што ўводзіць цэнзуру. Нейкая мера павінна быць. Вы самі гэта заслужылі, іншага выйсьця ва ўлады не было. А то надыдзе анархія. Хаця, напэўна, вас у гэтым не пераканаеш. А апазыцыі перадайце — не з таго яна пачынае. Калі хоча прыйсьці да ўлады, няхай спачатку навучыцца падпарадкоўвацца нашаму закону. А не выконвае закон, выходзіць на плошчу, паклёпнічае — дык і атрымлівае ад улады па заслугах”.

Сродкі масавай інфармацыі, спадар Кузьмянок, існуюць для таго, каб паведамляць людзям цікавыя і важныя для іх навіны. Адзначу: усе навіны, а ня толькі тыя, што прыемныя для ўлады. Калі на вуліцах у цэнтры Менску адбываецца масавая мірная дэманстрацыя пратэсту супраць вынікаў выбараў, а ўлада гвалтам разганяе яе і арыштоўвае ўдзельнікаў — то нашым слухачам цікава і важна ведаць падрабязнасьці і камэнтары тых, хто мае да гэтага дачыненьне. Калі ў Курапатах невядомыя вандалы апаганьваюць магілы ахвяраў сталінскіх расстрэлаў — мы таксама апэратыўна пра гэта паведамляем. Не журналісты, а ўлады адказныя за тое, каб не былі занядбанымі мэмарыялы, каб людзі маглі свабодна выказваць свае погляды, у тым ліку і мірна пратэставаць на вуліцах гарадоў супраць тых дзеяньняў улады, якія яны лічаць недэмакратычнымі й незаконнымі.

Аўтар наступнага ліста — актывіст Партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы Зьміцер Вінаградаў зь Мядзелу. Ён распавёў пра сумную гісторыю свайго аднадумца і сябра Генрыха Адамовіча, які жыве ў пасёлку Сьвір. Слухач піша:

“У яго нялёгкі лёс. Жыве адзін, сям’і ня мае. Але гэта вельмі таленавіты, шчыры і сьмелы чалавек. Мае выдатныя музычныя здольнасьці й прыгожы пявучы голас. Калісьці, працуючы настаўнікам у мясцовай школе, арганізаваў цудоўны моладзевы хор, якому не было роўных у раёне (і ня толькі). Таксама актыўна шчыраваў у Сьвірскім Мікалаеўскім касьцёле — граў на аргане і сьпяваў. Акрамя таго, Генрых Браніслававіч — сябра Саюзу палякаў (сапраўднага Саюзу, а не праўладнага). І займае актыўную грамадзянскую пазыцыю, як беларускі паляк, які не прыняў цяперашнюю ўладу. Ён марыць аб свабоднай Беларусі. І яму цяпер вельмі і вельмі цяжка і балюча. Бо мясцовая ўлада спрабуе ізаляваць яго рознымі спосабамі ад людзей, ад моладзі. Яму адмовілі ў працы ў школе, хаця яго талент і арганізатарскія здольнасьці так патрэбны мясцовай моладзі. Хору ў школе ўжо няма — засталіся адны горычныя ўспаміны аб былым неабыякавых людзей. Яго б і запрасілі ў школу, ды ўлада не дазваляе. Улада папярэдзіла і мясцовага ксяндза. І сьвятар паслухаў начальнікаў, бо таксама залежны. І цяпер спадару Генрыху няма дарогі і ў касьцёл”.

Напрыканцы свайго ліста Зьміцер Вінаградаў зь Мядзелу просіць, каб нашы журналісты пры магчымасьці зьвярнулі ўвагу на гэтую сытуацыю, каб пра яе даведалася грамадзкасьць.

“Як магу, я падтрымліваю спадара Адамовіча. Мы разам працавалі на выбарах — таму і прашу за яго”.

Мы, спадар Вінаградаў, зьвяжамся з Генрыхам Адамовічам і пры нагодзе больш падрабязна раскажам слухачам “Свабоды” і пра яго, і пра сытуацыю, апісаную ў вашым лісьце. Становішча, у якім апынуўся спадар Адамовіч, — тыповае для многіх актывістаў Саюзу палякаў, якія не пажадалі адмаўляцца ад сваіх прынцыпаў і ўступаць у праўладны Саюз, створаны пад ціскам чыноўнікаў. У свой час, год таму, калі ў Саюзе палякаў адбываўся раскол, мы надавалі гэтай тэме шмат увагі. Як відаць зь ліста, наступствы таго крызісу для многіх людзей драматычным чынам уплываюць на паўсядзённае жыцьцё і цяпер.

Наш слухач Васіль Цюхай зь Беразіна Менскай вобласьці ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра недасканаласьць сыстэмы, пры якой уладу грамадзтва выбірае з дапамогай працэдуры галасаваньня.

“Галасаваньне — гэта перамога большасьці, але далёка не заўсёды — справядлівасьці. Голас, бюлетэнь — гэта не чалавек. А ўлічваць варта было б не паперкі ці паднятыя рукі, а аргумэнты, інтэлект, абгрунтаваньні, якіх у аднаго чалавека можа быць шмат, а ў другога — зусім ня быць. Роўнасьці ў сьвеце ўвогуле не бывае — ні паводле маёмасьці, ні паводле розуму, ні якой іншай. Усе людзі — розныя. У дэмакратычных краінах лепшае жыцьцё не таму, што там ёсьць галасаваньне, а таму, што ёсьць прыватная ўласнасьць. І закон там мае абмежаваную ўладу над прыватнай уласнасьцю. А ў дыктатарскіх краінах, калі маеш прыватную ўласнасьць, апынаесься па-за законам. То бок, больш свабодны той, хто ўласнасьці ня мае”.

У дэмакратычных краінах, спадар Цюхай, ёсьць і гарантаваная законам прыватная ўласнасьць, і падзел уладаў, і незалежны суд, і свабода прэсы, і справядлівая выбарчая сыстэма, пры якой людзі маюць магчымасьць кантраляваць і хаду галасаваньня, і падлік галасоў. Усё гэта і ёсьць падмуркам дэмакратыі, да якой цывілізаваны сьвет ішоў доўгія стагодзьдзі, экспэрымэнтуючы з рознымі сыстэмамі ўлады. Часам гэтыя экспэрымэнты чалавецтву вельмі дорага каштавалі.

Вядома, не ідэальная і дэмакратычная сыстэма. І часам менавіта з дапамогай дэмакратычных інстытутаў і працэдураў да ўлады прыходзяць самыя адыёзныя дыктатары, якія тут жа вынішчаюць усе дэмакратычныя заваёвы дзеля ўтрыманьня асабістай улады. (У гісторыі апошняга стагодзьдзя так неаднойчы было, і беларусы ведаюць гэта лепш за іншых.) Але нічога больш дасканалага і справядлівага за дэмакратычнае ўладкаваньне свайго жыцьця чалавецтва пакуль не прыдумала.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Міхаіл Лысевіч зь Ліды, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну, Барыс Гудзімчык з Карэліцкага раёну, Ільля Копыл зь Менску і Аляксандар Кіб з украінскага Жытоміру.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG